Клічуць справы і ў выхадныя

Клічуць справы і ў выхадныя

IMG_0951Сустрэцца з Генадзем Хількевічам, начальнікам участка “Водаканал” КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”, аказалася няпроста. Не, Генадзь Уладзіміравіч не адмаўляўся ад спаткання, аднак кожны раз планы парушалі неадкладныя справы. Нарэшце ён цвёрда заверыў: “У нядзелю буду дома — там і сустрэнемся”. Сустрэліся, але… на працы.
Аварыйная сітуацыя. Прарыў водаправода. На вуліцы дождж ілье, але аграгарадок Вялікія Якаўчыцы застаўся без вады — водаправоднай. І начальнік участка “Водаканал” коратка ўводзіць у курс сітуацыі, праводзіць інструктаж з брыгадай, што спяшаецца на месца здарэння. Гаворыць дакладна, бо час прыспешвае і хлопцы ў брыгадзе вопытныя: ведаюць — што, дзе, як рабіць, каб у мінімальны тэрмін ліквідаваць прарыў.
Генадзь Уладзіміравіч расказвае:
— Як толькі ў нас узнікае вакансія, з’яўляецца шмат жадаючых яе заняць. І справа зусім не ў колькасці грашовых знакаў, што можа пакласці працаўнік у кішэню. Тут зусім іншае: многім вядома пра сяброўскі мікраклімат у “Водаканале”. Калектыў склаўся надзвычай дружны, згуртаваны, дзе ёсць адчуванне надзейнага пляча таварыша, які і дапаможа, і падкажа — не кіне ў складанай сітуацыі. На гэтай працы інакш нельга — без даверу адзін да аднаго, без дапамогі вельмі цяж-
ка — проста немагчыма.
Калектыў, акрамя кіраўніка, аб’ядноўвае найперш майстроў Эдуарда Пятровіча Вайноўскага і Генадзя Міхайлавіча Кульгавага — прафесійных спецыялістаў, на якіх Генадзь Хількевіч смела пакідае справы і клопаты, калі бывае ў камандзіроўках ці водпуску. Ёсць у штаце тры зваршчыкі і больш за дзесяць слесараў. Пра апошніх начальнік гаворыць з асаблівай цеплынёй і павагай:
— Вельмі кваліфікаваныя працаўнікі, кожны на сваім месцы, а ў пацвярджэнне — шматлікія добрыя водгукі ад жабінкаўцаў.
“Улада” “Водаканала” выходзіць далёка за межы райцэнтра. У 16 вёсках, што абслугоўваюць камунальнікі, таксама ёсць рабочыя, якія даглядаюць свідравіны і помпавыя станцыі ўчастка “Водаканал”. У ліку такіх населеных пунктаў і аграгарадок Вялікія Якаўчыцы, куды тэрмінова выехала аварыйная брыгада. Пакуль яны ў дарозе — на месцы перакрыюць ваду, каб зваршчыкі і слесары змаглі адразу заняцца ліквідацыяй аварыі. Аператыўнасць і зла-джанасць заўжды прыносяць станоўчыя вынікі.
Гэта толькі адзін, экстрэмальны бок працы калектыву ўчастка, які, дзякуй Богу, небывае штодня. А вось сярод спраў будзённых — бесперабойная падача вады насельніцтву, адкачванне сцёкавых вод, аказанне бытавых паслуг ва ўсіх відах сантэхнічных работ, дапамога арганізацыям, у тым ліку сельскагаспадарчым.
— Яшчэ займаемся добраўпарадкаваннем, — дадае Генадзь Уладзіміравіч, — зараз непасрэдна ўладкоўваем ліўнёўку на вуліцы Маладзёжная ў мікрараёне райбальніцы.
Каб справы спорыліся, нельга без разумнага кіраўніцтва. Начальнікамі, вядома, не нара-джаюцца. Каб кіраваць іншымі, трэба мець за плячамі нейкую жыццёвую школу, вопыт, назапашаны гадамі, тактоўнасць у адносінах да людзей і любоў да справы, якой прысвяціў жыццё. Усе гэтыя якасці — у наяўнасці.
Працавітасць і стараннасць у Генадзя Хількевіча — ад бацькоў Уладзіміра Пятровіча і Вольгі Сцяпанаўны, якія шмат гадоў аддалі працы ў ПМК-19, і былі задаволены, калі сын пасля заканчэння першай гарадской школы паступіў у Беларускую сельгасакадэмію ў Горках. Дарэчы, за пяць гадоў вучобы на Магілёўшчыне Генадзь знайшоў не толькі спецыяльнасць інжынера-гідратэхніка, але і жонку Людмілу. Першае месца працы дыпламаванага спецыяліста — майстар на будоўлі ў Мінску, але ж працаваць даводзілася не толькі ў сталіцы, бо ягоная фірма ўзводзіла элеватары ў Баранавічах і на камбікормавым заводзе ў Жабінцы.
Сюды, на малую радзіму, Генадзь Уладзіміравіч вярнуўся праз чатыры гады і вось ужо амаль два дзясяткі — у “Водаканале”. За гэты час прайшоў прыступкі кар’ернай лесвіцы ад майстра да начальніка ўчастка. Яго ўзначаліў у 2011-ым пасля Валерыя Іванавіча Юрчука, які кіруе зараз станцыяй абезжалезвання ў нашым горадзе.
Разам з кар’ерай расла і сям’я. Зараз Генадзь Уладзіміравіч і Людміла Пятроўна гадуюць доўгачаканых і вельмі жаданых дочак Вікторыю і Дар’ю. Дарэчы, сёлета ў Хількевічаў адразу два выпускнікі. Старэйшая дачка закончыла гарадскі ліцэй. А тата — другую ў жыцці акадэмію: на гэты раз — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: начальнік участка “Водаканал” Генадзь Уладзіміравіч Хількевіч.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top