Праца нялёгкая і пачэсная

Праца нялёгкая і пачэсная

_DSC4852
Жніво ў СВК “Вазнясенскі” выйшла на фінішную прамую. Хлеб даспеў, і на яго ўборцы камбайнеры працуюць ад світанку да заходу сонца. Добра, што спрыяе гэтаму надвор’е. Начны дожджык “напаіў” цукровыя буракі і кукурузу, а слупок тэрмометра пасля апоўдня зноў паднімаецца вышэй адзнакі ў 34 градусы.
— Горача, — кажа старшыня гаспадаркі Надзея Рыгораўна Кандрацюк. — Аднак гэта самы спрыяльны час для жніва. Хлеб з самай раніцы, у разгар дня і познім вечарам ідзе з нізкай вільгаццю. Толькі паспявай малаціць.
Увесь ураджай у “Вазнясенскім”, які ўбіраецца з палёў, паступае на тры зернесушыльныя комплексы, дзе дапрацоўваецца і адпраўляецца, частка — у лік дзяржзаказу, частка — на насенне. Вельмі парадаваў рапс: пры ўраджайнасці 33 цэнтнеры на круг намалацілі 666 тон, з якіх 640 прадалі.
На жніве задзейнічана 7 камбайнаў і дапамагае звяно з ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”. Убраць зерневыя і зернебабовыя неабходна на 1175 гектарах. Больш паловы плошчаў ужо скошана. Азімага ячменю атрымалі па 47 цэнтнераў з кожнага гектара (дарэчы, гэта лепшы паказчык у раёне), яравога — па 58, трыцікале — 60 цэнтнераў. Надзея Рыгораўна спадзяецца, што з такой аддачай палёў удасца “ўзяць” планку ў 6000 тон збожжа (максімальны валавы збор у папярэднія гады склаў 5700 т.).
За гэтымі поспехамі стаяць людзі. Дабіцца такіх ураджаяў у сельгаспрадпрыемстве змаглі, дзякуючы адукаванаму маладому галоўнаму аграному Рыгору Адамавічу Панасюку і зладжанай камандзе рупліўцаў.  Менавіта гэтая гаспадарка ў раёне пакуль лідар па ўраджайнасці зерневых і на мінулым тыдні занесена на Дошку гонару ў раёнцы. Наперадзе па намалоту ў гаспадарцы ідзе экіпаж у складзе Валерыя і Дзмітрыя Дзямідчыкаў, на рахунку якога   850 тон збожжа, высокія тэмпы і якасць работ паказваюць таксама камбайнеры Васіль Альшанец і Мікалай Стоцік, Віталь Кавалевіч і Сяргей Піліпцэвіч, Дзмітрый Мандра і Рыгор Буян, Уладзімір Андрусік і Аляксандр Вайтовіч.
— Якія ўмовы створаны для работы? — працягвае старшыня. — Усе занятыя на жніве атрымліваюць бясплатныя абеды, якія гатуюцца ў нашай сталовай. Калі ёсць неабходнасць, прывозім і вячэры. А самая галоўная матывацыя, зразумела, грашовая. Расцэнкі і распрацаваныя ўмовы спаборніцтва на жніве ўсе ведаюць. Не будзеш ленавацца — заробіш. Напрыклад, учора экіпаж бацькі і сына Дзямідчыкаў намалаціў 77 тон збожжа і атрымаў 913 тысяч рублёў. Калі да работніка няма заўваг падчас жніва, ім выконваюцца правілы працоўнага распарадку, пажарнай бяспекі, то, у залежнасці ад нагрузак і спецыялізацыі, будзе па завяршэнні ўборкі даплачвацца ад 500 тысяч да мільёна рублёў. Чым не стымул? Праца хлебароба ніколі не была лёгкай, аднак заўжды — пачэсная.

