Што чакае вясковец ад аўталаўкі?

Што чакае вясковец ад аўталаўкі?

IMG_2480На пачатку — крыху статыстыкі. Сёння ў Беларусі 40 тысяч магазінаў і колькасць іх павялічваецца на тысячу штогод, расце таксама і плошча гандлёвых залаў (прыкладна на 10 адсоткаў кожны год). У такім “моры”, дзе штодня сыходзяцца “хвалі” пакупнікоў, прадаўцоў, пастаўшчыкоў тавару ды інш., аўтамагазіны, на першы погляд, здаюцца кропляй у моры. Аднак, калі кінуць погляд паўторна, вымалёўваецца зусім іншая карціна, якую цудоўна апісвае народная прыказка: “Малы залатнік, ды дарагі”. Звязана гэта найперш з сацыяльнай функцыяй, што выконваюць “крамы на IMG_2481колах”.

ДАЛЁКА засталіся гады з пустымі паліцамі ў крамах. Таму гаварыць сёння пра дэфіцыт не даводзіцца. Зараз перад работнікамі прылаўка стаіць іншая праблема: як прадаць тавар, чым прыцягнуць і зацікавіць пакупніка, каб яму хацелася (і маглося) набыць прадукты побач з домам, а не ехаць, напрыклад, у суседні горад.
Сярод многіх, у каго павінна балець пра тое галава, — супрацоўнікі аўтамагазінаў. На іх адказнасць асобая, бо задача, што яны вырашаюць, — гэта забяспечыць усім неабходным вяскоўцаў, якія жывуць у невялікіх населеных пунктах, дзе няма стацыянарнай крамы або знаходзіцца яна не ў “крокавай даступнасці”.
IMG_2484У такіх вёсачках і хутарах засталося няшмат жыхароў. Аднак гэтак бывае ўзімку. У летнюю пару дэмаграфічная карціна прыкметна мяняецца: да тутэйшых пажылых лю-дзей прыязджаюць пагасцяваць з гарадоў дзеці, унукі, дый “сапраўдныя” гараджане, што прыдбалі пад лецішча “домік у вёсцы”, выбіраюць нярэдка для адпачынку вясковую “ідылію”. Калі народ мясцовы ўсё ж менш пераборлівы, дык новае пакаленне, што прызвычаілася да гарадскіх выгодаў, чакае і ў вёсцы належнага абслугоўвання.
— Канечне, — разважала ў тэлефоннай размове адна з такіх часовых вясковак, — ніхто не чакае знайсці на сяле гіпер- або супермаркет. Калі шчыра, ад іх і ў Брэсце ўжо стамілася, але ўсё ж…
Менавіта гэтая агаворка, гэтае “але”, а яшчэ шматлікія званкі ад заклапочаных людзей з малых вёсак са скаргамі ў райвыканкам, раённае спажывецкае таварыства і рэдакцыю прымусілі больш уважліва прыглядзецца да працы аўталавак, як завуць паўсюль у народзе магазіны на колах.
Адступленне першае. Дарэчы, наконт назвы. Народная — больш дакладная і гістарычна абумоўленая. Паколькі спрадвеку па вёсках хадзілі гандляры, што выкладвалі свае тавары на лаўкі, таму, калі з’явіўся такі від паслуг, як аўтамагазін, людзі па звычцы спалучылі старое беларускае слова “лаўка” з новым замежным “аўто”.
І яшчэ нюанс. У ліпені на практыцы ў газеце былі студэнткі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Кацярына Нікіціна і Яна Сцепанюк. На пытанне: “Чым, на ваш погляд, гандлююць аўтамагазіны?” — будучыя журналісткі няўпэўнена адказалі: “Відаць, запчасткамі для аўтамабіляў”. Не спяшайцеся іранізаваць над гэтым адказам. Ён высвяціў яшчэ адну істотную праблему, хоць і іншага парадку. Тэрмін “аўтамагазін” існуе не толькі ў Беларусі, але й у Расіі. Там — гэта менавіта магазін для аўтазапчастак. Такім чынам, маладое пакаленне, ахопленае медыяпрасторай суседняй краіны, нярэдка лепш ведае расійскія рэаліі, чым свае, хоць і маюць сваякоў у вёсцы пад Жабінкай, а не пад Тулай ці Арлом.
ЧАЛАВЕК ПАВІНЕН МЕЦЬ ПРАВА ВЫБАРУ. У гэтым перакананы Сяргей Анатольевіч Юшкевіч, старшыня райспажыўтаварыства. Хоць на пасадзе ён каля паўгода, але не баіцца адказнасці і, здаецца, шчыра верыць, што сітуацыю, якая “не сёння склалася”, можна пераламіць да лепшага.
