Бізнес малы — даходы вялікія

Бізнес малы — даходы вялікія

Малое прадпрымальніцтва займае трывалае месца ў эканоміцы любога рэгіёна і адыгрывае істотную ролю ў сацыяльнай сферы, спрыяе фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, развіццю сферы паслуг, стварэнню новых працоўных месцаў. Аб тым, якую ролю адыгрывае малы бізнес на Жабінкаўшчыне, гутарка з намеснікам старшыні райвыканкама А.П.Грыгарчуком.
— Ён прадстаўлены па стане на 1 ліпеня 211 юрыдычнымі асобамі і 466 індывідуальнымі прадпрымальнікамі. На Жабінкаўшчыне працуе 21 сялянская (фермерская) гаспадарка.
Калі гаварыць пра сферы дзейнасці малога бізнесу, дык пра гэта ў наступных лічбах: 29,4% ажыццяўляюць грузаперавозкі, 24% займаюцца гандлем, 16,3% — вырошчваннем сельгаспрадукцыі і аказаннем паслуг у гэтай галіне, 13,6% — выпускаюць прамысловую прадукцыю, 3,2% — будуюць і рамантуюць будынкі і збудаванні, у 13,5% — іншыя віды дзейнасці.
За мінулы год суб’екты малога бізнесу папоўнілі бюджэтную “казну” раёна на 13 мільярдаў рублёў падатковымі плацяжамі, індывідуальныя прадпрымальнікі — на 5,4 мільярда рублёў. Гэта адпаведна на 7 і 1,1 мільярда рублёў больш у параўнанні з 2012 годам. Нягледзячы, што паступленні ад суб’ектаў малога прадпрымальніцтва на аднаго плацельшчыка ў раёне нязначныя — 76,5 мільёна рублёў пры сярэднеабласным паказчыку 165,8, аднак тэмп іх росту ў мінулым годзе быў значным: 162% пры сярэднеабласным 118,2%.
У першым паўгоддзі ў сферы малога прадпрымальніцтва створана 108 новых працоўных месцаў, зарэгістравалася 10 суб’ектаў малога бізнесу.
— Аляксандр Пятровіч, якія фірмы працуюць стабільна?
— У перапрацоўцы драўніны нядрэнна ідуць справы, лічу, у СТДА “Зодчыдрэў”, у галіне аптовага гандлю хачу адзначыць ТАА “СлавАўтаплюс”, у будаўніцтве — ТАА “Аграстыль”, якое займаецца мантажом металаканструкцый і абслугоўвае прадпрыемствы не толькі Брэсцкай вобласці, але і за яе межамі. Дарэчы, апошняя фірма ўдзельнічала ў абласным конкурсе “Лепшы прадпрымальнік года” ад Жабінкаўскага раёна.
ТДА “Ваш выбар плюс” можна выдзеліць у галіне прамысловай вытворчасці, ТАА “Альдэнса Люкс” — у галіне паслуг па вытворчасці мэблі. Сярод грузаперавозчыкаў трывала замацаваліся на рынку УП “СеВаШ-Транс”, ПП “ВАШ-аўтатранс” і “ШВД-Аўта”. Новыя ідэі і накірункі дзейнасці распрацоўвае ТАА “Прэстыжцэнтрсервіс”, якое займаецца ўстаноўкай нацяжных столяў.
— Як паўплываў на работу жабінкаўскіх прадпрымальнікаў Указ Прэзідэнта, які датычыцца рэгулявання дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў, самым галоўным пунктам якога з’яўляецца патрабаванне да іх мець з ліпеня 2014 года суправаджальныя дакументы на тавар, што набываецца ў тым ліку і ў краінах Мытнага саюза?
— Зразумела, яны аднесліся да новых патрабаванняў насцярожана. Але гэта агуль-нарэспубліканскія патрабаванні, і іх трэба выконваць. Хто і раней гандляваў сертыфіцыраванымі таварамі, працуюць у звычайным рэжыме.
Дзяржаўнымі органамі кіравання гандлем рэспублікі прымаюцца меры ў забеспячэнні прадпрымальнікаў шырокім асартыментам тавараў з усімі неабходнымі дакументамі.
З 6 мая бягучага года ў Брэсце па вуліцы Янкі Купалы, 100, пачаў працаваць магазін-склад аптовага гандлю шырокім асартыментам абутку з магчымасцю аплаты як за наяўны, так і за безнаяўны разлік. У продажы абутак рознага кошту вытворцаў Беларусі, Кітая, Польшчы, Украіны.
Акрамя таго, брэсцкі рынак “Стары горад” і гандлёвы цэнтр “Беларускі трыкатаж” запрашаюць на аптовыя закупкі швейных і трыкатажных вырабаў. Сотні прадаўцоў-прадстаўнікоў швейных фірм Брэста і Беларусі прапануюць оптам і дробным оптам прадукцыю напрамую ад вытворцаў. Пакупнікам выдаюцца ўсе неабходныя дакументы, прадугледжаныя Тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза “Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці”.
— Якія новыя паслугі хацелася б бачыць на Жабінкаўшчыне?
— Запатрабаваныя ў горадзе і раёне паслугі ў рамонце камп’ютараў і мабільных тэлефонаў. Праблема для нашых грузаперавозчыкаў — адсутнасць якаснага рамонту і абслугоўвання вялікагрузных аўтамабіляў. Пакуль гэтыя нішы не занятыя.
Нядаўна ў Жабінцы адчынілася станцыя дыягностыкі аўтамабіляў, зараз тэхабслугоўванне можна прайсці на месцы.
— Якую дапамогу аказвае малому бізнесу дзяржава?
— У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 мая 2009 года №255 “Аб некаторых мерах дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва” з абласнога бюджэту выдзяляюцца сродкі для размяшчэння ў дэпазіты банкаў з наступным прадстаўленнем ільготных крэдытаў суб’ектам малога бізнесу. Працэнтная стаўка па льготным крэдыце складае 0,5 стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, павялічанай не больш чым на 3 працэнтныя пункты. Дзяржаўная падтрымка ў мінулым годзе была аказана двум суб’ектам малога прадпрымальніцтва. Фермерскай гаспадарцы “ЯКВІЛ” выдзелены льготны крэдыт на набыццё абсталявання для вытворчасці сокаў, а ТАА “Бугтэкстыль”, якое займаецца вытворчасцю нятканых тэкстыльных матэрыялаў, — на закупку сыравіны.
Праз цэнтр занятасці ажыццяўляецца дзяржпадтрымка на стварэнне рабочых месцаў. Аднак ні летась, ні пакуль сёлета ніхто ў раёне ёй не скарыстаўся.
— Аляксандр Пятровіч, вы прымалі ўдзел у выязным семінары па пытаннях развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, што прайшоў напрыканцы мая ў Кобрыне. Чаму можна было павучыцца, што пераняць для нашага раёна?
— Семінар быў вельмі цікавым і карысным у плане пераняцця вопыту. Значных вынікаў дасягнула СТАА “ПП Палессе”. Гэта кобрынскае прадпрыемства стала лаўрэатам Прэміі ўрада Беларусі за дасягненні ў галіне якасці ў 2013 годзе. У нашым раёне такіх “гігантаў” прадпрымальніцтва пакуль няма.
Для параўнання: на сённяшні дзень на Жабінкаўшчыне зарэгістравана 677 суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, у Кобрынскім раёне — больш за тры тысячы. Для малога прадпрымальніцтва патрэбны жаданне, магчымасці, інвестыцыі. Калі ўсё гэта дапаўняе адно другое, бізнес развіваецца і прыносіць даход.
Гутарыла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top