Выбар на карысць чыгункі

Выбар на карысць чыгункі

IMG_1328“Што самае цяжкае ў працы? Напэўна, з усімі знайсці агульную мову, умець выслухаць людзей
і прыняць правільнае рашэнне”, — лічыць наладчык чыгуначных машын і механізмаў, па сумяшчальніцтве в.а. майстра дыстанцыі пуці Аляксей Мікалаевіч Ягорчанкаў.
У арганізацыі ён працуе з 2006 года. Прыйшоў сюды адразу пасля заканчэння Брэсцкага чыгуначнага тэхнікума.
— Я родам з вёскі Пелішча, — расказвае Аляксей. — Некалькі маіх аднакласнікаў марылі звязаць сваё жыццё з чыгункай. У старэйшых класах таксама прыняў рашэнне працаваць на чыгунцы і дагэтуль ніводнага разу не пашкадаваў аб выбары прафесіі.
Узгадвае Аляксей свае першыя ўражанні ад калектыву дыстанцыі пуці — і з’яўляецца цёплая ўсмешка. Маладога спецыяліста тут прынялі вельмі добра. Навучалі, раілі, падказвалі. Былому майстру Сяргею Паўлавічу Літвіновічу і наладчыку Паўлу Паўлавічу Іваноўскаму за навуку вельмі ўдзячны. І стараецца не падвесці. Яму падначалена брыгада слесараў, разам з якімі праводзіць тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіляў і трактароў, матавозаў, аўтаматрысы, пуцерамонтных лятучак. Таксама адказны за спраўную работу так званай малой механізацыі — электрастанцый, бензарэзаў, пуцявога інструмента.
— Вось аформлю пуцявыя лісты і распачнем працу, — кажа Аляксей. — На сёння ў планах — замена грузавога троса ў аўтакране. Разам з кранаўшчыком Генадзем Кавалеўскім, слесарам Валерыем Астапуком і вадзіцелем Віталем Воранам павінны ў тэрмін і якасна ўсё зрабіць. Работа з тэхнікай — не лірычная, аднак мне вельмі падабаецца.
Аляксей лічыць, што ў аснове паспяховай работы — тры “кіты”: дысцыпліна, узаемапавага і працавітасць. А яшчэ тон рабоце задае надзейны “тыл” — жонка Марына. А месяц таму да “статуса” мужа дадаўся яшчэ адзін — малады тата. Сынок Яраслаў — самая галоўная ўзнагарода для Аляксея.
— Я лічу сябе шчаслівым чалавекам, — кажа чыгуначнік. — Ёсць любімая работа, сям’я, кватэра. Што яшчэ жадаць? Бадай, здароўя.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: Аляксей Ягорчанкаў.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top