Багатая зямля на таленты

Багатая зямля на таленты

IMG_2196У нядзелю 13 ліпеня ў Ракітніцы праводзілася акцыя “Кніга. Час. Мы!”. На свята былі запрошаны вядомыя землякі, якія ў розных галінах творчасці праславілі сваю малую радзіму.
Родная зямля — зямля твая і мая. Мы падраслі і разляцеліся, хто куды, але ў думках IMG_2213не раз і не два вярталіся ў родныя мясціны. А то і прыязджалі, каб убачыць перамены, што адбыліся за той час, як мы вандравалі недзе далёка…
У той ліпеньскі сонечны дзень у Ракітніцу нас паклікалі на сустрэчу супрацоўнікі раённай бібліятэчнай сістэмы разам з мясцовымі работнікамі культуры.
IMG_2211Як было ні прыехаць на малую радзіму?! І мы з галоўным рэдактарам газеты “Сельская праўда” Святланай Вішнеўскай дабраліся ў Ракітніцу з Жабінкі, артыст Іван Герасевіч — з Брэста, а паэт Іван Дацкевіч са шлюза “Навасады” прыехаў на нязменным сваім памочніку — ровары.
Не ўсе, пра каго хацелі расказаць вядучыя Марыя Гаджыева, Таццяна Прадзялюк і Галіна Дулевіч, змаглі прыйсці на свята. Хоць і абяцаў быць на ім ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Данілавіч Яроцкі, былы кулямётчык, кавалер ордэна Айчыннай вайны і шматлікіх медалёў, ды хваробы не пусцілі. Да баявых у ветэрана дадаліся і ўзнагароды за мірную працу. Заслужанай пашанай у землякоў і сёння карыстаецца Міхаіл Данілавіч…
Першы прафесійны паэт, нара-джэнец жабінкаўскай зямлі, Альбін Дзяконскі прыйшоў ў свет вясной 1892 года ў маёнтку Пятровічы, што ў пяці кіламетрах ад Ракітніцы. Пісаў Альбін Міхал па-польску. Яго вершы і байкі дагэтуль перакладаюцца на беларускую мову. Суседнія Федзькавічы — малая радзіма беларускага паэта Васіля Гадулькі, аўтара зборніка “Голас”. Лёс абодвух паэтаў аказаўся трагічным: ніводзін з іх не дажыў і да пяцідзесяці гадоў.
На доўгі час быў адарваны ад родных мясцін Іван Дацкевіч: трыццаць гадоў вадзіў караблі па Каме, прыгожым прытоку вялікай рускай ракі Волга. Там напісаліся першыя ягоныя вершы, а пасля было вяртанне ў Беларусь. У той час пачынаючы паэт сур’ёзна захапіўся вершамі, выдаў два паэтычныя зборнікі. Вяртанне на Радзіму — адна з асноўных тэм у кнізе Івана Трафімавіча “Возвращение”:

Годы лучшие отдал я уральским краям.
Я трудился, как мог,
в чём же нынче мне каяться?
Улетел я подранком к чужим берегам,
Возвратился теперь
белым раненым аистом…
Іван Герасевіч са Стрыганца мог бы, як яго продкі, усё жыццё працаваць на зямлі, ды нечакана хлопца паклікала акцёрская работа. Без малога паўвека аддаў Іван Пракопавіч Брэсцкаму тэатру лялек. У яго на рахунку сотні розных роляў, тут ён займеў заслужаную пашану ў юнага гледача. І сёння ні адна прэм’ера ў родным тэатры не адбываецца без удзелу Герасевіча. Сыграў Іван Пракопавіч і ў 14 кінафільмах. Сёлета вядучаму майстру сцэны было прысвоена ганаровае званне заслужанага артыста Беларусі.
— Клікалі мяне працаваць і ў Брэсцкі драматычны тэатр, — расказваў Герасевіч. — Але той, хто захварэў тэатрам лялек, не можа здрадзіць яму. Бо ўсе мы родам з дзяцінства!
З цеплынёй і шчырасцю гаварыла Святлана Вішнеўская пра класнага кіраўніка Вольгу Лукінічну Яроцкую, гісторыка Мікалая Сямёнавіча Міцковіча, іншых педагогаў Ракітніцкай школы. Яны памаглі Святлане Мікалаеўне выбраць тую дарогу, што стала сэнсам усяго жыцця. Сапраўды, яна прайшла шлях ад карэспандэнта да галоўнага рэдактара раёнкі.
Багата наша зямля на таленты! Яна дала свету Героя Сацыяліс-тычнай Працы, кавалера шасці ордэнаў Леніна акадэміка Андрэя Трафімука; жанчыну-камбайнера, узнагароджаную ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума “Знак Пашаны” Яўгенію Ушкар; мастака, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Івана Рэя…
Кім стануць тыя юныя гледачы, што прыйшлі на свята? Ім, хлопчыкам і дзяўчынкам, прапаноўвалася нямала розных цікавых мерапрыемстваў.
Дзеці і дарослыя маглі танцаваць пад музыку народнай эстраднай студыі “Аляксандр-парк”, слухалі на літаратурнай палянцы “Казкі сястрыцы Алёнушкі”, удзельнічалі ў бяспройгрышнай латарэі “Імгненне ўдачы”, прымервалі на сабе вобразы казачных герояў, пабывалі на выставах “Зоркі чытаюць, а вы?”, “Візіт у гісторыю”, “Вайны святыя старонкі”. На другім паверсе, у фае, разгарнулася інтэлектуальна-псіхалагічная гульня “Бібліяманія”, а недалёка, у кабінеце клубных работнікаў, адкрыўся салон варажбы “Магія кніг”. Выклікаў захапленне ў жыхароў вёскі і яе гасцей футбольны фрыстайл у выкананні берасцейца Сяргея Шмоца. Для наймалодшых праводзілася гульнёвая праграма “Дзеці, кніга і гульня — неразлучныя сябры”.
Гледачы пабывалі на экскурсіі ў пакоі народнага быту Ракітніцкага СДК, дзе маглі паказаць сваё ўмельства ў конкурсе “Твораць рукі прыгажосць” (гуртком ткацтва ў Доме культуры кіруе Таццяна Аляксееўна Міхалюк, разам з ёю былі яе выхаванцы — Каця Сухарэвіч і Насця Баранік).
Госці свята пакідалі свае водгукі на “Дрэве пажаданняў”. Усе мерапрыемствы былі цесна пераплецены, бо праводзіліся ў рамках акцыі “Кніга. Час. Мы!” Рабілася ўсё на добрым узроўні і не пакінула абыякавым анікога. Нам нават крыху шкада тых, хто ў гэты дзень застаўся дома, не прыйшоў на свята кнігі ў Ракітніцы.
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
На здымках: на кніжнае свята заклікалі афішы; на акцыі ў Ракітніцкай бібліятэцы сустрэліся землякі:  пісьменнікі Расціслаў Бензярук і Іван Дацкевіч, галоўны рэдактар раёнкі Святлана Вішнеўская і заслужаны артыст Беларусі Іван Герасевіч; дзеці ахвотна фатаграфаваліся ў фае і гулялі на пляцоўцы перад клубам.
Фота Анатоля Бензерука.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top