Брыльянт у промнях кахання і вернасці

_DSC4155Гэты драўляны домік падобны на сотні такіх жа вясковых “сабратаў”: некалі пафарбаваны, з маленькімі вокнамі, нізкім дахам і высокімі парожкамі. У чыста прыбраных пакоях — вялізная грубка, жалезныя ложкі з гарою вышываных падушак, у чырвоным куце — абавязкова абразы, а на сценах — чорна-белыя фотаздымкі яшчэ маладых гаспадароў.
У хаце Уладзіміра Сцяпанавіча і Веры Фёдараўны Касцюковічаў, што жывуць у вёсцы Сакалова — усё па-простаму,  утульна. Не хапае, бадай, толькі коткі, каб вуркатаў на лаўцы і задаволена мружыў вочкі. Жыццё ж гаспадароў нетаропкае: дзень пражылі — і то дзякаваць Богу. Іх каляндар жыцця адлічвае год за годам. Нараджаліся і раслі дзеці: Ала, Людміла і Раіса. Сталі дарослымі дочкі, займелі свае сем’і, радавалі бабулю і дзядулю нараджэннем 5 унукаў, дачакаліся 4 праўнукаў. А калі ўся краіна святкавала Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у гэтым доме адкаркавалі бутэлечку шампанскага з другой нагоды: для Уладзіміра і Веры, як і 60 год таму, крычалі “горка” і віншавалі з “брыльянтавым” вяселлем. Скроні іх даўно пабялелі, на тварах глыбокія маршчыны, аднак “малады” па-ранейшаму падцягнуты і сур’ёзны, а “маладзіца” гарэзліва прыціскаецца да мужа і бойка падстаўляе вусны для пацалункаў.
З гасцей — самыя блізкія людзі. Аднак не абышлося без сюрпрызаў. Павіншаваць юбіляраў, якія шэсць дзясяткаў гадоў крочаць поплеч, і ўручыць падарункі, прыехалі начальнік аддзела загса райвыканкама Галіна Пятроўна Аксюцік, старшыня Хмелеўскага сельвыканкама Сяргей Лявоньцевіч Прылуцкі і мясцовы паэт Вячаслаў Фядотаў, які прачытаў уласныя вершы.
— Які ж сакрэт вашага сямейнага доўгажыхарства? —  запыталася Г.Аксюцік, калі разгубленыя муж і жонка па традыцыі паставілі подпісы ў кнізе ганаровых юбіляраў.
На што Вера Фёдараўна адказала:
— Дзетачкі, мілыя, калі знайшлі сваё шчасце — не перавыхоўвайце, не “піліце”, не ганьбіце, а кахайце, кахайце і беражыце!
Дачка Ала падхапіла:
— Здаецца, галоўны бацькоўскі “сакрэт” у тым, што яны, колькі я сябе памятаю, побач. Татачка дровы коле — мама іх складвае, ён косіць — яна зграбае. Ён з працы затрымліваецца — яна нервуецца, паглядае на дарогу, а то і насустрач пойдзе… Не памятаю, каб ганіліся калі… Паважаюць адзін аднаго. Ведаеце, тата ніколі не забудзецца кветкі маме на святы купіць. Нават сёлета на ровары ў Жабінку паехаў (хаця яму без малога 90 гадоў), каб на 8 сакавіка букет падарыць! А мамачка заўжды яго радавала пірагамі і каўбасамі. Любіць і шкадуе свайго франтавіка — наш татачка ў 1945 годзе дайшоў да Берліна, і яшчэ шэсць гадоў служыў у спецаддзеле.
І кожную раніцу чую, як тата пытаецца ў мамы: “Верачка, ты яшчэ жывая?”. “Ат, саколік, не дачакаешся?”. “Не, без цябе мне свет нямілы…”. Радуюся за бацькоў і здзіўляюся іх пяшчотным адносінам і вернасці, якую яны захавалі і змаглі пранесці праз усё жыццё…
Святлана КІСЛАЯ.
На здымку: “брыльянтавае” вяселле адзначылі Уладзімір Сцяпанавіч і Вера Фёдараўна Касцюковічы з вёскі Сакалова.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*