Гарадная і для нас дарагая

Гарадная і для нас дарагая

IMG_23841.

IMG_22652.

IMG_24113.

IMG_22614.

IMG_24275.

Рэпартаж з ІV Міжнароднага пленэра ганчароў на Століншчыне

Я думаю: хто ёсць ганчар,
І з кім яго сябруе дар?
Ганчар — а ён душой мастак —
Мне адказаў з усмешкай так:
“Мой першы сябра — творчы дух.
Другі — ганчарны добры круг.
Два сябры — кожная далонь.
І пяты сябра мой — агонь”.

Вандроўка па… Жабінкаўшчыне
(замест уступу)

Падарожжа з Жабінкі да Гарадной пачалося з сюрпрызаў. Нечаканых, але прыемных.
Да Пінска разам з рэдактарам радыёвяшчання “Веснік Жабінкаўшчыны” Алёнай Адамаўнай Ніканчук, карэннай гараднянкай, даехалі цягніком — эканом-класа. Далей спатрэбілася шукаць “раскошу-клас”, бо да Століна пакуль нельга дабрацца чыгуначным шляхам.
На бэйджыку таксіста значылася “Цупа В.Г.”, таму пацікавіліся, ці не мае ён сваякоў у Жабінцы. Уладзімір Рыгоравіч пацвердзіў:
— Ёсць, але не Цупы, а Бут-Гусаімы.
У дарозе кіроўца ўзяў новых пасажыраў. І якім было наша здзіўленне, калі адной з іх аказалася гераіня нядаўняй публікацыі ў “Сельскай праўдзе”, яшчэ адна столінка Алена Фёдараўна Макасюк (Яроміч), што жыве ў Жабінцы ў… суседнім доме на Зарэчнай!
Натуральна, размова пачала “круціцца” вакол тэмы “Столінцы і Жабінка”. Алёна Адамаўна паабяцала завочную “экскурсію” ў дарозе. І хутка пачалося:
— Вёска Калоднае — радзіма Святланы Міхайлаўны Кужко, дырэктара трэцяй гарадской школы ў Жабінцы… А вунь — Глінка — адтуль хірург Галіна Мікалаеўна Лузько (вы пра яе, тады яшчэ Курак, пісалі год таму)…
Хутка загучалі і іншыя столінскія прозвішчы, што здаўна прапісаліся на Жабінкаўшчыне: Дарошкі, Грышкі, Крукі, Вабішчэвічы, Кудласевічы, Мазалі… Адтуль, са Століншчыны, старшыня СВК “Рагазнянскі” Аляксандр Васільевіч Семянюк і старшыня Ленінскага сельвыканкама Юрый Данілавіч Кадоліч, намеснік галоўнага ўрача Жабінкаўскай ЦРБ Леанід Пятровіч Карповіч і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Кацярына Мікалаеўна Сіда (Палынь), настаяцель Чыжэўшчынскай царквы айцец Анатоль Пучынскі і святарскі род Петрусевічаў…
— Непасрэдна з Гарадной, — дадала Алёна Ніканчук, — фельчар хуткай дапамогі Людміла Шпудзейка (Яроміч), медсястра Людміла Ляшко, настаўніца Святлана Піліпаўна Пешка і яе муж Васіль Мікалаевіч.
Да таго ж і самы праслаўлены жабінкаўскі род Касцюшкаў мае вытокі з Гарадной. 450 гадоў таму яго заснавальнік Касцюшка Фёдаравіч разам з братам і сястрой валодалі Гарадной. Аднак славу сваю прадстаўнікі сям’і набылі ўжо на нашай зямлі, дзе сталі Касцюшкамі-Сяхновіцкімі.

