У структуры злачыннасці больш усяго крадзяжоў

У структуры злачыннасці больш усяго крадзяжоў

010Пракуратурай Жабінкаў-скага раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі, кантралюючымі органамі праведзена значная работа ва ўмацаванні законнасці і правапарадку, абароне інтарэсаў грамадзян. У першым паўгоддзі 2014 г. у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам знізілася агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў з 83 да 67, альбо на 19,3%. З іх 7 цяжкіх, 41 — меней цяжкае, 19 — не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі. Не было забойстваў, згвалтаванняў, вымаганняў, махлярства, крадзяжу аўтатранспарту. Узровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва склаў 27,2 (першае паўгоддзе 2013 г. — 33,7), што ніжэй абласнога паказчыка на 13,9. Павялічылася раскрывальнасць злачынстваў з 78% да 80,9%.
Сёлета адзначаецца зніжэнне злачынстваў, здзейсненых непаўнагадовымі (з 5 да 2), у стане алкагольнага ап’янення (з 25 да 12), раней судзімымі (з 32 да 14), групай асоб (з 10 да 5).
Найбольшая колькасць злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення, зарэгістравана ў Жабінцы — 6, на тэрыторыі Крыўлянскага сельсавета — 2, Сцяпанкаўскага, Ленінскага і Азяцкага — па аднаму. Аднак у раёне назіраецца іх рост у грамадскіх месцах з 9 да 15, а таксама з 1 да 4 — у сферы сямейна-бытавых адносін.
У грамадскіх месцах адбылося 8 крадзяжоў, 4 хуліганствы і 1 пагроза забойствам, па аднаму — цяжкіх і менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Гэта сведчыць аб упушчэннях у ахове грамадскага парадку з боку аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. Неабходна істотная карэкціроўка дыслакацыі сілаў і сродкаў міліцыі  з больш шырокім прыцягненнем добраахвотных дружын.
У структуры злачыннасці па-ранейшаму дамінуюць кра-дзяжы маёмасці. За 6 месяцаў з 67 злачынстваў яны склалі 29. Хоць колькасць іх паменела ў параўнанні з адпаведным леташнім перыядам на 8, аднак з 7 да 8 павялічыліся крадзяжы з кватэр і жылых дамоў. У другім паўгоддзі неабходна працягваць прафілактыку крадзяжоў. А гэта і інфармаванне насельніцтва аб магчымых злачынствах, і абсталяванне кватэр ахоўнай сігналізацыяй, а таксама замена і ўстаноўка металічных дзвярэй у пад’ездах жылых дамоў, камер відэаназірання.
Найбольш злачынстваў адбылося ў райцэнтры — 33 (першае паўгоддзе 2013 г. — 44), на тэрыторыі Жабінкаўскага — 11 (16) і Крыўлянскага — 7 (7) сельсаветаў. Вырасла колькасць іх з 1 да 4 на тэрыторыі Сцяпанкаўскага сельсавета. Гэта сведчыць аб недастатковым узроўні прафілактычнай работы тут як з боку аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, так і сельвыканкамаў, добраахвотных дружын і іншых суб’ектаў прафілактыкі. Слаба выкарыстоўваюцца магчымасці органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Не ў поўным аб’ёме выконваюць свае функцыі створаныя ў арганізацыях камісіі ў барацьбе з п’янствам, а прымаемыя на іх пасяджэннях рашэнні не кантралююцца.
Праведзеныя пракуратурай раёна праверкі і аналіз інфармацыйна-аналітычных дадзеных сведчаць пра тое, што суб’ектамі прафілактыкі, іншымі ўстановамі і арганізацыямі праводзіцца пэўная работа ў прафілактыцы правапарушэнняў і іншых антыграмадскіх дзеянняў непаўнагадовымі, у ахове правоў і законных інтарэсаў падлеткаў. Колькі слоў пра правапарушэнні, здзейсненыя непаўнагадовымі. Пры змяншэнні колькасці назіраецца рост адміністрацыйных правапарушэнняў з 39 да 42. З 5 да 6 павялічылася колькасць асоб, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў, піва ў грамадскіх месцах ці з’яўленне там у стане алкагольнага ап’янення.
Асноўныя прычыны, што непаўнагадовыя становяцца парушальнікамі, гэта і “прабелы” ў сямейным выхаванні, калі бацькі не надаюць пэўнай увагі сваім нашчадкам, не цікавяцца іх паводзінамі, адсутнічае кантроль за іх занятасцю ў вольны час. Не знімаецца віна і з педагогаў, якія таксама “праглядзелі” сваіх выхаванцаў. Пракуратурай раёна ў першым паўгоддзі праведзена 4 праверкі па нагляду за выкананнем заканадаўства ў справах непаўнагадовых і моладзі. Вынесена 3 прадстаўленні аб ухіленні парушэнняў заканадаўства, зроблена 3 прадпісанні, 3 службовых асобы афіцыяльна папярэджаны, 4 — па актах пракурорскага рэагавання прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, унесена 2 пратэсты на рашэнні выканаўчых камітэтаў.
Аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама неналежным чынам кантралюецца захаванне патрабаванняў заканадаўства пры правядзенні дыскатэк, даводзяцца да ведама ўсіх супрацоўнікаў патрабаванні аб недапушчальнасці прысутнасці на начных дыскатэках асобаў, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту. Так, у выніку рэйда, які праводзіўся пракуратурай сумесна з супрацоўнікамі інспекцыі спраў непаўнагадовых аддзела ўнутраных спраў райвыканкама ўстаноўлена, што ў танцавальнай зале Дома культуры в.Сцяпанкі 23 лютага 2014 г. у 00.30 знаходзілася 3 падлетка. Білеты ім прадала мастацкі кіраўнік Дома культуры.
Не ўсе кіраўнікі прадпрыем-стваў і арганізацый раёна належна выконваюць Дырэктыву Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 “Аб мерах ва ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”, у адпаведнасці з якой важнейшай асновай забеспячэння грамадскай бяспекі з’яўляецца захаванне тэхналагічных нормаў вытворчасці, працоўнай і выканаўчай дысцыпліны.
Праведзеныя пракуратурай раёна праверкі ў СВК “Шпіталі”, “Арэпічы”, ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”, ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” паказалі, што тут недастатковая ўвага надаецца пытанням стварэння здаровых і бяспечных умоў працы на рабочых месцах. Ёсць факты допуску работнікаў да працы на няспраўным абсталяванні, без спецвопраткі і сродкаў індывідуальнай аховы, парушаюцца тэрміны выдачы спецадзення.
Адной з прычын вытворчага траўматызму з’яўляецца незахаванне працоўнай і выканаўчай дысцыпліны, парушэнне наймальнікам умоў працы. Так, 21 сакавіка 2014 г. адбыўся няшчасны выпадак з цяжкім зыходам з ветфельчарам СВК “Арэпічы”, якая вакцынавала цялушак з выкарыстаннем станка для фіксацыі жывёл, вырабленага ўласнымі сіламі інжынерна-тэхнічных работнікаў гаспадаркі. Станок не адпавядаў нарматыўным патрабаванням аховы працы. Акт уводу яго ў эксплуатацыю адсутнічаў, адпаведна дакументацыя аб бяспечнай рабоце на ім не распрацоўвалася. У выніку пры правядзенні вакцынацыі жывёла выбіла ненадзейна зафіксаваную трубу, якой была цяжка траўміравана пацярпелая.
Па-ранейшаму дапускаюцца да кіравання транспартнымі сродкамі вадзіцелі ў стане алкагольнага ап’янення (СВК “Хмелева”, ПМК-19), якія не прайшлі медагляд (СВК “Маціевічы”), а таксама выпуск на лінію аўтамашын без дзяржаўнага тэхагляду (СВК “Маціевічы”).
Пракуратурай Жабінкаўскага раёна прымаюцца неабходныя меры ў павышэнні супрацьдзеяння эканамічнай злачыннасці, у тым ліку барацьбе з карупцыяй. Аналіз крымінагеннага становішча сведчыць аб захаванасці тэндэнцыі зніжэння колькасці зарэгістраваных злачынстваў у сферы эканомікі, у тым ліку карупцыйных. У першым паўгоддзі 2014 г. выяўлена адно карупцыйнае злачынства і 5 у сферы эканомікі, а таксама 4, якія стваралі ўмовы для карупцыі. Парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства выяўлены ў ДУА “Ракітніцкая сярэдняя школа”, ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі” і КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”. Недастаткова эфектыўна выконвалі свае функцыі камісіі ў супрацьдзеянні карупцыі ў гэтых арганізацыях, што ў сваю чаргу не садзейнічае своечасоваму выяўленню карупцыйных правапарушэнняў і прыняццю мераў адказнасці да асоб, што іх дапусцілі.
У арганізацыях раёна дапускаюцца і парушэнні Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №2 “Аб мерах у далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата” і заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў. Асноўныя з іх — незахаванне парадку рэгістрацыі зваротаў, павярховае іх вырашэнне, не тлумачыцца і парадак абскарджання прынятага рашэння. Парушэнні заканадаўства аб зваротах грамадзян устаноўлены ў камунгасе і Ракітніцкім сельвыканкаме. У другім паўгоддзі 2014 г. неабходна арганізаваць семінар-вучобу па арганізацыі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў.
Уладзімір КІРЫЛЮК, пракурор Жабінкаўскага раёна, старшы саветнік юстыцыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top