Дзень — працоўны, настрой — сонечны

Дзень — працоўны, настрой — сонечны

_DSC4643Жніво на Жабінкаўшчыне набірае абароты. Па стану на 24 чэрвеня хлебаробы раёна абмалацілі 3745 гектараў, што складае 28,2% ад агульнай плошчы. Самая высокая ўраджайнасць зерневых і зернебабовых у ААТ “Ракітніца”, “Жабінкаўскі”, СВК “Хмелева” — адпаведна 48,3, 45,2, 41,7 цэнтнера з _DSC4742гектара. За першыя дні жніва намалочана ўжо звыш 14 тысяч тон збожжа, пры гэтым летась на пазначаную дату намалот складаў толькі 6 тысяч тон.
На пытанне журналіста раёнкі “Як арганізавана ўборка ў вашай гаспадарцы?”, намеснік дырэктара па раслінаводству ААТ “Ракітніца” Анатоль Максімавіч Ілючык адказаў: _DSC4721“Прыязджайце, самі пабачыце”. У дамоўлены час ён ужо чакаў газетчыкаў ля канторы, і прапанаваў праехаць да камбайнаў, якія завяршылі ўбіраць поле за вёскай За-дзерць і пераехалі абмалочваць ячмень на ўчастку ў 43 га за Ракітніцай.
Спякота. Сонца раз-пораз хаваецца за аблокі, аднак ветрыка няма. Чарада буслоў, як тыя правяраючыя, _DSC4705сноўдаюць паміж камбайнамі ў пошуках жабак і мышэй.
Тры камбайны адзін за адным акуратна і спора абмалочваюць каласы. Працаваць складана: пасля нядаўніх дажджоў сцябліны прыбіла да зямлі, вельмі многа палегліцы. На такім полі не вельмі разгонішся.
— Паставілі сцяб-лінапад’ёмнікі, так што каласкі не губляем, — кажа Сяргей Мікалаевіч Цынкевіч, камбайнер са шматгадовым стажам. — А поле — не гоначная траса — тут акуратна трэба. Нізка жатку апусціш — зямлі нахапаеш, высока — палегліцу не возьмеш. Пільнасць і дакладнасць патрэбныя. У дзень кожны абмалочвае такіх 15-18 гектараў.
Яго маладому напарніку Алегу Міхалюку ёсць чаму павучыцца.
— А я глебу пад ячмень рыхтаваў, а цяпер вось жну, — не без гонару са шчырай усмешкай на твары кажа Алег. — Гэтае жніво для мяне першае… Дзень — працоўны, настрой — сонечны. Кормяць нас выдатна ў абед і вечарам, таму з голадам “ваяваць” не даводзіцца. Спякота не вельмі дакучае. Абы дажджу не было.
— І для мяне гэтая ўборка таксама першая, — уключаецца ў гутарку пад час хвіліннага “перакуру”, каб зрабіць фотаздымак, Сяргей Семянюк. — Я ў райаддзеле МНС працую, у адпачынак пайшоў спецыяльна зараз, каб на жніве папрацаваць.
— Зарабіць неблагія грошы рэальна, — кажа вадзіцель Віктар Уладзіміравіч Горб. — Учора, напрыклад, я крыху больш за 700 тысяч рублёў зрабіў. З раніцы рапс на камбікормавы завод дастаўляю, а потым, калі аграном дае “дабро”, адвожу збожжа ад камбайнаў на зернеток. У дзень атрымліваецца па 12-14 рэйсаў.
А там шчыруюць юныя ўдзельнікі жніва — старша-класнікі Ракітніцкай сярэдняй школы Сяргей Сколда з в.Задзерць і Вераніка Целянкевіч з в.Буль-кова. Дабіра-юцца на зернеток, што ў Ракітніцы, на веласі-педах, спрытна арудуюць рыдлёўкамі і шчоткамі і мараць патраціць будучы заробак на новы мабільны тэлефон і вопратку, каб не браць грошы ў бацькоў.
— Каб яшчэ дзён дзесяць сухога, цёплага надвор’я, і мы сабралі б зерневыя і зернебабовыя, — адзначаюць механізатары.
Паліва хапае, тэхніка не зношаная, вопыту і жадання працаваць у іх не адняць.
Работай і механізатараў, і вадзіцеляў Анатоль Максімавіч Ілючык задаволены. Пакуль, па яго словах, пачатак жніва не выклікае трывог: усе 8 камбайнаў айчыннай вытворчасці на хаду, як толькі сыдзе раса, яны ўжо ў полі. Уборка рапсу стала своеасаблівай размінкай напярэдадні правядзення асноўных работ. А ўбраць зерневыя і зернебабовыя неабходна на 1567 гектарах.
Высокія тэмпы і якасць на жніве паказваюць таксама камбайнеры Віталь Чмуневіч, Леанід Баскакаў, Іван Зінкевіч, Пётр Лісоцкі, Сяргей Горб, Аляксандр Лукашэвіч і Валерый Астапук. Анатоль Максімавіч перакананы, што валавы збор перавысіць лічбу ў 5 тысяч тон, так што ў рупліўцаў ёсць усе шанцы стаць “тысячнікамі”. А там і дзяржзаказ выканаюць, і на мясцовы завод частку збожжа адвязуць, каб атрымаць якасны збалансаваны корм для грамадскага статка.
Для таго, каб дасягнуць максімальных намалотаў, збожжа неабходна ўбраць у аптымальныя тэрміны. Гэта разумеюць усе ўдзельнікі жніва і не лічацца з часам.
За камбайнамі па палях ідуць прэспадборшчыкі, прэсуюць салому ў цюкі. Паралельна ў ААТ “Ракітніца” на плошчах, дзе ўбралі рапс, праводзіцца лушчэнне сцярні і заворванне глебы пад сяўбу азімых культур. Пакуль усе работы ў гаспадарцы вядуцца па графіку.
Святлана БЯЛЯК.
На здымках: камбайнеры Сяргей Семянюк, Сяргей Цынкевіч і Алег Міхалюк; юныя ўдзельнікі жніва Сяргей Сколда і Вераніка Целянкевіч; збожжа — у кузаў; вадзіцель Віктар Горб.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top