“Дажынкі” святкавалі ў “Шпіталях”

“Дажынкі” святкавалі ў “Шпіталях”

IMG_1524Хлебаробы СВК “Шпіталі” адсвяткавалі “дажынкі”. Старшыня гаспадаркі В.М.Марковіч падвёў вынікі сёлетняй уборкі, павіншаваў рупліўцаў за самаадданую працу і ўручыў прэміі. Пасля напружанай уборачнай кампаніі для ўсіх механізатараў быў аб’яўлены выхадны. А ў панядзелак зноў узяліся за работу: закладваць падмурак будучага — ураджаю 2015 года. Засталіся, праўда, неабмалочанымі 5 га бабовых. Вырашылі пачакаць некалькі дзён, каб даспелі.
— Я аграномам працую 13 гадоў, а такога ўдалага жніва не памятаю, — кажа Аляксей Раманюк. — Настолькі спрыяльнае сухое надвор’е, аб якім можна толькі марыць. Збожжа дастаўлялі на зерняток практычна сухое, толькі патрабавалася даачыстка. Дзякуючы гэтаму колькі паліва сэканомілі!
Так, горача было. Аднак хлебаробы разумелі: марудзіць нельга, малацілі на палях, бывала, да 23 гадзін, вярталіся дадому далёка за поўнач. А раніцай — зноў буркаталі рухавікі камбайнаў і вялікагрузных машын.
— Нікога не трэба было ўгаворваць ці ўшчуваць, усе працавалі зладжана, да стомы, — кажа аграном-насеннявод Вольга Кутыркіна. — Затое зараз, калі ўсё збожжа ў засеках, можна крыху “перакурыць” і падвесці вынікі ўборкі.
А яны радуюць. Першымі ў раёне шпіталёўцы ўбралі рапс. Намалацілі 545 тон. З кожнага гектара яго атрымалі 32,4 цэнтнеры. Яравы ячмень няблага ўрадзіў — 45,1 ц/га, азімай пшаніцы сабралі па 58,3 цэнтнера на круг, а авёс і ўвогуле “пабіў” усе “рэкорды” — ураджайнасць яго 70,3 ц/га. Такога ў гаспадарцы не памятаюць.
—  Зерневыя і зернебабовыя ў нас трэба было ўбраць на 721 гектары, намалацілі без малога 3000 тон збажыны, што амаль на паўтысячы больш, чым летась, — кажа старшыня гаспадаркі Віктар Мікалаевіч Марковіч. — У цэлым, я задаволены вынікамі.
5 камбайнаў — КЗС-10 і КЗС-1218 — далёка не новыя, аднак не падвялі на ўборцы. Былі, зразумела, невялікія паломкі, якія аператыўна выпраўляліся. Ігар Пятручык, Дзмітрый Паўлючык, Сяргей Ваўдзяюк, Іван Дубіна, Анатоль Лукашэ-віч — хлопцы працавітыя і адказныя, сваю тэхніку берагуць. Сярод лідараў на адвозцы збожжа ад камбайнаў вадзіцелі МАЗаў Аляксандр Іванюковіч, Дзмітрый Іскрыцкі, Аляксандр Сідараў, Васіль Масіевіч, Віталь і Мікалай Дземчукі. Усіх занятых на ўборцы забяспечвалі гарачымі абедамі, прыгатаванымі ў сваёй сталоўцы.
Толькі дамалацілі апошнія гектары каласавых, як адразу прапанавалі сваю дапамогу суседнім гаспадаркам. Аднак у межах раёна атрымалі адказ адмоўны. Аграном Аляксей Раманюк не разу-мее: “Няўжо лепей чакаць дажджоў і вазіць з палёў вільготнае збожжа, чым прыняць дапамогу ў выглядзе камбайна і МАЗа?”. Адгукнулася на прапанову толькі гаспадарка “Радзеж”, што ў Маларыцкім раёне. Там зараз працуюць два шпіталёўскія камбайны.
— Усё, ураджай сабралі, дзяржзаказ выканалі, — кажа Вольга Кутыркіна. — Аднак прахалоджвацца нельга — іншыя работы прыспешваюць. Трэба звозіць салому з палёў, араць глебу пад азімыя — рапс, ячмень, трыцікале, жыта. Запасліся гліфасатамі. Паралельна пачнем касіць кукурузу на сілас. Работы ў аграрыяў хапае. Нічога, крыху зімою адпачнем.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: галоўны аграном СВК “Шпіталі” А.Раманюк і аграном-насеннявод В.Кутыркіна (у цэнтры) з хлебаробамі гаспадаркі А.Баланам, С.Гадлеўскім, В.Дземчуком, С.Ваўдзе-юком, А.Іванюковічам, М.Дземчуком і Д.Іскрыцкім.

Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top