На нядаўняй нарадзе ў райвыканкаме праца аўтамагазінаў таварыства была раскрытыкаваная. Паводле слоў намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Пятровіча Грыгарчука, ёсць прапанова:
— Калі наша спажыўтаварыства не можа абслугоўваць тры маршруты, няхай пакінуць за сабой два, але з якасным абслугоўваннем. Той маршрут, што вызваліцца, аддамо “Еўрагандлю”. Тым больш, яго прадстаўнікі ўжо выходзілі з прапановай да нас, каб павялічыць колькасць маршрутаў для абслугоўвання вёсак раёна. Іх дзейнасць курыруе аддзел эканомікі райвыканкама. Час ад часу асобна і сумесна з санэпідэмстанцыяй праводзім маніторынгі, у выніку на стол старшыні райвыканкама Ф.Ф.Каланчука кладзецца дакладная запіска.
С.А.Юшкевіч пагаджаецца:
— Мы з разуменнем успрымаем крытыку і гатовыя аддаць адзін маршрут. Насамрэч, гэта не такая складаная справа — утрымліваць аўтамагазіны, але…
Да гэтага чарговага “але” вернемся пазней, а пакуль прымем прапанову Сяргея Анатольевіча праехацца па маршрутах і на ўласныя вочы паглядзець, як працуюць аўтамагазіны.
ВЯДОМА, УСЁ ПАЗНАЕЦЦА ў параўнанні. Міжволі многія, з кім давялося паразмаўляць, займаліся гэтым. Балазе, параўнанні напрошваліся самі сабой: год з нечым на Жабінкаўшчыне дзейнічаюць аўтамагазіны не толькі раённага спажывецкага таварыства, але і ТАА “Еўрагандаль”.
Адступленне другое. Сёння на Жабінкаўшчыне 98 сельскіх населеных пунктаў. У 68 вёсках 3968 жыхароў абслугоўваюць тры магазіны райспажыўтаварыства (за першае паўгоддзе іх тавараабарот склаў амаль 2,5 мільярда рублёў). Яшчэ 24 вёскі, дзе жывуць 623 чалавекі, карыстаюцца паслугамі аўтамагазінаў ТАА “Еўрагандаль”. Маршруты іх рухаў узгодненыя з райвыканкамам. Паміж гандлёвымі арганізацыямі існуе канкурэнцыя, якая, як вядома, “рухавік прагрэсу”. Такім чынам, гэтым відам гандлю ахоплены практычна ўсе невялічкія населеныя пункты раёна.
У райцэнтры пакупнік, калі нечым не задаволены, нярэдка “галасуе нагамі”, звяртаючы пільную ўвагу на якасць: не толькі тавара, але й абслугоўвання. Іншая справа, жыхар вёскі ў некалькі хат, якому даводзіцца карыстацца тым, што прывязе аўтакрама. Мо прэтэнзіі пакупнікоў часам і падаюцца гандляру надта завышанымі, але ж з выслоўем “пакупнік заўсёды правы” патрэбна лічыцца, тым больш, што свае патрабаванні спажывец аплочвае кроўным рублём.
ПРА ЎСЁ ГЭТА ішла размова 28 ліпеня з С.А.Юшкевічам і яго першым намеснікам Таццянай Васільеўнай Масейка. Мы былі не ў кабінеце, а ў дарозе — у “пошуку” аўтамагазіна, што курсіраваў па поўначы раёна. Прычым, да Хмелева ехалі маршрутам, які абслугоўваў у той дзень “Еўрагандаль”. Хоць і рухаліся адпаведна графіка “еўраоптаўскай аўталаўкі” (яшчэ адна народная назва, што прыжылася), але тую машыну так і не сустрэлі.
Адступленне трэцяе. Увечары, пасля вяртання з рэйсу, патэлефанаваў у Вялікія Сяхновічы, Грыцэвічы, Шадзі, каб даведацца пра машыну “Еўрагандлю”. Высветлілася, яна ўсё ж прыйшла, але з прыкметным спазненнем. Былі водгукі на працу аўтамагазінаў абе-дзвюх арганізацый, у асноўным станоўчыя, хоць была і крытыка. За 79-гадовага Іосіфа Іосіфавіча Кавальчука паскардзілася дачка Святлана: той у маі набыў пратэрмінаваную каўбасу ад спажыў-таварыства, а некалькі тыдняў таму і “Еўрагандаль” “вызначыўся”: прывёз — пад заказ! — льняны алей, тэрмін ужывання якога закончыўся.
Была і прапанова ад 80-гадовай Марыі Васільеўны Аксюцік: “Райпоўская аўталаўка прыходзіць у чацвер і суботу, хоць лепш, каб першы раз была ў сераду. Карыстаюся ёю, а да еўраоптаўскай не хаджу — далёка іх прыпынак ад маёй хаты”. А вось Станіслаў Адамавіч Мандра, якому “трошкі за 70”, пахваліў “Еўрагандаль”, дзе большы асартымент і лепшая захаванасць, “бо маюцца і халадзільнікі, і маразільнікі”.
НА ЎСКРАЙКУ ХМЕЛЕВА ДАЧАКАЛІСЯ аўтамагазін спажыўтаварыства. Вадзіцель Уладзімір Адзінец і прадавец Ала Мясаедава спазніліся хвілін на 15-20. Спазненне было вымушаным: машына заязджала ў Сакі, дзе нядаўна зачынілася стацыянарная крама.