Алімпіяда і пленэр

Кожны, хто завітаў на пленэр, перш-наперш трапляў да Алімпіяды Дзмітрыеўны Леанавец (здымак 2). У гаспадыні свята настолькі моцная энергетыка, што літаральна ашаламіла сталічнага журналіста Уладзіміра Субата, які ў час экскурсіі апусціўся на калені, здымаючы, як жанчына вядзе слухачоў ад стэнда да стэнда па музеі ганчарства.
Каб загартавацца, вырабам з гліны неабходна сустрэцца з агнём. Каб узнік гэты міжнародны фэст, спатрэбіўся жар іншы — думак і жаданняў дырэктара гараднянскага Цэнтра ганчарства Алімпіяды Леанавец і кіраўніка праекта Ларысы Быцко. Дзякуючы ім праз кожныя два гады гараднянскае кола злучае майстроў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Грузіі, Літвы, іншых краёў блізкіх і дальніх.
Ужо некалькі стагоддзяў Га-радная — сталіца ганчарства. Тутэйшыя высакаякасныя гліны — унікальныя на ўсю Еўропу. Іх паклады, што дасягаюць дзесяці метраў у таўшчыню, здаўна абумовілі промысел, які карміў не адно пакаленне. (Ці зразумелі цяпер, адкуль суседняя вёска Глінка ўзяла назву?)
Сёлетні пленэр таксама пачынаўся з паездкі на драбінах у кар’ер, дзе ляжаць тыя цудадзейныя гліны. У майстравых руках, у спрактываных рухах, вымятыя ўмельцамі, бы цеста для караваю, з дапамогаю “сябра — ганчарнага круга”, гліны павінны былі стаць збанамі ды банькамі, палякамі ды непаўторнымі мамзэлькамі.

“Два сябры — кожная далонь”

Цяпер ведаю пра майстра, у каго сябра быў толькі адзін, — але які!
Увечары ўдзельнікі пленэра чарадою рушылі да закінутай хаты Мацвея Пячонкі. Тут самабытны ўмелец-аднарук да самай смерці ствараў гліняныя шэдэўры, гадаваў чацвёра дзяцей. Старэнькая суседка, калі пабачыла “паломніцтва”, вынесла пару Мацвеевых збанкоў, падаравала іх музею і Віталю Шапялевічу. Той беражліва прыняў дар і ўсё паўтараў, бы малітву:
— Гэта не магчыма… дасканала, цудоўна… Адной рукой! І пры гэтым у такім дамку здолеў “падняць на ногі” чацвярых дзяцей!
Што такое цуд мастацтва і шматдзетнасць малады майстар з вёскі Чудзін Ганцавіцкага раёна ведае дакладна. Ён — бацька шасцярых дзяцей, аўтар вялікай колькасці ўнікальных вырабаў, створаных у тэхніцы абварной керамікі. Віталь паказаў у гэтым майстар-клас: сярод густой пары спрытна даставаў з 900-градуснай печы посуд і, акунаючы яго ў адвар з капуснага расолу і жытняй мукі, кожны раз ствараў на ім непаўторныя ўзоры (здымак 1). Ужо праз паўгадзіны шэдэўры ад Шапялевіча занялі месца ў музейнай экспазіцыі.

Пра палякаў і ўкраінцаў

Кожная журналісцкая вандроўка прыносіць невядомыя раней трапныя выразы, дапаўняе новым сэнсам старыя словы.
У Гарадной “сустрэўся” з палякам. Ён стаяў у музеі, меў салідны ўзрост — 300 гадоў! — і быў вынікам працы невядомага майстра, з ім сфатаграфавалася Алёна Ніканчук (здымак 4). Палякамі ў гэтай мясцовасці завуць не толькі жыхароў Польшчы, але й вялізныя гаршчкі, куды месціўся пуд зерня!
— Паляк — бо тоўсты, як пан, —  тлумачыла Алімпіяда Дзмітрыеў-на. — Неяк у вайну гараднянцы падаліся ў бежанцы, закапалі паляка. А як праз гады вярнуліся, дасталі з зямлі, зерне пасеялі і — узышло!
Я зірнуў на паляка Крысціяна Новака, які пра нешта ціха пытаўся ў літоўца Дзейвідаса Ётаўціса (ганчарам бывае лёгка знайсці агульную мову) (здымак 3). А затым спытаўся ў Владаса Лукашэвічуса:
— Вы таксама з Літвы?
— Не, з Калінінграда, мяне там усе завуць украінцам! — весела адказаў умелец. — Бо гандлюю вырабамі ля гасцініцы “Украіна”.
“Украінская” тэма ў Гарадной згадвалася не аднойчы.
Адразу за вёскай — пагранічная застава, і ўдзельнікам пленэра давялося на ёй адзначацца. Хоць да Украіны — шапкай дакінуць, шлях на фэст для львоўскіх ганчароў выдаўся надта пакручастым.

