…“Такія, як усе, толькі духам мацнейшыя”

…“Такія, як усе, толькі духам мацнейшыя”

IMG_1264 IMG_1252 IMG_1220Сёлета 90 год спаўняецца Беларускаму таварыству інвалідаў па зроку (БелТІЗ). Гэтай падзеі было прысвечана мерапрыемства, якое ладзілася ў гарадскім Доме культуры. Віншавалі з юбілеем членаў аб’яднання старшыні абласной і раённай арганізацый ГА “БелТІЗ” І.Л.Юрэня і Р.С.Ліскова, загадчык аддзела быту ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама С.Д.Трафімчук, загадчык аддзялення пярвічнага прыёму Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва А.М.Кавальчук.
Аб гісторыі і дзейнасці таварыства, якое аб’ядноўвае ў краіне звыш 15 тысяч інвалідаў па зроку, расказала Ірына Леанідаўна Юрэня.
— Гісторыя захавала нам нямала імёнаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, — гаварыла яна. — Важна ўзгадаць Ісідара Максімавіча Волчака, які атрымаў вышэйшую адукацыю і абараніў кандыдацкую, або пяцікратнага чэмпіёна паралімпійскіх гульняў Алега Аляксандравіча Шэпеля. Многа яшчэ можна называць таленавітых членаў арганізацыі, што сваёй мужнасцю, дасягненнямі ў працы, творчасці і спорце даказваюць людзям, якія побач, што яны “такія ж, як і ўсе, толькі духам мацнейшыя”. Задача “БелТІЗа” — аказанне дапамогі ў рэабілітацыі, навучанні і працаўладкаванні невідушчых інвалідаў. Таварыства з’яўляецца ўласнікам 11 унітарных прадпрыемстваў, на якіх працуе звыш 5 тысяч чалавек, у тым ліку больш тысячы інвалідаў па зроку. Яны выпускаюць электратэхнічныя тавары, вырабы з дрэва і інш.
У краіне шмат робіцца для рэабілітацыі інвалідаў па зроку. Ім сталі даступныя daisy-плэеры, аўдыягукавыя сістэмы, электронныя лупы, сэнсарныя мабільныя тэлефоны, аснашчаныя навігацыйнымі праграмамі, і інш.
Сёлета ГА “БелТІЗ” на конкурснай аснове выдадзены грант Дзярждэпартамента ЗША на рэалізацыю ў Рэспубліцы Беларусь праекта “Інфармацыйныя рэсурсы як сродак стварэння безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў па зроку”. Праект прадугледжвае стварэнне на базе ГА “БелТІЗ” інтэрнэт-радыё і інфармацыйнага цэнтра для інвалідаў па зроку — членаў таварыства.
Далей слова ўзяла Раіса Сцяпанаўна Ліскова:
— Жабінкаўская раённая арганізацыя адлічвае сваю гісторыю з 1968 года, калі ў яе складзе было 18 пярвічак — расказвала Р.С.Ліскова. — Зараз яна аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах 66 чалавек, з якіх 31 — інваліды І і ІІ груп, 30 — ІІІ групы.
Галоўная задача — далучэнне такіх людзей да актыўнага жыцця. З 2006 года ў вобласці здзяйсняецца праект “Элементарная рэабілітацыя інвалідаў па зроку”. За гэты час яго прайшлі 14 чалавек з Жабінкаўшчыны.
Шмат зроблена ў стварэнні безбар’ернага асяроддзя, вядзецца культурна-масавая работа, аказваецца гуманітарная і грашовая дапамога. Наша задача — абараняць правы і інтарэсы жабінкаўцаў з парушэннямі зроку, праводзіць іх сацыяльную і прафесійную рэабілітацыю, прыцягваць да грамадскай працы, адукацыі, культуры, павышаць іх якасць жыцця.
Святлана Дзмітрыеўна Трафімчук расказала гасцям, што робіцца на Жабінкаўшчыне ў плане абследавання матэрыяльна-бытавых умоў пажылых адзінокіх людзей і інвалідаў (з 6727 пенсіянераў — 1069 інваліды), якую дапамогу яны атрымлівалі. Як і папярэднія выступоўцы, пажадала ўсім прысутным здароўя, заставацца ў добрым настроі, лягчэй пераносіць нягоды і хваробы, паболей рухацца і жыць паўнацэнным жыццём.
Яшчэ шмат добрых, шчырых слоў удзячнасці за цеплыню сэрцаў, жыццялюбства, энергічнасць прагучала на свяце. На вачах прысутных за тоўстым шклом акуляраў раз-пораз блішчалі слёзы радасці. Бо ў чарговы раз змаглі сабрацца амаль па-сямейнаму, ва ўтуль-най атмасферы, каб пагаварыць, паслухаць він-шаванні і песні.
Не абышлося ў той дзень без сюрпрызаў. Ветэрану раённай арганізацыі  ГА “БелТІЗ” Ганне Мікітаўне Асіпук уручылі прэмію, падарункі, па-дзячны ліст у сувязі з 90-годдзем арганізацыі. Так супала, што Г.Асіпук днямі адзначала сваё 80-годдзе. З гэтай нагоды Алена Міхайлаўна Кавальчук павін-шавала юбілярку, пажадала і далей заставацца энер-гічнай і бадзёрай, уручыла ёй падарунак. Падарункі атрымалі таксама выпускніца спецшколы-інтэрната Марыя Быкава, ветэраны таварыства З.А.Даржынава, П.А.Жыгман, А.А.Грыцук, Н.П.Дземідчук.
Для ўдзельнікаў свята спявалі Наталля Сяргеева, Алег Канашкоў, Ганна Магамаева і народны хор ветэранаў “Тонус”.
Далей святкаванне прадоў-жылася за кубачкам гарачага чаю з саладосцямі.
Святлана БЯЛЯК.
На здымках: І.Л.Юрэня ўручае пісьмо падзякі Г.М.Асіпук; музычны падарунак ад народнага хору ветэранаў «Тонус»; Р.С.Ліскова віншуе са святам Машу Быкаву.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top