“Мама, мы тваю Радзіму вызваляем”

“Мама, мы тваю Радзіму вызваляем”

7700Дарожны нарыс

У нас такі звычай, і было яно, і ёсць, і будзе. Як чалавек жыве, працуе, а яго нават не бачаць і не знаюць… Калі ж памрэ, сотні гадоў ёсць успамінанне, пішуць аб ім, чытаюць аб ім, шукаюць яго: дзе ён, о.

Мікола ТАРАСЮК, народны майстар Беларусі.

Пачатак пошуку

Па-рознаму пачынаецца пошук. Часам штуршком для яго становяцца старыя фотаздымкі, лісты, успаміны… Так было і на гэты раз…
Іх было тры: два лісты-надзеі і ліст-падзяка — ад братоў Мацкевічаў. Салдацкія трохкутнікі з вайны, трэцяе пісьмо — з 1993 года.
Даўняя справа. Але ж настолькі кранулі радкі, што вырашыў: трэба знайсці час, каб сустрэцца і паразмаўляць з аўтарам апошняга ліста.

Ліст Васіля Мацкевіча
(студзень 1993 года)

Брат Валодзя быў добрым, жыццярадасным чалавекам. З малых год дапамагаў бацьку па гаспадарцы. Калі немцы пачалі гнаць моладзь у Германію, бацька адвёз сына не на зборны пункт, а ў лес, дзе той доўга хаваўся.
Як паблізу з’явіўся партызанскі атрад імя Лазо, Валодзя далучыўся да народных мсціўцаў, прыбавіўшы сабе два гады, а пасля вызвалення пайшоў з Чырвонай Арміяй.
З фронту прыйшылі два лісты. У адным ён пісаў: “Мама, мы тваю Радзіму вызваляем…”.

У ліпені сорак чацвёртага

У тым агнявым месяцы, калі разгарнулася аперацыя па вызваленні нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, фронт імкліва рухаўся па Берасцейшчыне.
14 ліпеня арміі І-га Беларускага фронта магутным ударам авалодалі Пінскам, у наступны дзень ачысцілі ад ворага Бярозу, 16 ліпеня занялі Пружаны і Іванава, а 17-га — Драгічын.
Родная вёска Мацкевічаў Старое Клемянцінава тады ўваходзіла ў Драгічынскі раён. Пасля выгнання акупантаў з яго малой радзімы Уладзімір Мацкевіч стаў радавым 369-га палка 212-й Крычаўскай стралковай дывізіі, якая імкліва наступала ў заходнім кірунку.
Ноччу 18 ліпеня перадавыя часці І-га Беларускага фронту наблізіліся да тэрыторыі Жабінкаўскага раёна. У эфір паляцела паведамленне “Саўінфармбюро”: “Савецкія рухомыя атрады выбілі немцаў з вузлавой чыгуначнай станцыі Жабінка”.
Аднак напружаныя баі на нашай зямлі ішлі яшчэ тры доўгія дні. Толькі апоўдні 21 ліпеня чырвонаармейцы зламілі нарэшце варожае супраціўленне пад Жабінкай. Гэтая дата традыцыйна святкуецца ў горадзе як дзень вызвалення.
Адным з тых, хто ўлетку 1944 года змагаўся за нашу свабоду, быў 19-цігадовы Уладзімір Мацвеевіч Мацкевіч. Менавіта тады ён напісаў: “Мама, мы тваю Радзіму вызваляем…”. Бо ведаў, што Ксенія Кірылаўна нарадзілася ў Жабінкаўскім раёне, у Драмлёве. Аднак яму не суджана было даведацца, што матулінай роднай вёскі ўжо не існуе на зямлі.
Драмлёва загінула 11 верасня 1942 года, на свята Галавасек. Зніклі ў агні 184 драмлёўцы, з полымя ўратаваліся толькі чацвёра падлеткаў ды тыя, каго ў трагічны ранак не было ў “вогненнай вёсцы”…
Праз некалькі дзён, як стралок Уладзімір Мацкевіч напісаў свой ліст, ён склаў галаву ў баі пад Брэстам. Палявая пошта неўзабаве данесла ў родную вёску кароткія весткі ад салдата і пахавальны ліст па ім…

