Упрыгожылі свята падарункі і песні

Упрыгожылі свята падарункі і песні

_DSC3302Так гістарычна склалася, што мілы і ўтульны гарадок з лірычнай назваю Жабінка падзяліла на дзве палавіны чыгунка. Мікрараён цукровага завода, які мясцовыя жыхары называюць “пасёлак”, заўжды быў і, мабыць, застанецца, асобнай “дзяржавай у дзяржаве”. Тут ёсць свае дзіцячыя садкі, агульнаадукацыйная і музычная школы, комплексны прыёмны пункт РКБА, стадыён, спартыўны комплекс “Бадзёрасць”, шэраг магазінаў, будуюцца шматкватэрныя дамы (дарэчы, узводзіцца дах чарговай пяціпавярхоўкі)… Дало жыццё мікрараёну, а затым і перспектыву развіцця, будаўніцтва цукровага завода.
Калектыў ганарыцца перадавікамі, умельцамі-інаватарамі, спартсменамі і танцорамі. А яшчэ мае традыцыю — збіраць усіх жыхароў і гасцей — ад немаўлят да пасівелых, на вясёлае свята, якое праводзіцца штогод на галоўнай плошчы. Сёлета не стала выключэннем.
Задоўга да пачатку канцэртнай праграмы на плошчу завіталі юныя жыхары. Яны з задавальненнем рулілі на электрамабілях, скакалі на батутах, ласаваліся марожаным і салодкай ватай. У парку ладзіліся спаборніцтвы “Мама, тата, я — спартыўная сям’я”. Удзельнікі стралялі з рагатак, хадзілі на хадулях, пераадольвалі “лабірынт”, скакалі ў мяхах і інш.
А на плошчы ў гэты час прадстаўнікі УА “Вучэбны цэнтр імя Д.Карбышава” ДГА “ДТСААФ” давалі магчымасць жадаючым праявіць сябе ў трапнасці стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі і ў хуткасным манеўраванні аўтамабілем і матацыклам. На працягу двух гадзін інструктарам вучэбнага цэнтра не даводзілася сумаваць: віртуозаў-вадзіцеляў аказалася шмат. Пераможцамі ў конкурсе ў фігурным ваджэнні аўтамабіля сталі Віталь Ніканораў, Дзмітрый Мушынскі і Аляксандр Кавальчук. А Святлана Іванова, Аляксандра Сідарчук і Вікторыя Кавальчук, якія таксама падымаліся на п’едэстал гонару, даказалі, што і пяшчотныя жаночыя рукі могуць лёгка “зацугліць” жалезных “коней”. Станіслаў Ірзун, Раман Дзеніскавец і Міхаіл Ярмашук сталі лепшымі ў ваджэнні матацыкла. Аляксандр Голуб, Аляксей Андраюк і Аляксандр Кавальчук прызнаны самымі трапнымі стралкамі з пнеўматычнай вінтоўкі. Усе яны атрымалі граматы і каштоўныя падарункі — электрачайнікі, алкатэстэры, USB-накапляльнікі, кампрэсары і інш.
Потым святкаванне плаўна перайшло ў тэматычную праграму, прысвечаную 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, “Слаўся, зямлі маёй светлае імя”. Яе адкрыў генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаў-скі цукровы завод” Віктар Рыгоравіч Міронаў:
— У кожнага чалавека ёсць свае карані, месца, дзе нарадзіўся, дзе пабачылі свет яго дзеці. Гэты родны куток заўжды будзе ў сэрцы. Для ўсіх нас такім месцам з’яўляецца наш мікрараён. Мы бачым, як з кожным годам ён мяняецца і прыгажэе. Няхай і надалей ён расцвітае, застаецца чыстым і ўтульным.
На свята да цукравараў завіталі старшыні Жабінкаўскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў Ф.Ф.Каланчук і С.В.Мартысюк. Потым узяў слова ветэран завода і Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Емяльянавіч Семянюк. Ён узгадаў, як з вёскі Сцяброва змагацца з фашыстамі пайшлі 30 чалавек, 17 з іх загінулі… Ветэраны-пераможцы, якія вярнуліся з вайны, сталі ў шэрагі працоўнага фронту. Дзякуючы ў тым ліку і іх працы, на Лысай гары ля вёскі Сцяброва з’явіўся цукровы завод і вырас мікрараён, свята якога сёння і адзначаецца.
Прымалі віншаванні і падарункі юбіляры, якія сёлета адзначалі залатое вяселле: Фёдар і Ніна Карповічы і Мікалай і Вольга Гроцкія. Падарунак дастаўся і Вадзіму Кандрацюку — тату самага юнага жыхара мікрараёна.
Звычайна перад сваім святам мікрараён “чысціць пер’е”, прыхарошваецца, фарбуецца. Намеснік генеральнага дырэктара завода А.В.Еўтуховіч аб’явіў вынікі конкурсу на лепшы дом, пад’езд, балкон. Пераможцы атрымалі граматы і прэміі. А далей радавалі песнямі хор ветэранаў Кобрына і клуба ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. Заварожана сачылі адпачываючыя за выступленнем дзяўчынак з ансамбля эстраднага танца  “Цукарынка”, ансамбль народнай песні “Раздолле”. Слухалі юных удзельнікаў эстраднай студыі “Звёздный дождь” пад кіраўніцтвам Андрэя Войнаша і Галіны Міцковіч.
Пад час выступлення народнага тэатру гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” гледачоў ля сцэны значна павялічылася. Слухаць байкі на непаўторным “хмэлэўскім” дыялекце каларытнай Наталлі Дырман і яе калег можна было да апоўначы.
Іх змянілі маладзейшыя ўдзельнікі груп “YOUR ГУРТ ELLITE” і “Баян дай”. Святочную дыскатэку завяршыў чатыроххвілінны феерверк.
_DSC3239

_DSC3192

 

_DSC3170

_DSC3746Святлана БЯЛЯК.
На здымках: так святкавалі дзень мікрараёна цукровага завода.
Фота аўтара.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top