Вялікая вайна і наш край

Вялікая вайна і наш край

сканирование01 000 ВашчукСёння зноў неспакойна ў свеце: Палестына, Лівія, Ірак, блізкая Украіна… Вялікія войны заўжды пачыналіся з лакальных канфліктаў, што разгараліся, падобна верхавому пажару, да ўзроўню сусветных. Самы яркі прыклад — Першая сусветная, якая цягнулася 4 гады 3 месяцы, 10 дзён і змяніла не толькі геаграфічныя карты, але й многія лёсы.
Хто мог уявіць 28 чэрвеня 1914 года, што стрэл сербскага студэнта Гаўрылы Прынцыпа ў Сараеве не проста абарве жыццё наследніка аўстра-венгерскага трона Франца-Фердынанда, але стане падставай да сусветнай бойні. Праз месяц Аўстрыя аб’явіла вайну Сербіі. Тагачасныя “звышдзяржавы” — Германія і Расія — падтрымалі розныя бакі і 1 жніўня ўступілі ў вайну паміж сабою. Да канца лета, калі ў канфлікт уцягнуліся Францыя, Англія, Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя, Блізкі Усход, Паўночная і Паўднёвая Афрыка, бойня набыла характар сусветнай.
У Беларусі яна пакінула глыбокі след. Да канца лета 1915 года Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, якім быў цар Мікалай ІІ, месцілася ў Баранавічах. Тут у чэрвені 1916-га прайшла знакамітая Скробава-Гарадзішчанская аперацыя, у час якой загінулі і трапілі ў палон каля 80 тысяч расійцаў і больш за 25 тысяч немцаў і аўстрыйцаў. Дасюль на Брэстчыне захоўваюцца пахаванні Першай сусветнай вайны: ля Тамашоўкі Брэсцкага, Святой Волі Івацэвіцкага, Крывошына Ляхавіцкага, Паляцічаў Кобрынскага, Невелю Пінскага, Кісялей Баранавіцкага раёнаў.
У баі ля апошняй вёскі упершыню вызначыўся сваёй адвагай наш зямляк Гаўрыла Вікенцьевіч Галавейка, малодшы ўнтэр-афіцэр 150-га пяхотнага Таманскага палка. Пасля артпадрыхтоўкі ён замяніў параненага ротнага і ўзняў сваіх салдат у атаку. За гэта 27-гадовы нараджэнец вёскі Вандалін быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжом ІV ступені. Пасля цяжкага ранення і лячэння ў медсамбаце Гаўрыла Галавейка — зноў на перадавой, на Паўднёва-Заходнім фронце, дзе атрымаў крыжы ІІІ і ІІ ступеняў.
Пасля вайны Гаўрыла Вікенцьевіч вярнуўся ў родны Вандалін, ажаніўся. Каб прывесці маладую жонку Марыну ва ўласную хату, ён прадаў сваю першую светла-бронзавую ўзнагароду і на выручаныя грошы набыў жытло. Да апошніх дзён герой з Вандаліна з гонарам апранаў Георгіеўскія крыжы, амытыя ягоным потам і крывёю.
На франтах Першай сусветнай ваявалі і іншыя жабінкаўцы, у іх ліку — прускавец Павел Аксенцьевіч Пук, малодшы медыцынскі фельчар Іван Карнілавіч Андраюк са Стрыганца, былы старшыня калгаса з Арэпічаў Пётр Прохаравіч Антосенка, жыхар Сцяпанак Емяльян Грыцук.
Тая вайна моцна закранула і змяніла Жабінкаўшчыну. Некаторыя вёскі (такія як Малыя Сяхновічы) былі спаленыя расійскімі казакамі перад адступленнем на ўсход. Рабавалі германскія салдаты, прынамсі, была знішчана значная карцінная галерэя князёў Бельскіх-Гедзімінавічаў у маёнтку Ацячызна.
Толькі за палавіну першага ваеннага года ў Жабінцы і наваколлях абанкруціліся 14 невялікіх заводаў. У 1915-ым вымушана была часова спыніць вытворчасць нават самая прыбытковая ў нашым краі Ацячызненская вінакурня з магазінам для продажу спірту, дзе меўся сучасны паравы рухавік, выраблялася штогод звыш мільёна вёдзер спірту. Гэта прыносіла каля 10 тысяч рублёў прыбытку ў цэнах даваеннага 1913 года.
Пасля захопу кайзераўскімі войскамі Брэст-Літоўска масавай з’явай стала бежанства. Паводле афіцыйных дадзеных, вясной
1918-га ў Расіі налічвалася 2 292 395 уцекачоў з Беларусі, з іх пасля ліхалецця вярнулася дамоў толькі палова. Найчасцей перасяленні былі вымушаныя: з набліжэннем лініі фронту Беларусь ператварылася ў сапраўдныя бежанскі лагер і вайсковую лякарню. У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі дасюль захоўваецца здымак вялікага вайсковага лазарэта, размешчанага на станцыі Жабінка.
Вынікі Першай сусветнай вайны былі несуцяшальнымі для ўсіх ваюючых бакоў: загінула ў баях ці памерла ад ран каля 10 мільёнаў чалавек, больш за 20 мільёнаў паранена, яшчэ з дзясятак мільёнаў знішчылі эпідэміі і голад.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: георгіеўскі кавалер унтэр-афіцэр Г.В.Галавейка з Вандаліна (малюнак Вольгі Данілюк з даўняга партрэта); удзельнік Першай сусветнай Емяльян Грыцук са Сцяпанак.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top