Будзем шукаць жывых

Зараз Клемянцінава ў складзе Іванаўскага раёна. Таму папярэдне вырашыў пазваніць у Іванава. Спадзяваўся адшукаць хоць некага з родных Уладзіміра Мацвеевіча. Расказаў гэтую гісторыю старшыні Іванаўскага раённага Савета дэпутатаў Святлане Іванаўне Маісейчык. Яна абяцала дамагчы высветліць лёс Мацкевічаў і раптам перапытала:
— У якой дывізіі, кажаце, ваяваў Уладзімір?
— У 212-ай Крычаўскай.
— Мой бацька таксама быў у 212-ай… Магчыма, яны й сустракаліся, ведалі адзін аднаго (землякі ўсё ж), — сказала Маісейчык і пасля кароткай паўзы дадала: — На жаль, тата амаль дзесяць гадоў як памёр… Добра, будзем шукаць жывых.
Яна патэлефанавала праз некалькі тыдняў:
— Навіны дрэнныя: усе браты і сёстры Уладзіміра Мацкевіча таксама ўжо на кладах…
Быў лістапад 2013 года. Я зазбіраўся на Іванаўшчыну.

Два Клемянцінава

На карце вёска адна. Для мясцовых іх дасюль дзве: Клемянцінава Старое і Клемянцінава Новае.
Вёскі побач, але спрадвеку паміж імі пралягае нейкая мяжа. Яна нябачная, але адчувальная. Царквы ў Клемянцінаве ніколі не было. Таму “стараклемянцінаўцы” спрадвеку хо-дзяць у старажытную Свята-Міхайлаўскую, у Асаўцы, што ў суседнім Драгічынскім раёне. “Новаклемянцінаўцы” перавагу аддаюць больш новай Крыжаўзвіжанскай — у Варацэвічах (на радзіме мастака Напалеона Орды). Могілак таксама пара: старыя і новыя…
Разам са старшынёй мясцовага сельвыканкама Вольгай Іванаўнай Качановіч і старастай вёскі Клемянцінава Валянцінай Сцяпанаўнай Федзюковіч мы ехалі на старыя. Насустрач рухаліся мужчыны. Вольга Іванаўна пабачыла іх і сказала:
— Вунь нашы касцы вяртаюцца. Значыць, клады ўжо абкасілі. Мы зараз вакол могілак новы плот ставім, прыбіраемся — усё сваімі сіламі. Зараз позняя восень, галоўныя працы ў полі скончыліся, вось у людзей і знайшоўся час, каб гэтай патрэбнай справай заняцца.
Стараста вёскі раптам уздыхнула:
— …а мы на яго так спадзяваліся…
Гэта было сказана пра Васіля Мацкевіча.
У чым былі спадзяванні? Васіль Мацвеевіч працаваў у сталіцы (“быў начальнікам па вадзе”, як гавораць тутэйшыя). Ён дапамог заасфальтаваць вясковую вуліцу, падтрымаў ідэю абнаўлення старых могілак. Планаваў капітальна адрамантаваць бацькоўскую хату, хацеў сюды вярнуцца век дажываць. Так, меў планы на жыццё, а праз колькі дзён тое жыццё абарвалася. Планаваў вярнуцца і — вярнуўся…
Праз хвіліну мы стаялі ля трох мармуровых дамавін: Васіля Мацкевіча, ягоных бацькоў — Ксеніі Кірылаўны і Мацвея Васільевіча. Камяні, вядома, былі маўклівыя — толькі сухія лічбы: пачатку і канца…

