Пра музыку, рыбалку і аўто

Пра музыку, рыбалку і аўто

IMG_0853  Толькі на першы погляд рэчы бязмоўныя. Насамрэч, яны шмат здольныя сказаць пра сваіх гаспадароў.

І.

У гарадской кватэры Алены і Аляксандра Гацкевічаў на пачэсным месцы фартэпіяна. Цікавая назва ў гэтага музычнага інструмента. Яна ўзялася з італьянскай мовы і спалучыла супрацьлеглыя, на першы погляд, паняцці. Паколькі “фортэ” — гэта “гучна”, а “піяна” — “ціха”. Так у адным слове зліліся мажор і мінор, імпульсіўнасць і памяркоўнасць. Ці не патрэбныя гэтыя якасці, каб “настроіць” лад у сумесным жыцці? IMG_0843Рытарычнае пытанне.
У гэтай сям’і з музыкай сябруюць. Тут мелодыі і спевы здаўна “прапісаліся”.
Калі ў 1970-ыя гады ў Сцяпана Цімафеевіча і Ганны Барысаўны Раманюкоў адна за адной (“дружнай чарадой”) нарадзіліся тры дачкі, бацькі заўважылі, што іх дзяўчынкі цягнуцца да мастацтва. Таму і Галя, і Наташа, і Алена ў свой час закончылі ў Жабінцы IMG_0841музычную школу.
А вось сцяжынку ў жыцці кожная выбрала сваю.
Старэйшая — педагагічную. Сёння Галіна Сця-панаўна Брэнь — завуч  у Якаўчыцкай адзінаццацігодцы.
Сярэдняя — медычную. Наталля Сцяпанаўна Бусень — медсястра ў Брэсцкім раддоме.
Наймалодшай дасталася сцежка музычная. І ёй, дарозе сваёй, Алена Сцяпанаўна Гацкевіч шчыра радая. Бо абрала яе з маленства і больш ніколі не збочыла. Ужо ў музычнай школе мела неблагія поспехі, адзначаныя дыпломамі, у тым ліку на рэспубліканскіх конкурсах.
Таму пасля дзявятага класа, хоць і атрымала амаль выдатнае пасведчанне аб базавай адукацыі (“дзве чацвёркі залезлі”) і мела ўсе шанцы “пайсці на медаль”, Алена падала дакументы ў Брэсцкі музычны каледж імя Рыгора Шырмы. Установу закончыла, як раней казалі, з “чырвоным” дыпломам. Паводле таго дакумента дзяўчына займела спецыяльнасць “Інструментальнае выканальніцтва, народны інструмент домра” ды кваліфікацыю артыста (кіраўніка) аркестра і выкладчыка. Ужо на апошнім пятым курсе Алена Раманюк паспрабавала той выкладчыцкі “хлеб”: вучыла хлопчыкаў і дзяўчынак ігры на гітары ў аграгарадку Ленінскі. Тут і сама некалі ўдзельнічала ў народным ансамблі “Музычны вянок”.
Апошнія паўтара дзясятка гадоў Алена Сцяпанаўна працуе ў Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў, дзе выкладае домру і гітару, кіруе аддзяленнем струнных народных інструментаў. Калі аднойчы зразумела, што сярэдняй спецыяльнай адукацыі не дастаткова, завочна паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры, які паспяхова закончыла дзесяць гадоў таму.
Пра калег гаворыць толькі добрае:
— Усе яны займаюцца вельмі важнай справай — даюць нашым дзеткам веды ў музыцы, танцы, маляванні, патрэбныя для гарманічнага развіцця, выхавання густу і прыгажосці. Асабліва радуе мікраклімат у калектыве, што склаўся пры сённяшніх кіраўніках: дырэктару Людміле Васільеўне Калбаска і завучу Галіне Уладзіміраўне Таргонскай.
Сама Алена Гацкевіч — натура творчая і актыўная. Яе можна заўважыць на канцэртах у калектыве выкладчыкаў школы мастацтваў, які ўзначальвае Святлана Зотава. Калі ёсць патрэба, іграе і ва ўзорным аркестры народных інструментаў пад кіраўніцтвам Наталлі Грэцкай.
— Значыць, з музыкай нідзе не расстаяцеся? Інструмент не прастойвае на працы і ў хаце пылам не пакрываецца? — пацікавіўся ў гаспадыні, зірнуўшы на фартэпіяна.
Яна смяецца і жартам пратэстуе:
— Ні ў якім разе! Гэтая рэч нам асабліва дарагая як падарунак ад сястры Галі.

ІІ.

Іншая каштоўная рэч у сям’і —
вялікі акварыум з залатымі рыбкамі. Нават цяжка ўявіць, колькі шчасця будзе ў гэтым доме, як кожная рыбка выканае пажаданні!
“Рыбная” тэма ў Гацкевічаў гучыць часта, і звязана яна з захапленнем гаспадара.
— Тата наш —
вялікі рыбак. Працуе на цукровым заводзе, але кожную вольную хвіліну — на рыбалцы. Якіх шчупакоў ён вудзіць — больш за паўметра! Таму недахопу ў рыбных далікатэсах у нас на стале ніколі не бывае, — гаворыць маладая жанчына, паказваючы фотаздымкі, на якіх адлюстравана рыбацкае шчасце.
З будучым мужам Алена сустрэлася ў жніўні 2001 года — на чужым вяселлі, а роўна праз год і сваё справілі. Цяпер разам з Аляксандрам гадуюць любімых дачушак.
Матулі вельмі падабаюцца фіялкі. Таму, калі нарадзілася першая дзяўчынка, прапанавала назваць яе Віялетай (“фіялачкай”). Прыдумаць імя для другой дачкі даверылі тату, і той зірнуў, мабыць, не на зямлю, а ў неба, бо назваў Ангелінай. Так дасюль і кажа: “Анёлачак мой!”
Віялета перайшла ў шосты клас, вучыцца добра. З захапленнем пяць разоў на тыдзень спяшаецца ў “музыкалку” да любімай выкладчыцы Таццяны Сяргееўны Струц. А ў родным доме дзяўчынку чакаюць чорна-белыя клавішы старога фартэпіяна. Раней яны ведалі рукі цёці Галіны, потым яе дачкі Яніны, зараз Віялеціным пальцам падуладныя.
Ангеліна ўжо трэцякласніца, у вольны ад урокаў час захапляецца танцамі, а праз год (гэтак мама мяркуе) таксама пойдзе ў школу мастацтваў.
Дзяўчынкі разам ездзяць да таленавітага харэографа Тамары Анатольеўны Дзікай. Алена Сцяпанаўна двойчы ў тыдзень возіць дочак у танцавальны ансамбль “Цукарынка”. Яна спраўны і акуратны кіроўца, а іншамарка “Аўдзі-100” — яшчэ адна рэч, без якой цяжка абысціся ў сям’і.
Калі ў Жабінцы святкаваўся Дзень Незалежнасці, Алена Гацкевіч мела магчымасць пацвердзіць сваё вадзіцельскае майстэрства. Яна паўдзельнічала ў конкурсе фігурнага ваджэння, арганізаваным Цэнтрам павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў Дабраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту. За ўмельства на дарозе Алена Сцяпанаўна атрымала дыплом ІІІ ступені, які ўручылі дырэктар цэнтра Юрый Козік і начальнік Жабінкаўскага АДАІ Андрэй Мядз-ведзь.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: у каханні і згодзе жывуць жабінкаўцы Алена і Аляксандр Гацкевічы; Віялета за любімым музычным інструментам; Ангеліна даглядае залатых рыбак
і папугая.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top