Расце дастойная змена

Расце дастойная змена

IMG_1136Вікторыя Міцковіч заўсёды хацела быць доктарам. Да сваёй мары ішла паступова. Спачатку вучылася ў Брэсцкім медыцынскім каледжы, які скончыла з адзнакай. Год працавала ў другой гарадской паліклініцы, разам з урачом-тэрапеўтам вяла прыём, адначасова рыхтавалася да паступлення ва ўніверсітэт. Пасля ўступных іспытаў дакументы падала ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на педыятрычны факультэт. Гэта быў свядомы выбар: яшчэ пад час вучобы ў каледжы Вікторыі падабаліся практычныя заняткі ў раддоме, якія праводзіла са студэнтамі ўрач-неанатолаг Таццяна Уладзіміраўна Курловіч.
Настасся Дулевіч яшчэ ў дзяцінстве на пытанне: “Кім ты хочаш быць?” упэўнена адказвала: “Урачом”. Калі ёй было восем гадоў, нарадзіўся брацік Сцёпка. Як споўнілася чатырнаццаць — малодшы Генрых. Насця заўсёды была першай мамінай памочніцай. Ведала, чым карміць дзяцей у залежнасці ад іх узросту, якія лекі даць. У школе з цягам часу любімымі прадметамі сталі біялогія і хімія. А калі ў старэйшых класах пабывала на экскурсіі ў Гродне, то вырашыла: “Буду абавязкова вучыцца тут”. Таму паступіла на педыятрычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Маргарыта Сомава пасля заканчэння дзявятага класа сярэдняй школы №2 г.Жабінка вырашыла прадоўжыць вучобу ў гарадскім ліцэі. Тады ж задумалася: “Якія прадметы вывучаць на паглыбленым узроўні? Які профіль выбраць?”. Перавагу аддала хіміка-біялагічнаму. Маргарыта вырасла ў шматдзетнай сям’і. Заўсёды ладзіла са старэйшай сястрой Марынай і малодшым братам Серафімам. “З дзецьмі працаваць прасцей і цікавей”, — так думала яна, калі падавала дакументы ў Гродзенскі медуніверсітэт. Маргарыта вырашыла быць педыятрам, каб лячыць дзяцей і шчыра радавацца іх выздараўленню.
Вікторыя Федасюк ужо з восьмага класа пачала задумвацца кім быць. Любіла матэматыку, добра даваліся хімія і біялогія. “Выбраць архітэктуру ці медыцыну?” — думала дзяўчына. Паўплывала на выбар будучай прафесіі настаўніца хіміі гарадскога ліцэя Аляксандра Іванаўна Дзяжко, якая раіла Вікторыі паступаць у медыцынскі. Да таго ж тата Ігар Мікалаевіч — эпідэміёлаг Жабінкаўскага райЦГЭ, цёця Алена Мікалаеўна — нефролаг Брэсцкай абласной бальніцы, калісьці таксама заканчвала педыятрычны факультэт. Таму дзяўчына павезла дакументы ў сталіцу: на педыятрычны факультэт Мінскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
За плячамі ў дзяўчат чатыры курса ўніверсітэта. Зараз яны праходзяць практыку ў роднай Жабінцы ў дзіцячай кансультацыі. Калі Настасся і Маргарыта не першы раз — у мінулым годзе медсястрынскую практыку праходзілі ў хірургічным і педыятрычным аддзяленнях раённай бальніцы, то адна і другая Вікторыі — упершыню. “Як вас тут сустрэлі, як прынялі?” — пытаюся. “Як сваіх, як родных”, — гаворыць Вікторыя Міцковіч. “Вельмі добра. Адчуваем клопат і падтрымку з боку нашых куратараў, іншых работнікаў кансультацыі, бальніцы”, — дадае другая Вікторыя. “Нашы пытанні не застаюцца без адказаў. Нам удзяляюць шмат увагі, гэта вельмі прыемна”, — гавораць Маргарыта і Настасся.