Божая справа

Затое ніякіх праблем не адчула ў дарозе Таццяна Галаванава (здымак 5). Яна — прызнаны майстар, галоўны мастак ЗАТ “Скапінская мастацкая кераміка” (Разанская вобласць), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расіі, чые творы экспануюцца ў 26 музеях. Да таго ж, Таццяна — арганізатарка міжнародных фестываляў ганчароў, куды збіраюцца сотні(!) умельцаў з усяго свету (былі ў Скапіне, вядома, і берасцейцы).
У Гарадной Галаванава ў трэці раз, таксама як і нараджэнец Драгічынскага раёна Васіль Логвін. Ён, вучань вядомага пружанскага майстра Такарэўскага, дыпламант шматлікіх рэспубліканскіх святаў-конкурсаў ганчарства, ужо 35 гадоў выкладае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў СШ №10 г.Брэста. Таму Васіль Іванавіч цудоўна разумее, наколькі важна не зарываць талент у зямлю, а перадаваць свае ўменні маладым.
Ганчарства — гэта ж Божая справа.
Сам Стваральнік быў ганчаром, калі ляпіў Чалавека.

“Няма таго, што раней было”?
(замест заключэння)

Падарожжа ад Гарадной да Жабінкі было ўжо без прыгод, разам з Міколам Пракаповічам і здымачнай групай яго тэлепраграмы “Край”. Выходзячы з машыны, сутыкнуўся з Мікалаем Сідзяковым.
— З камандзіроўкі? — пацікавіўся былы аднакласнік.
—  Ды быццам і не ад’язджаў…
Аднак зірнуў на родную СШ №1 і ў думках паправіўся: ёсць розніца… Абедзве школы — і гараднянская, і жабінкаўская — збудаваныя па адным праекце. Чвэрць стагоддзя назад і там, і тут было прыблізна дзевяць соцень вучняў. Зараз ў Гарадной іх засталося ўсяго 89… Выхадцы з былога мястэчка “асвойваюць” свет: ад Беларусі да Расіі, Італіі, Ізраіля… Для гэтага “зыходу” шмат прычын, найгалоўнейшая — Чарнобыль. Пра небяспеку радыяцыі, што закранула тыя казачныя мясціны, дасюль нагадвае шыльда за сялом…
Вясной 2010 года традыцыйны ганчарны промысел вёскі Гарадная ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Тым старадаўнім умельствам валодаюць усяго сямёра патомных ганчароў — раней былі дынастыі…
Таму добра, што адраджаем і захоўваем. Добра, што спахапіліся ў час.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. Читая эту статью , я снова окунулась в детство и юность , прошлась по улицам нашей деревни Городная , вспомнила красоту ее природы, и наших талантливых людей которые жили и живут в деревне . Ещё в детстве помню , меня удивлял талант Матвея Печонко , как можно , одной рукой , создавать такие произведения искусства.С одной из дочек мастера ,с Ольгой Печонко , я училась в одном классе и мы некоторое время сидели за одной партой , и я помню ,интересовалась у Ольги , как это можно одной рукой создавать такие работы , на что Оля очень скромно отвечала , что не знает , делает и все. Мне это было интересно ещё и потому что я тоже из семьи Гончаров , мой дед Ковалько Семён Игнатьевич всегда занимался гончарным делом , мой отец Ковалько Филипп Семёнович, тоже занимался гончарным делом , поэтому наблюдала весь технологический процесс этого производства и знаю какой это тяжелый труд . Очень радует что в Городной есть такие энтузиасты как Леоновец Олимпиада Дмитриевна, человек который всегда вселял дух жизни ,как в учеников в школе так и в жителей деревни!И как здорово что появился такой большой праздник « Плэнар»для жителей Городной , что бы они смогли все встретится , повеселится , показать свои работы , которые стали известны далеко за пределами Белоруссии! А ещё радует , что семья Дорожко Алла Павловна и Адам Алексеевич вырастили талантливых журналистов в лице дочки Алены и внучки Дарьи , благодаря которым освещаются столь интересные события . И конечно ,огромное спасибо журналисту Анатолию Бензерук за эту статью .

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top