Прыняць, захаваць, перапрацаваць

Прыняць, захаваць, перапрацаваць

IMG_0927 Такія задачы стаяць перад ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” у час нарыхтоўчай кампаніі.

Да прыёму збожжа ад гаспадарак Жабінкаўшчыны і суседніх раёнаў прадпрыемства было гатова ўжо 20 чэрвеня. Камісія, у склад якой уваходзілі галоўны дзяржаўны інспектар працы Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь,  прадстаўнікі дзяржаўнай хлебнай інспекцыі, кампаніі холдынга “Брэстаблзернепрадукт”, раённых ветэрынарнай службы і аддзела надзвычайных сітуацый, правяла праверку на прадпрыемстве і паставіла цвёрдую чацвёрку.
У час падрыхтоўкі да новага сезона была адрамантавана сушылка, заменены некаторыя транспарцёры, пастаўлены скальпялятар для адбору адходаў, праведзены бягучы рамонт абсталявання, у стадыю поўнай гатоўнасці прыведзена ўся матэрыяльна-тэхнічная база.
З 1 ліпеня камбікормавы завод працуе кругласутачна ў нарыхтоўчым рэжыме. На IMG_0930перыяд нарыхтоўкі збожжа загадам дырэктара завода зацверджаны адказныя работнікі, складзены графікі дзяжурства кіруючых асоб, дзяжурных з ліку інжынерна-тэхнічных работнікаў. Галоўная задача апошніх — сачыць за разгрузкай аўтамабіляў, хутка ацэньваць сітуацыю і не дапускаць прастою тэхнікі. Дыспетчарская служба назірае за працэсам прыёму збожжа.
На 14 ліпеня на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” паступіла 3500 тон зерневых і 120 тон рапсу новага ўраджаю.
— Акрамя Жабінкаўскага, ужо падключыліся да здачы збожжа Брэсцкі, Камянецкі і Маларыцкі раёны, — расказвае намеснік дырэктара завода Сяргей Сяргеевіч Ступчык. — Запланавана, што алейнае насенне будуць дастаўляюць гаспадаркі не толькі нашага раёна, але і пяці раёнаў вобласці, дзяржзаказ на гэтую культуру — 5 тысяч тон. На сённяшні дзень рапс прывозяць з СВК “Хмелева” і “Маціевічы”, а таксама з СВК “Чарняны” і “Чырвоны партызан” Маларыцкага раёна.
Ёмістасці завода: новы і стары элеватары, складскія памяшканні — дазваляюць прыняць 40 тысяч тон збожжа. Каб забяспечваць дзейнасць завода круглы год, неабходна закласці 90-100 тысяч тон. У перыяд уборкі, як правіла, нарыхтоўваецца 30-35 тысяч тон. Астатняе зерне гаспадаркі сушаць у сябе і давозяць на працягу ўсяго года.
— Для закладкі і захоўвання зерня ячменю ідэальнай з’яўляецца вільготнасць у 14 працэнтаў, засмечанасць — 1-2 працэнты, — тлумачыць намеснік дырэктара. — Пажадана, каб зерне паляжала, “аддыхалася”, тады павышаецца яго якасць. З павышанай вільготнасцю дасушваем, а потым кладзем на захоўванне. У далейшым яно будзе перапрацоўвацца на камбікармы. Сярэдняя вільготнасць, з якой зерне азімага ячменю сёння паступае на завод, — 16-18 працэнтаў. Норма вільготнасці для рапсу 7-8 працэнтаў, прымаем яго ў межах 10-15. Дзве нашы сушылкі дазваляюць яго дапрацоўваць.
У сярэднім на камбікормавы завод у час масавай уборкі паступае 1-1,2 тысячы тон зерня ў дзень.
— На час масавай нарыхтоўкі збожжа ў лабараторыю завода, вагавую і на элеватар дадаткова набіраем людзей, — расказвае Сяргей Сяргеевіч. — Сёлета прынята 30 работнікаў. У асноўным гэта студэнты, якія працавалі ў летні перыяд у нас раней і ўжо маюць пэўны вопыт. Дарэчы, прымаем толькі тых, каму споўнілася 18 гадоў.
На ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” створаны добрыя ўмовы для захоўвання зерня, таму многія гаспадаркі раёна супрацоўнічаюць з заводам на давальніцкіх умовах. Гэта азначае, што камбікормавы завод за некаторую плату захоўвае зерне, якое належыць гаспадарцы. Затым яно перапрацоўваецца на камбікармы. У выніку сельгаспрадпрыемства атрымлівае камбікармы, без якіх сёння не абысціся пры ўтрыманні жывёлы, і плаціць толькі частку сумы, якую завод затраціў на вытворчы працэс і дабаўкі. Такое супрацоўніцтва даўняе і ўзаемавыгаднае.
Наталля ВАЛОШКА.
На здымках: аператар пульта кіравання Валянціна Пятроўна Вакула прымае зерне рапсу; на разгрузцы студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Арцём Старыкевіч і Уладзіслаў Мейлах.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top