Новая структура будзе развівацца

Новая структура будзе развівацца

Изображение 045Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №102
1 ліпеня 2013 г. быў створаны Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. Сённяшняя наша размова з начальнікам Кобрынскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Дзянісам Васільевічам Сакадынам.
— Год таму адначасова з утварэннем Дзяржаўнага камітэта, як адно з яго структурных падраздзяленняў, быў сфарміраваны Кобрынскі міжраённы аддзел. У мэтах аптымізацыі структуры было прынята рашэнне ўключыць у яго склад экспертаў-крыміналістаў і судова-медыцынскіх экспертаў чатырох раёнаў: Кобрынскага, Драгічынскага, Маларыцкага і Жабінкаўскага.
— Ці можна ўжо гаварыць пра якія-небудзь вынікі работы новай структуры? З якімі складанасцямі прыйшлося сутыкнуцца на шляху станаўлення арганізацыі?
— Безумоўна, год працы — гэта невялікі перыяд для рашэння комплексу задач, якія стаяць перад камітэтам. Аднак, лічу, што галоўнае на сённяшні дзень, што камітэт судовых экспертыз сфарміраваўся як самастойны дзяржаўны орган і аб’яднаў пад сваім крылом экспертаў усіх спецыялізацый. Вобразна кажучы, усе яны пераехалі са здымных кватэр пад дах свайго новага дома. Не трэба забываць, што экспертныя падраздзяленні функцыянавалі ў мностве дзяржаўных органаў, для большасці якіх судова-экспертная дзейнасць з’яўлялася дапаможнай. Як і ўсім навасёлам, нам яшчэ патрэбна сур’ёзна папрацаваць, каб уладкавацца ў новым становішчы, але падмурак ужо закладзены.
У якасці асновы для наступнага развіцця летась была практычна сфарміравана нарматыўна-прававая база камітэта. Упершыню за шмат гадоў удалося дабіцца таго, што за месяц праводзіцца 98% экспертыз. А яшчэ нядаўна праваахоўным органам іншы раз прыходзілася чакаць паўгода і больш. Выпрацавана дзейсная сістэма пастаяннага кантролю над якасцю выканання экспертыз.
Але яшчэ раз паўтару, што галоўнае для нас цяпер — беспрэцэдэнтная ўвага дзяржавы да праблематыкі судова-экспертнай дзейнасці. Старшынёй Дзяржаўнага камітэта намечаны дакладныя прыярытэты ў дзейнасці, вызначаны асноўныя вектары развіцця, у нарматыўна-прававую базу закладзены сур’ёзны патэнцыял для развіцця новай структуры.
Адна з нашых магчымасцяў — праводзіць заканадаўчыя ініцыятывы, якія датычацца судова-экспертнай дзейнасці. Так, кіраўніком дзяржавы падтрымана і цяпер адпрацоўваецца прапанова Старшыні Дзяржаўнага камітэта аб спагнанні з вінаватых у рамках крымінальнага і адміністрацыйнага працэсу тых выдаткаў, якія нясе дзяржава ў сувязі з правядзеннем судовых экспертыз.
Стварэнне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз — адзін з этапаў рэфармавання праваахоўнай сістэмы, і як любая рэформа ўспрымаецца насцярожана. У нашым міжраённым аддзеле ўдалося поўнасцю ўтрымаць усіх экспертаў, хоць, прызнацца, тут не абышлося без пэўных ваганняў. Для гэтага неабходна было запэўніць спецыялістаў у жыццядзейнасці новай структуры, стварыць належныя ўмовы для іх работы. Бо сапраўдныя прафесіяналы ў любой арганізацыі цэняцца. Без перабольшвання скажу, што ў склад Кобрынскага міжраённага аддзела ўваходзяць адны з самых вопытных работнікаў вобласці.
На шляху станаўлення сутыкаемся з павышанымі патрабаваннямі з боку іншых дзяржаўных органаў: Следчага камітэта, органаў унутраных спраў, судоў, якія пастаянна выказваюць свае патрабаванні, прапановы і заўвагі. Але такія спагадлівыя адносіны толькі дапамагаюць хутчэй наладзіць узаемадзеянне, скарэктаваць свае дзеянні.
— Дзяніс Васільевіч, што змянілася з аб’яднаннем служб, перш за ўсё, для саміх экспертаў? Ці палепшыліся іх умовы працы, якая нагрузка?
