Сакрэты маладосці ад Людмілы Гаўрылюк

Сакрэты маладосці ад Людмілы Гаўрылюк

IMG_0897Што галоўнае для жанчыны? Рэалізавацца як маці, бачыць сваё адлюстраванне ў дзецях, ганарыцца іх поспехамі. Людміла Гаўрылюк — шчаслівая мама. Разам з мужам Віталем яны вырасцілі і выхавалі дваіх дзяцей, якія заўсёды былі іх гонарам.
— Калі я да Дня маці атрымала Пісьмо падзякі і Падзячную грамату з Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта за выхаванне сына, — кажа Людміла, — я плакала ад шчасця і гонару за яго. Канечне, кожнай маме прыемна, калі дзіця вырасла добрым чалавекам. Для мяне гэты год знамянальны: і дачка, і сын скончылі свае ўніверсітэты, атрымалі дыпломы. Аляксандра вучылася ў медыцынскім у Мінску, Ілья — у тэхнічным у Брэсце. Дачка ўжо ўладкавалася на працу ў мінскі анкалагічны цэнтр анестэзіёлагам-рэаніматолагам, сын атрымаў спецыяльнасць інжынера, пакуль у пошуках працы.
Гледзячы на Людмілу, ніколі не скажаш, што ў яе такія дарослыя дзеці. У гэтай сімпатычнай жанчыны стройная падцягнутая фігура, дагледжаныя твар, рукі, валасы… Спартыўны стыль адзення, рукзачок праз плячо… У чым сакрэт маладосці і прыгажосці, цікаўлюся ў маёй суразмоўніцы?
Па-першае, тлумачыць Людміла, жанчына “свеціцца”, калі кахае і адчувае сябе каханай. Яны з мужам пажаніліся амаль 25 гадоў таму, але і зараз іх сумеснае жыццё нагадвае “мядовы” месяц.
Па-другое, амало-джваюць жанчыну дзеці, лічыць Людміла Гаўрылюк. Медыкі, дарэчы, таксама сцвярджаюць, што пад час цяжарнасці і родаў жаночы арганізм  “маладзее”.
Па-трэцяе, не выглядаюць на свае “сапраўдныя” гады, згодна з меркаваннем Людмілы, выхавальніцы, настаўніцы, выкладчыцы, якія працуюць з дзецьмі.
Сама яна — трэнер-выкладчык І катэгорыі Жабінкаўскай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву. Вучыць сваіх выхаванцаў плаванню.
— Працаваць з дзеткамі, асабліва з маленькімі — адно задавальненне, — дзеліцца Людміла. — Яны такія мілыя, непасрэдныя, цікаўныя. Бывае, хто-небудзь сапсуе настрой, а пабачу маіх выхаванцаў, паслухаю іх “шчабятанне” — і ўсмешка на твары з’яўляецца. Дапамагаю дзецям пераадолець страх перад вадой, расказваю, наколькі важна ўмець плаваць, як гэта патрэбна ў жыцці.
Калі Людміліны дзеці былі маленькія, яна не працавала, выхоўвала іх дома. Лічыць, што асноўнае выхаванне даюць не садзік і школа, а бацькі. Знаходзіцца цэлы дзень на працы — значыць недадаваць дзеткам любові, увагі.
— Сын і дачка ўдзячныя мне за тое, што ў дзяцінстве “мама была побач”, — гаворыць Людміла. — Сённяшніх сваіх маленькіх выхаванцаў люблю, як уласных, і выхоўваю “як дома”. Стараюся кожнаму ўдзяліць увагу, пагаварыць на розныя тэмы, у першую чаргу — пра здаровы лад жыцця. Некаторыя давяраюць мне тое, што не могуць расказаць бацькам. Я для іх як старэйшы сябар. Люблю хадзіць з дзецьмі ў паходы: там яны раскрываюцца з абсалютна іншага боку. Да прыкладу, пад час першай змены ў чэрвені працаваў дзіцячы летнік на базе “Бадзёрасці”, і мы хадзілі ў паход на дзевяць дзён. У адну з начэй была жудасная навальніца. Але дзеці трымаліся малайцамі.
Чацвёрты сакрэт маладосці і прыгажосці, які раскрывае Людміла Гаўрылюк, — заняткі спортам, актыўны адпачынак. Яна — нараджэнка Нясвіжа. У школьныя гады займалася ў спартыўнай школе валейболам, пад час вучобы на настаўніка фізічнай культуры ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна — плаваннем. Як толькі адчыніўся ФАУ “СК “Бадзёрасць” у Жабінцы, ёй прапанавалі працу ў спартыўнай школе. Спачатку Людміла выкладала валейбол, а потым плаванне. Першапачаткова працавала з дзецьмі, пасля і з дарослымі. Зараз у яе дзве жаночыя і тры дзіцячыя групы. Жанчын Людміла вучыць асновам фітнесу і аквааэробікі.
— Займаюцца мае “падапечныя” тры дні ў зале і два — у басейне. Заняткі пачынаюцца ў верасні і да “хто колькі асіліць”. Многія не вытрымліваюць нагрузкі.
Людміла Гаўрылюк наведвае розныя курсы па новых накірунках фітнесу, каб ісці ў нагу з часам.
Зараз у трэнераў-выкладчыкаў летнія канікулы.
— Я працую, нават знаходзячыся ў адпачынку, —
дзеліцца яна. — Не магу сядзець без справы: сумна. Работа ж, якая б яна ні была, прыносіць задавальненне.
Гэта, напэўна, яшчэ адзін “амаладжальны” яе сакрэт.
Нядаўна Людміла Гаўрылюк адсвяткавала свой чарговы дзень нараджэння. Яна не разумее тых людзей, для якіх гэта “сумнае свята”.
— З гадамі мы мудрэем і, як гэта ні парадаксальна, маладзеем. Калі не целам, то душой, — кажа трэнер. — Трэба любіць жыццё, любіць людзей, дарыць усмешкі, займацца спортам.
Пагаварыўшы з гэтай пазітыўнай жанчынай, мне і самой захацелася заняцца фітнесам і плаваннем. Упэўнена, наша сустрэча была не апошняй.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: трэнер-выкладчык СДЮШАР Людміла Гаўрылюк.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top