Хлебароб перадыху не мае: за ячменем рапс паспявае

Хлебароб перадыху не мае: за ячменем рапс паспявае

IMG_9547У раёне заканчваецца ўборка азімага ячменю. Хлебаробы Жабінкаўшчыны абмалацілі ўжо 620 гектараў з 650. Самая высокая ўраджайнасць у СВК “Вазнясенскі” і ААТ “Ракітніца”: 47 і 39,4 цэнтнера з гектара адпаведна. Намалочана яго ў раёне звыш дзвюх тысяч тон.
Найлепшы паказчык па намалоце ячменю ў СВК “Шпіталі” — 473 тоны. Сёлета гэтая культура зай-
мае ў гаспадарцы 168 гектараў. На 10 ліпеня засталіся не ўбранымі 17% плошчаў. Зараз на ячменным палетку шчыруюць IMG_0806камбайнеры Ігар Пятручык (намалаціў 157 тон), Анатоль Лукашэвіч (110 тон), ветэран працы Іван Дубіна (106 тон) і вадзіцелі Аляксандр Іванюковіч, Васіль Масіевіч і Віталь Дзямчук.
Уборка гэтай культуры дае магчымасць праверыць гатоўнасць тэхнікі, дае салому на падсціл жывёлы і вызваляе плошчы пад пасевы паўкосных і пажніўных культур. Ячмень здаецца на камбікормавы завод для вырабу камбікармоў. Гэта дазваляе палепшыць рацыён кармлення статка.
IMG_0813Не за гарамі і ўборка азімага рапсу. Пакуль да яе прыступілі толькі хлебаробы СВК “Хмелева”. 9 ліпеня два камбайны выйшлі на палеткі вытворчага ўчастка “Падлессе”.
У гаспадарцы адве-
дзена пад гэтую алейную культуру 150 гектараў. Шчыруюць два “экіпажы” камбайнераў: Іван Дзянішчыч з сынам Аляксандрам і столінцы Міхаіл Максіменка з Сяргеем Парафенюком. За плячамі Івана Фёдаравіча больш за 30 уборачных кампаній. Сёлетняя, магчыма, апошняя. Таму перадае вопыт Дзянішчычу-малодшаму.
Жнуць кожны на адведзеным яму загоне. Да тэхнікі прымайстраваны рапсавыя прыстаўкі, і абмалочаная салома адразу здрабняецца. Вось загарэлася лямпачка на бункеры камбайна Івана Дзянішчыча. Адразу ж  да яго на загрузку пад’ехаў на МАЗ-555102 малады вадзіцель Яўген Зімін. Яго старэйшы калега з больш як 20-гадовым стажам Сяргей Хвясюк на сваім ГАЗ-3309 прыме наступны намалот. Пакуль яны ўдваіх адвозяць намалочанае на зернесушылку.
— Зерне рапсу пасля ўборкі звычайна мае павышаную засмечанасць і вільготнасць, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Алег Бондараў. — Таму рэкамендуецца як мага хутчэй яго ачысціць, а пры неабходнасці і прасушыць. Дапушчальная вільготнасць зерня — 7-8%, сёння мы маем 9,4%. Складанасць уборкі яго звязана з біялагічнымі асаблівасцямі — схільнасцю стручкоў да растрэсквання. Таму іх “склейваюць”. Вызначэнне аптымальнага тэрміну і спосабу збору насення заўсёды звязана з адпаведнымі цяжкасцямі, таму нельга ні спяшацца, ні спазняцца.
Алег Міхайлавіч аграном вопытны, ведае, што гаворыць.
Да размовы далучаецца і начальнік вытворчага ўчастка “Падлессе” Максім Хомік:
— Рапс — каштоўная алейная культура. Яна патрабавальная і “капрызная”. Галоўнае, каб быў добры папярэднік пад яго. На дадзеным палетку раслі шматгадовыя травы, якія мы апрацоўвалі гліфасатамі.
Як вядома, на сыты страўнік працуецца спраўней. Таму ў СВК “Хмелева” паклапаціліся пра бясплатнае харчаванне хлебаробаў: арганізаваны 2-разовы падвоз гарачых абедаў прама ў поле. У дзень нашага прыезду ў гаспадарку аграрыяў накармілі смачным гароднінным супам, катлетамі з макаронамі і напаілі чаем. Механізатары паабедалі і зноў заспяшаліся да камбайнаў.
Расслабляцца працаў-нікам няма калі. Кожная хвілінка ў час уборачнай кампаніі дарагая. Бо як працуеш, так і маеш.
Наталля ВАЛОШКА.
На здымках: камбайнер СВК “Шпіталі” І.К.Пятручык; начальнік участка
 “Падлессе” СВК “Хмелева” М.А.Хомік, камбайнер І.Ф.Дзянішчыч
і аграном А.М.Бондараў на рапсавым палетку ля Багдзюкоў; вадзіцелі СВК “Хмелева” С.В.Хвясюк і Я.Зімін.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top