— Аднак пакінуць людзей без усялякага абслугоўвання мы не можам, — тлумачыла Т.В.Масейка. — Хутка ўнясем і гэтую вёску ў графік.
Гандлярка, што пачала абслугоўваць вяскоўцаў, дадала:
— Гэтыя графікі зусім не рэальныя.
Да размовы падключыліся і пакупнікі, асабліва старэнькая Вера Пятроўна Старыкевіч:
— Мы зусім на іх не сярдуем. Мы ж, людзі старыя, хоць у чаканні аўталаўкі сустрэнемся, трохі пагаворым. Прадавец нам падабаецца, дзякуем ёй і разумеем, чаму да нас прыязджаюць так позна.
Хоць, да слова, не ўсе вяскоўцы такія церпялівыя ды непераборлівыя.
— Часам здараецца недарэчнае, — гаворыць Сяргей Анатольевіч. — Тэлефонны званок са скаргай: “У нас няма хлеба!”. Пачынаем высвятляць — хлеб ёсць і нават некалькіх гатункаў… але скаржнік ўпадабаў кобрынскі (так званую “цаглінку”), які разабралі ў дарозе ў іншых населеных пунктах. Ці вось іншы прыклад. У зімнюю слоту пазваніла ў таварыства жанчына з хутара, паскардзілася: яе дом абмінуў аўтамагазін. Хоць і тлумачылі, што машына можа загрузнуць і прапанавалі назваць прадукты, якія можна падвезці легкавушкай, але хутаранка стаяла на сваім: “Хачу мець перад вачыма ўвесь асартымент — каб быў выбар”.
НАШ ДАЛЕЙШЫ ШЛЯХ быў скіраваны на поўдзень раёна, дзе пралягаў яшчэ адзін маршрут райспажыўтаварыства (прадавец Ларыса Саўчук, вадзіцель Іван Граб). Адшукалі іх з дапамогай навігатара — усё ж часы касмічных тэхналогій! — на апошнім прыпынку ў Чыжэўшчыне.
— У такой вялікай вёсцы, што раскінулася на некалькі кіламетраў, чатыры афіцыйныя прыпынкі, яшчэ тры шафёр робіць па просьбах жыхароў, напрыклад, для інваліда, што жыве асобна, — патлумачыла Т.В.Масейка. — Увогуле, калі кіроўца едзе і бачыць пры дарозе старога чалавека, як яму не спыніцца і не абслужыць, калі той просіць-галасуе?.. Самае цяжкае ў такую спёку захоўваць тэмпературны рэжым, гэта праблема, якую можа вырашыць толькі, калі набыць новыя машыны, падобныя на тую, што выпускае на маршрут “Еўрагандаль”.
Адступленне чацвёртае. Як патлумачыла галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Н.П.Шосцік, менавіта захаванне тэмпературнага рэжыму і ўмоў рэалізацыі прадуктаў больш за астатняе хвалюе супрацоўнікаў цэнтра пад час маніторынгаў аўтамагазінаў. Сярод самых істотных заўваг пры праверцы крамаў на колах спажыўтаварыства ў чэрвені (месяцы даволі халодным сёлета) якраз і значыцца гэтае парушэнне на маршруце №3.
На пытанне да прадаўца з гэтага маршрута Ларысы Саўчук, чаму яна пайшла працаваць у аўтамагазін, жанчына шчыра адказала:
— Раней была ў мясным цэху таварыства, не задавальняў надта малы заробак. Тут атрымоўваю каля 4 мільёнаў рублёў — істотная розніца. Хоць праца вельмі цяжкая.
Пра гэта казаў і старшыня райспажыўтаварыства:
— Знайсці кадры — праблема, нават пры неблагім заробку. На першым маршруце за паўгода змяніліся шэсць прадаўцоў.
Не складана падлічыць — у сярэднім кожны месяц новая…
…Між тым, да машыны падыходзілі пакупнікі і з задавальненнем набывалі прадукты.
Так супала, што ў той дзень у Чыжэўшчыне было вялікае свята — 120-годдзе мясцовай царквы. На святочную службу сабраліся прыхаджане з суседніх вёсак. Адна з іх, Лідзія Зялько, стараста вёскі Бараны, сказала:
— Нас задавальняе праца ўсіх аўталавак. Тры разы на тыдзень прыязджаюць, хапае ўсяго, каб толькі грошы былі… Паверце, калі што не так — усіх падыму на ногі! За мной жа людзі…
Гэтымі словамі хочацца завяршыць рэпартаж. Калі кожны кіраўнік будзе разумець гэту простую ісціну і бачыць за сабой людзей, многае зменіцца да лепшага.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: прадавец Ларыса Саўчук абслугоўвае ў Чыжэўшчыне пакупнікоў — Святлану Гучэнка і яе ўнука Арцёма; у святочны дзень ля аўтакрамы сабраліся жыхары Чыжэўшчыны Павел і Феадосія Шаўчукі, Надзея Панасюк з Філіпавічаў
і стараста вёскі Бараны Лідзія Зялько.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top