— У сувязі з тым, што ў 97% выпадкаў ініцыятарамі правя-дзення экспертыз з’яўляюцца праваахоўныя органы, у асноўным гэта падраздзяленні Міністэрства ўнутраных спраў, Следчага камітэта, нагрузка экспертаў у большай ступені залежыць ад складанасці аператыўнай абстаноўкі, якая вар’іруецца ў залежнасці ад тэрыторыі, па месяцах года, іншых фактараў. Канечне, з утварэннем камітэта нагрузкі на экспертаў меншымі не сталі. Так, за першае паўгоддзе сёлета экспертамі праведзена 1208 экспертыз і даследаванняў, 777 разоў яны прымалі ўдзел у аглядах месцаў здарэнняў у якасці спецыялістаў. Як правіла, сярэдняя нагрузка на аднаго супрацоўніка ў месяц каля 15 экспертыз і даследаванняў.
З упэўненасцю магу сказаць, што ўмовы работы калег дастаткова камфортныя. У многіх памяшканнях нядаўна праведзены капітальныя рамонты.
— Работа ў экспертаў цікавая, запатрабаваная будзе заўсёды і ўмовы працы прыцягальныя. А як, Дзяніс Васільевіч, можна трапіць да вас на працу?
— Нашы супрацоўнікі маюць спецыяльныя званні, а таксама гэта асобы з ліку грамадзянскага персаналу. Патрабаванні да кандыдатаў на пасады радавога і начальніцкага складу: грама-дзянства Рэспублікі Беларусь, узрост да 25 гадоў, вышэйшая адукацыя, выдатнае здароўе, адсутнасць судзімасці. Навучаннем экспертаў-крыміналістаў займаецца Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь. На службу ў Дзяржаўны камітэт на следча-экспертны факультэт па спецыяльнасці “судовая экспертыза” прымаюцца грамадзяне Беларусі ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў, якія станоўча характарызуюцца па месцы вучобы, жыхарства і працы, псіхалагічна ўстойлівыя, фізічна здаровыя, якія раней не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці, з агульнай сярэдняй альбо сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Пасля заканчэння навучання яны атрымліваюць кваліфікацыю “юрыст, эксперт-крыміналіст”.
Хто жадае стаць курсантам Акадэміі МУС, можна звяртацца да мяне асабіста для складання даведкі-рэкамендацыі. Далей трэба будзе прайсці медыцынскі агляд і псіхафізіялагічнае абследаванне ваенна-ўрачэбнай камісіяй. Цэнтралізаванае тэсціраванне здаюць па наступных прадметах: руская (беларуская) мова, матэматыка, грамадазнаўства.
Сярод плюсаў навучання ў акадэміі можна выдзеліць наступныя: поўнае дзяржаўнае забеспячэнне на перыяд навучання, бясплатнае атрыманне вышэйшай юрыдычнай адукацыі, пасля заканчэння вучобы прысваенне звання лейтэнант юстыцыі, гарантаванае працаўладкаванне на пасаду начальніцкага складу Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, сацыяльную абарону, прадугледжаную заканадаўствам для супрацоўнікаў камітэта і членаў іх сямей. Запрашаю маладых людзей звязаць сваё жыццё з цікавай і патрэбнай працай і, карыстаючыся выпадкам, усіх жадаючых запрашаю пагутарыць.
— А як трапіць да вас на прыём?
— Кожны трэці чацвер месяца з 9.00 да 12.00 у кабінеце 301 у Кобрыне, вул.Савецкая, 135/б (будынак міліцыі). Гэта вызначаны дзень афіцыйнага прыёму. Аднак можна запісацца па тэлефоне (801642)777-56 і прыйсці ў любы рабочы дзень з 9.00 да 18.00.
— Скажыце, судова-медыцынскіх экспертаў таксама рыхтуе акадэмія МУС?
— Для патрэб камітэта Акадэмія МУС навучае толькі экспертаў-крыміналістаў, якія да вытворчасці судова-медыцынскіх экспертыз не маюць ніякіх адносін. Пасля навучання малады лейтэнант юстыцыі, умоўна гаворачы, атрымлівае два дыпломы. Дыплом юрыста і пасведчанне на права вытворчасці сямі відаў крыміналістычных экспертыз. Маладых афіцэраў з нецярпеннем чакаюць у падраздзяленнях Дзяржаўнага камітэта як пісьменна падрыхтаваных, адказных спецыялістаў.
На пасаду дзяржаўнага медыцынскага судовага эксперта прымаюцца грамадзяне з вышэйшай медыцынскай адукацыяй, якія перад назначэннем на пасаду накіроўваюцца на перападрыхтоўку ва ўстанову адукацыі “Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь”. Сярод спецыяльнасцяў па асноўнай адукацыі, якая дазваляе прэтэндаваць на дадатковую адукацыю, — лячэбная справа, педыятрыя, медыка-прафілактычная справа, стаматалогія.
— Якія экспертызы ў асноўным праводзяцца ў аддзеле?