Вікторыя Міцковіч і Настасся Дулевіч праходзяць практыку пад кіраўніцтвам урача-педыятра Наталлі Мікалаеўны Бялых, Маргарыту Сомаву і Вікторыю Федасюк курыруе ўрач-педыятр Наталля Віктараўна Лаўранюк.
“Кожны дзень па-свойму асаблівы і не падобны на іншыя, — гаворыць Вікторыя Міцковіч, — прысутнічаем на прыёме разам са сваім урачом-куратарам, слухаем дзетак, правяраем у іх горла, робім агульны агляд. На аснове гэтага выказваем свае меркаванні наконт дыягназу”.
Практыканты хадзілі на патранаж да нованароджаных, былі і ў дзіцячым аддзяленні. Куратары каменціруюць ім вынікі аналізаў, назначэнні, якія робяць пры тым ці іншым захворванні. Гавораць пра прэпараты, якія лепш у нейкай сітуацыі замяніць, пра іх пабочныя дзеянні. У дзяўчат наперадзе практыка ў вузкіх спецыялістаў бальніцы: хірурга, афтальмолага, оталарынголага, эндакрынолага, іншых.
Пытаюся ў практыкантак: “Як вам вашы кіраўнікі? Знайшлі агульную мову? Пасябравалі?”. “Наша Наталля Мікалаеўна ўважлівая да нас, добразычлі-вая”, — гаворыць Вікторыя Міцковіч. “Мне падабаецца тое, што яна ўвесь час засяроджвае нашу ўвагу словамі: “Дзяўчаты, паглядзіце… Бачыце… Што скажаце… і так далей. Мы разам у адным працэсе. Увесь час вучыць нас, падказвае, хоча, каб веды нашы замацоўваліся на практыцы”, — дадае Насця Дулевіч.
“Наталля Віктараўна ведае мяне з самага нараджэння. Яна мой участковы педыятр, дакладней усіх Сомавых, бо лячыла і старэйшую сястру Марыну і малодшага брата Серафіма. Цяпер — кіраўнік практыкі. Яна свая і з ёю камфортна і не сумна. Расказвае шмат гісторый са сваёй урачэбнай практыкі, дзеліцца вопытам”, — расказвае Маргарыта.
“Наталля Віктараўна непакоіцца пра кожнае дзіця, што бывае на прыёме. З ёю кансультуюцца па тэлефоне, часта яна сама тэлефануе і гаворыць бацькам пра вынікі аналізаў ці рэнтгенаўскіх здымкаў. У яе заўсёды ўсё пад кантролем”, — дзеліцца Вікторыя Федасюк.
Колькі слоў пра сваіх падапечных сказалі і самі кіраўнікі практыкі.
Наталля Мікалаеўна Бялых: “На працягу васьмі гадоў маёй працы ў дзіцячай кансультацыі кожны год маю студэнтаў-практыкантаў. Сёлетні — не выключэнне. Усе розныя, але прыходзяць з адным жаданнем: вучыцца. Вікторыя і Настасся такія ж. Бачу ў іх зацікаўленасць у будучай прафесіі, імкненне ўсё ведаць. Хачу пажадаць ім — так трымаць, заставацца такімі ж: дапытлівымі, няўрымслівымі і быць больш смелымі”.
Наталля Віктараўна Лаўранюк: “Гледзячы на дзяўчатак бачу, расце дастойная змена. Цікавасць праяўляюць да ўсяго, актыўныя: і пытанні задаюць, і літаратурай новай цікавяцца, і прэпаратамі. Справа ёсць да ўсяго — а гэта галоўнае. Упэўнена, і Маргарыта, і Вікторыя будуць добрымі спецыялістамі”.
Урачы-педыятры Н.В.Лаўранюк і Н.М.Бялых
са сваімі практыкантамі: М.Сомавай, В.Федасюк, В.Міцковіч і Н.Дулевіч.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top