У райвыканкаме

У райвыканкаме

IMG_515025 ліпеня прайшло пасяджэнне райвыканкама. На ім былі разгледжаны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў першым паўгоддзі. Запрашаючы да размовы, старшыня выканкама Ф.Ф.Каланчук прапанаваў больш спыняцца не на дасягненнях, а на ўпушчэннях. “Неабходна прааналізаваць недахопы, намеціць мерапрыемствы, прыкласці максімум намаганняў, каб выйсці на прагнозныя паказчыкі і заданні”, — гаварыў кіраўнік раёна. Пакуль раён не справіўся з экспартам тавараў і паслуг па прадпрыемствах мясцовай і безведамаснай падначаленасці (“мінус” па двух прагнозных паказчыках з 4). З 13 даведзеных заданняў забяспечана выкананне 9.
Намеснікі старшыні райвыканкама А.П.Грыгарчук С.Л.Стасевіч і А.В.Шалтанюк дэтальна ахарактары-завалі, як працаваў народнагаспадарчы комплекс раёна ў першым паўгоддзі. На выканкаме было адзначана, што ўсімі прамысловымі прадпрыемствамі дапушчана зніжэнне вытворчасці па індэксу фізічнага аб’ёма ў параўнанні з адпаведным мінулагоднім перыядам. У першым паўгоддзі неабходна было ўвесці ў эксплуатацыю 5400 кв. м жылля, справіліся з заданнем на 76,1%. Індывідуальнымі забудоўшчыкамі пабудаваны 16 дамоў (агульнай плошчай 3488 кв. м), 7 — сельгаспрадпрыемствамі і ПМК-19. Заданне не выканана ў поўным аб’ёме з-за недастатковага выдзялення грамадзянам ільготных крэдытаў для будаўніцтва. Увод індывідуальнага жылля за 2014 г. павінен скласці 6457 кв. м. Сёлета запланавана і здача ў эксплуатацыю ЖБСК №25 (2345 кв. м).
Па выніках работы за студзень-май у раёне 4 стратных прадпрыемства (у 2013 г. было 5): райспажыўтаварыства, рыбгас “Сакалова”, камбікормавы і торфабрыкетны заводы. Калі размова зайшла пра дзейнасць нашага райспажыўтаварыства, старшыня райвыканкама адзначыў, што прадпрыемству з такімі вялікімі стратамі (1 млрд. 188 млн. руб.) цяжка выйсці на станоўчую дынаміку. Тым больш, на рынку з’явіліся магазіны іншых сетак “Еўраопт” і “Дабраном”. Але, як падкрэсліў Ф.Ф.Каланчук, у гандлі павінна быць здаровая канкурэнцыя, а не манаполія. Для спажыўца галоўнае — атрымаць своечасова якасны тавар, яму не важна, хто яго прапануе. Таму кіраўніцтву райспажыўтаварыства неабходна распрацаваць дакладную праграму, як жыць далей, як не ўпусціць “свайго” пакупніка.
Абмяркоўвалася на пасяджэнні выканкама і работа сельскагаспадарчай галіны. Аграрыі шчыравалі на нарыхтоўцы кармоў: сена і сенажу пакуль яшчэ не дабралі да плана, а вось у нарыхтоўках на ўмоўную галаву жывёлы “прыраслі” на 2 ц к.а. Цяпер у іх не менш адказная задача — уборка зерневых і зернебабовых. Выканкам сваім рашэннем даручыў упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання і кіраўнікам сельгасарганізацый прыняць меры ў забеспячэнні своечасовай і якаснай уборкі ўраджаю, мінімізацыі страт. Адзначалася, што ёсць усе падставы для таго, каб зерневыя і зернебабовыя сабраць за 10-12 дзён, а да канца жніўня пад сілу выканаць і дзяржзаказ.
Сярод іншых пытанняў, разгледжаных на выканкаме: выкананне бюджэту раёна за першае паўгоддзе 2014 г.,
аб стане законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна і аб рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў, здзяйсненні адміністрацыйных працэдур. Па ўсіх абмяркоўваемых пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top