— У склад міжраённага аддзела ўваходзяць як эксперты-крыміналісты, так і эксперты судова-медыцынскага профілю. Адпаведна дзеляцца і віды экспертыз, якія праводзяць нашы супрацоўнікі. Эксперты-крыміналісты робяць дактыласкапічныя экспертызы (аб’екты даследавання — сляды рук); трасалагічныя — даследаванні слядоў абутку, транспартных сродкаў, замкоў і засцерагальных прыстасаванняў, слядоў прылад узлому; экспертызы халоднай зброі; тэхніка-крыміналістычныя экспертызы дакументаў, якія аб’ядноўваюць у сабе даследаванні сапраўднасці грашовых купюр розных краін, каштоўных папер, асабістых дакументаў, а таксама іх рэквізітаў — подпісаў, пячатак; почыркаведчыя экспертызы на ўстанаўленне сапраўднасці подпісаў, выканаўцы рукапіснага тэксту, умоў яго выканання; балістычныя экспертызы, звязаныя з выкарыстаннем зброі і слядоў яе прымянення. Судова-медыцынскія эксперты нашага аддзела праводзяць экспертызы ва ўстанаўленні прычын, часу і іншых абставін наступлення смерці, цяжкасці атрыманых цялесных пашкоджанняў.
Адзначу і той факт, што сёння падраздзяленні Дзяр-жаўнага камітэта судовых экспертыз маюць магчымасць прапанаваць фізічным асобам, індывідуальным прад-прымальнікам, юрыдычным асобам правядзенне даследаванняў на платнай аснове з выдачай даведкі. Па пытаннях у сферы судова-экспертнай дзейнасці можна звярнуцца па адрасе: г.Кобрын, вул.Савецкая, 135/б, кабінеты 221, 222 (будынак міліцыі), тэлефон 777-57.
Я, безумоўна, коратка спыніўся на пытаннях, якія рашаюць нашы эксперты. На самой справе для правільнай кваліфікацыі тых альбо іншых дзеянняў у адносінах грамадзяніна ў праваахоўных органаў узнікае значна большае кола пытанняў, непрадузяты і верны адказ на якія павінен знайсці эксперт. Дарэчы, амаль палавіна экспертаў-крыміналістаў нашага аддзела маюць пасведчанне дзяржаўнага ўзору на права вытворчасці ўсіх відаў крыміналістычных экспертыз. Уяўляеце, якім аб’ёмам ведаў і навыкаў павінен валодаць спецыяліст для паспяховага рашэння пастаўленых задач!
— Цяпер па тэлебачанні можна ўбачыць вялікую колькасць серыялаў на крымінальную тэматыку. Літаральна па кроплі крыві, амаль прыкметнаму валаску раскрываюцца заблытаныя злачынствы. Ці могуць гэтым пахваліцца эксперты вашага аддзела?
— Арганізацыя работы экспертаў на месцах здарэнняў пабудавана такім чынам, што кожны эксперт-крыміналіст аддзела, адпрацоўваючы месца здарэння, мае дастатковыя навыкі для вынятак рознага роду слядоў і рэчавых доказаў, у тым ліку і тых, што вы пералічылі. Іншая справа, што наступная работа з імі даручаецца эксперту адпаведнага профілю. Нашы ж супрацоўнікі арыентаваны на адбор розных біялагічных слядоў (напрыклад, пахавых), пошук генатыпу, далейшая справа з якімі вядзецца ў сучасных лабараторыях упраўлення Дзяржаўнага камітэта ў Брэсцкай вобласці і ў Мінску.
Цяпер узровень экспертнай падрыхтоўкі нашых спецыялістаў дазваляе выкарыстоўваць у сваім арсенале ўсе сучасныя метады крыміналістыкі. Іншая справа, раскрываць злачынствы па валаску ці кроплі крыві сёння каштуе не танна. Гэта самыя сучасныя віды даследаванняў і, адпаведна, адны з самых дарагіх. Мэтазгоднасць іх прымянення для раскрыцця канкрэтнага злачынства вырашае следчы.
— Дзякуй за змястоўную цікавую размову.
— На завяршэнне хацеў бы сказаць, што стварэнне Дзяржаўнага камітэта, які аб’яднаў экспертаў краіны, гэта важкі ўклад у забеспячэнне грамадскай бяспекі і стабільнасці нашай дзяржавы. Эфектыўнасць работы новай структуры сёння залежыць толькі ад нас. Карыстаючыся выпадкам, выказваю падзяку супрацоўнікам і работнікам аддзела за іх напружаную і, паверце, самаадданую працу.
Гутарыла Святлана СВЯТЛОВА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top