Здымак з фотаальбома

— Я — Лялько: як лялька, мяне і ў школе гэтак дражнілі, бо расточку была невялічкага і прозвішча такое мела. Як пайшла за свайго Косціка, прывёз мяне, маладзенькую, у Клемянцінава, стала Мацкевіч. Мой Косцік з Васілём былі стрыечнымі братамі. Яны вельмі сябравалі, — гаварыла Галіна Сяргееўна Мацкевіч.
Размаўлялі ў яе хаце, што па-суседству з пустым домам тых, хто ўжо на могілках.
Я спытаў:
— Вы часам не памятаеце дзявочае прозвішча Ксеніі Кірылаўны? Ведаеце, яна з нашага раёна, з Драмлёва, якое спалілі фашысты. Там да вайны жылі некалькі Кірылаў, і кожны па ўзросце мог быць яе бацькам.
Жанчына вінавата паціснула плячыма:
— Не помню, а мо і не знала ніколі… Ксенія была вельмі працавітая жанчына, прыбірала ў пачатковай школе. А школа тая займала частку іх вялікай хаты, і танцы там ладзілі, і Новы год вучні сустракалі. А зараз людзі ўсе пастарэлі…
У пакоі, дзе ішла наша няспешная размова, знаходзіўся Андрэй Шыманскі, які займаўся сваёй звычайнай справай: фатаграфаваў, запісваў відэа, праглядаў старыя альбомы. Раптам ён літаральна ўварваўся ў наш дыялог:
— Выбачайце, а адкуль у вас гэты здымак?
На старым фота — горны вадапад, а побач жанчына з вялікім сабакам.
— З Польшчы. Гэта цёця Яся, жонка дзядзькі Севы, а дзядзька Сева — брат маёй маці. Яны ў вайну пераехалі ў Зялёну Гуру, там і засталіся, — ахвотна адказала Галіна Сяргееўна. — На картачцы Яся на нейкім курорце.
— Та-а-ак? Нічога сабе, цуд нейкі! — прамовіў фатограф.
— Што, Андрэй? — умяшаўся я.
Ён зірнуў неяк па-дзівацку і махнуў рукою:
— Потым раскажу! Працягвайце размову.

Пад грукат колаў
(замест эпілога)

Пад грукат вагонных колаў хацелася заснуць, але раптам, зірнуўшы на Шыманскага, успомніў:
— Андруха, што цябе гэтак зачапіла ў альбоме?
— Я ўжо бачыў раней тое фота. У часы СССР мы жылі ў Чалябінску. Тады была мода: піянеры ліставаліся з равеснікамі з “краін сацлагеру”, перапісвалася з польскай дзяўчынкай і мая сястра. Аднойчы замежная сяброўка прыслала здымак сваёй матулі — такі самы здымак! Уяві, дзе Чалябінск — дзе Клемянцінава, колькі ў Беларусі вёсак — колькі бабулек са старымі альбомамі ў іх жыве, нарэшце, як часы змяніліся… і раптам… Не, ты не паверыш у такую жыццёвую латарэю!
Ну, чаму ж не паверу? Звычайная ўсмешка Бога…
Праз два тыдні стала вядома, якое прозвішча насіла Ксенія Кірылаўна, пакуль не пайшла замуж у Старое Клемянцінава. Дапамаглі супрацоўніцы Жабінкаўскага і Драгічынскага загсаў. Дзякуй ім за тое.
… Драмлёўцаў палілі ў хлявах. У адным згарэлі Іван і Сцяпан Дзенісюкі, малодшыя браты Ксеніі. У другім — Іванава жонка Аўдоцця з дзецьмі Мішам і Верай.
Наймалодшы пляменнік Ксеніі Кірылаўны пазбег агню, але не вады. Сведка трагедыі Міхаіл Сільвестравіч Іванюковіч расказваў: “Чатырохгадовага Сяргейку, сына Івана Дзенісюка, гітлераўцы кінулі ў калодзеж. Калі мы выцягнулі яго, доўга не маглі апамятацца…”.
Пошук не завершаны. Пры нагодзе трэба наведацца ў вёску Чэрні Брэсцкага раёна, дзе ў брацкай магіле ляжыць той, хто вызваляў матуліну радзіму.
7701На здымках: Галіна Сяргееўна Мацкевіч; дамавіна Васіля Мацкевіча  ў Клемянцінаве.
Фота Андрэя ШЫМАНСКАГА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top