У дзень да 100 тон

_DSC4883На рахунку Сцяпана Мікалаевіча Кандрацюка — 1437 тон адвезенага ад камбайнаў збожжа (на 4 жніўня).
— Я ўпершыню стаў “тысячнікам”, — не хаваючы гонару, кажа вадзіцель. — Шчыра кажучы, прыемна. Што паспрыяла такому поспеху? Мабыць тое, што сёлета нашы хлебаробы вырасцілі добры ўраджай. Па-другое, са старэнькага ГАЗ-53 перасеў на больш магутны і ўмяшчальны новенькі МАЗ.
Бывала, у цёплае надвор’е да 100 тон збожжа ў дзень ад камбайнаў дастаўляў на зернеток — гэта па 15-18 рэйсаў. Хаця мэты — стаць “тысячнікам” перад сабой не ставіў. Галоўнае, лічу, не дасягненні, а шчырая, добрасумленная праца.
Пасля спякотнага напружанага дня дома Мікалая Сцяпанавіча чакае любячая жонка і дачушкі Ганна і Маргарыта. Старэйшая стала настаўніца матэматыкі ў Крыўлянскай сярэдняй школе. Малодшая марыць стаць эканамістам — трымае іспыты. Тата спадзяецца, што ў Маргарыты ўсё атрымаецца.
— Калі ў сям’і ўсё ладзіцца, то на працу іду з добрым настроем, — кажа вадзіцель.

У тандэме — да перамог

Імёны аператараў зернеачышчальнага комплексу Васіля Іванавіча Пілінкевіча і Аляксея Аляксеевіча Садоўнічыка неаднойчы друкаваліся ў раённай газеце. Яны тры гады запар станавіліся пераможцамі раённага спаборніцтва на ўборцы збажжа, а летась нават занялі трэцяе месца ў вобласці.
— Можа, пашанцуе, і сёлета выйдзем у лідары, — спа-дзяецца В.І.Пілінкевіч.
Тандэму аператараў 7 гадоў — якраз столькі, колькі і комплексу, што ў в.Вежкі. У СВК “Вазнясенскі” ён самы новы і самы прадукцыйны — да 20 тон у гадзіну. Ёсць яшчэ два КЗСы, з меншай магутнасцю.
— Працуем з напарнікам у дзве змены, — расказвае Аляксей Аляксеевіч. — Давераны нам участак вельмі адказны і складаны. Дасушка збожжа павышае яго стойкасць пры захоўванні, а таксама паляпшае смакавыя спажывецкія якасці. Так што мы маем непасрэдныя адносіны да смаку хлеба.
Увесь комплекс работ па прыёмцы, сушцы, ачыстцы і адгрузцы збожжа на зернесушыльным комплексе механізаваны. Аператару неабходна пастаянна сачыць за работай некалькіх механізмаў і датчыкаў, каб пазбегнуць надзвычайных сітуацый. І, мабыць, не здарма гэты складаны ўчастак даверылі адказным, правераным людзям.
— Гэтыя дні, пакуль стаіць спякота, збожжа з палёў паступае амаль сухое — 14-15% вільготнасці, — расказвае кладаўшчык Ірына Іванаўна Садоўнічык. — Таму дасушваць яго практычна няма патрэбы, у асноўным толькі ачышчаем ад насення пустазелля і смецця. Дзякуючы своечасоваму тэхнічнаму абслугоўванню, наш зернесушыльны комплекс працуе без збояў.

Першыя заробкі

_DSC4910У школьнікаў — летнія канікулы. Можна нарэшце забыць пра падручнікі і хатнія заданні, адсыпацца і набірацца сіл да наступнага навучальнага года. А дзевяць старшакласнікаў і выпускнікоў Крыўлянскай сярэдняй школы выдатна сумяшчаюць адпачынак і … заробкі.
Аляксандр Дзяркач і Мікалай Садоўнічык (на здымку) з пачатку ўборачнай кампаніі ў гаспадарцы спяшаюцца на ЗСК-20 у в.Вежкі, каб падзарабіць.
— Я работы не цураюся, — кажа Аляксандр, — на зернетаку пыльна, аднак не цяжка.
— Працуем у дзве змены, — дадае Мікалай. — Я вучуся на агранома ў Пружанскім сельгаскаледжы. Таму на весь працэс даачысткі збожжа гляджу вачамі будучага спецыяліста: якой вільготнасці яно паступае, ці засмечанае. Заробленыя грошы патрачу на аплату ў чарговым семестры.

Святлана КІСЛАЯ.

Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top