Данік, матуля і “мульцік”-віншаванка

Данік, матуля і “мульцік”-віншаванка

Маленькі мультыплікатар Данік Данілюк вучыцца ў першай гарадской школе. Аднойчы настаўніца 1 “Б” Наталля Баброва прапаванавала вучням паўдзельнічаць у навукова-практычнай канферэнцыі для самых малодшых школьнікаў. На тую канферэнцыю хлопчык разам з мамай, таленавітай мастачкай Вольгай Данілюк не толькі падрыхтаваў даклад пра асновы анімацыі, але й стварыў упершыню ў жыцці ўласны мультфільм. За тое ўганараваны дыпломам
 І ступені.
Хто не чуў раней вясёлую песеньку першакласніка ў выкананні Алы Пугачовай? Ох, і цяжкім было, аказваецца, гадоў сорак таму жыццё за школьнай партай!
Нагружать всё больше нас
Стали почему-то.
Нынче в школе первый клас
Вроде института.
Каб той першакласнік мог толькі ўявіць, што ягоныя праблемы — гэта яшчэ “кветачкі”… “Ягадкі” будуць наперадзе. Сённяшняга вучня нагружаюць ўжо — як у акадэміі! Нават накіроўваюць на алімпіяды і навукова-практычныя канферэнцыі. Аднак цудоўна, калі справе спрыяюць натхненне і цікавасць, а побач — матуля, якая ўсё зразумее і дапаможа.
Маленькі муль-тыплікатар Данік Данілюк з першай гарадской прыслухаўся да прапановы настаўніцы, у выніку і нарадзіўся на свет ягоны першы вопыт у мультыплікацыі. Хлопчык, вядома, любіць “мульцікі”. Але ж… адна справа, глядзець “вясёлыя карцінкі” ў тэлевізары або камп’ютары, і зусім іншая — стварыць невялічкую стужку самастойна.
Тэму падказаў мультфільм “Фіксікі”. Хлопчык пабачыў, як можна стварыць простую анімацыю з дапамогай блакнота і ручкі. Свой вопыт Данік правёў шмат разоў і кожны раз радаваўся, калі ягоныя малюнкі “ажывалі”. Занятак настолькі захапіў, што матуля вырашыла дапамагчы сыну даведацца больш пра анімацыю, каб стварыць сапраўднае “мульці-пульці”. Тут ужо без усялякіх жартаў — гэты занятак патрабуе сур’ёзнай падрыхтоўкі. Разам пачыталі пра гісторыю анімацыі, высвятляючы, як можна стварыць мультфільм у хатніх умовах, а затым узяліся за справу.
— Як у любым даследаванні, — расказвае маленькі рэжысёр, — выклалі гіпотэзу: уявім, калі правільна арганізуем працу, тады зможам стварыць свой мультфільм, які спадабаецца гледачам.
Калі хлопчык і яго матуля пачалі правяраць сваю гіпотэзу на практыцы, набліжаўся Новы 2014 год. Таму вырашылі зрабіць незвычайнае віншаванне родным і сябрам на свята.
Галоўны герой стужкі — добрае і мілае Зайчаня, якое сустракае Новы год. Каб не знішчаць вечназялёнае дрэўца, вушасты вырашыў самастойна вырасціць ялінку.
— Гэтак у нас нарадзіўся сюжет, а за ім сцэнарый з планам, што рабіць далей, — тлумачыць даследчык з першага “Б” і паказвае таблічку.
У ёй распісаны, як на сапраўднай студыі, усе крокі: якіх герояў трэба зляпіць, якія фоны намаляваць, якую музыку пашукаць.
— Стварэнне герояў і дэкарацый, на мой погляд, самы просты, але вельмі важны этап у працы над мультфільмам, — разважае Данік Данілюк. — Пластылін — найлепшы матэрыял для творчасці. Лепім Зайку і фантазіруем, прыдумляючы ўвесь час нешта новае. Кветачкі ў фільме распускаюцца са звычайных злепленых каляровых шарыкаў, снежныя намёты “рухаюцца”, запаўзаюць на горачку-палянку. Зайка ўмела са-джае ялінку, палівае дрэўца з лейкі. А поры года для фону мы з мамай намалявалі звычайнымі фарбамі.
Паколькі здымалася ўсё ў хаце, месца аўтары-стваральнікі выбралі паблізу акна, дзе больш святла. І вось фотаапарат — на штатыве, каб кадры былі рэзкія. Можна пачынаць! І пры гэтым памятаць: пасля кожнага кадра трэба ледзь-ледзь перасунуць героя, каб быў рух.
Яны працавалі ў дружнай пары, і гэта аблегчыла справу: матуля фатаграфавала, сын мяняў фоны і герояў. На тое спатрэбілася амаль дзве гадзіны. Але гэта толькі паўсправы. Наступны этап — ператварэнне фотаздымкаў у відэа і агучванне з дапамогай спецыяльнай камп’ютарнай праграмы.
Цяпер заставалася толькі націснуць кнопку “ўзнавіць”, і “мульцік” ажыў! Так нарадзіліся радасць і маленькая казка, што цягнецца на экране 1 хвіліну і 39 секунд.
Ствараючы яе, хлопчык зразумеў, як няпроста ажывіць прыгожую карцінку, аднак як жа гэта захапляльна і цікава!
— Я застаўся вельмі задаволены вынікам, — прызнаецца Данік, — а гэта і ёсць самая галоўная мэта: зразумець, прымяніць і атрымаць асалоду. Вось такое незвычайнае віншаванне атрымалі мае аднакласнікі. Прапаную і вам паглядзець наш “мульцік”. Спадзяюся, і вас ён парадуе, бо расказвае пра дабрыню, працавітасць і сапраўдную дружбу!
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top