І вяскоўцам, і сабе на радасць

І вяскоўцам, і сабе на радасць

IMG_0596Гэтак працуюць сёстры Наталля і Юлія Дземенчукі. Хоць за прылаўкам у арэпіцкім магазіне яны адносна нядаўна, але ўжо заслужылі давер і павагу пакупнікоў. А гэта, паверце, не мала ў працы гандляра.
Напярэдадні прафесійнага свята наведаць краму ў Арэпічах журналістам падказаў старшыня раённага спажывецкага таварыства Сяргей Анатольевіч Юшкевіч.
Дарэчы, і пакупнікі пагадзіліся з найлепшымі словамі, сказанымі ў адрас сясцёр-прадаўшчыц. Па-першае, адразу “падкупляюць” іх працавітасць і ветлівыя ўсмешкі. Па-другое, як гавораць тутэйшыя: “Яны нашы, арэпіцкія, мо таму і стараюцца: заўсёды нешта параяць, дапамогуць у выбары тавару”.
Так ці інакш, але нават кароткага назірання за працай гандлярак дастаткова, каб упэўніцца: усе добрыя словы ад розных людзей пра Наталлю і Юлію — зусім не “аванс”, а заслужаны “заробак”, а ўсмешкі на тварах не “даважак” да пакупкі, а шчырая “рэклама”, што ўзнімае настрой і быццам запрашае: “Мы рады вам — заходзьце зноў”.
Ну дык і зойдзем, каб пазнаёміцца з крамай і яе гаспадынямі.
Магазін, у якім не быў ужо гадоў пяць, адразу не пазнаў. Перамены адбыліся не толькі звонку, змяніліся і інтэр’еры, стала больш разнастайных тавараў. Памеры крамы, вядома ж, саступаюць тым, якімі можа пахваліцца супермаркет, але гандлёвая плошча ў арэпіцкім магазіне выкарыстоўваецца рацыянальна. Набыць тут можна практычна ўсё, патрэбнае жыхарам вёскі. Акрамя хлебабулачных, малочных, мясных прадуктаў, ёсць і тавары гаспадарчыя, канцылярскія. І ўсё раскладзена акуратна, з густам у зале, дзе пануюць утульнасць і чысціня. За гэта прадаўшчыцы выказваюць па-
дзяку Ан-таніне Рыгораўне Будзько, якая ўжо больш за два дзясяткі гадоў аддала спажывецкай кааперацыі: раней была загадчыцай гэтага магазіна, але і на пенсіі працягвае працаваць, цяпер ужо ў якасці прыбіральшчыцы. Яе вопыт — у дапамогу маладым прадаўцам.
Першай з сясцёр сюды на працу прыйшла старэйшая. Амаль год таму, пасля рамонту магазіна, Наталля Мікалаеўна стала загадчыцай. Да гэтага ўжо мела гандлярскія навыкі: давялося папрацаваць у Жабінцы (у крамах “Арыент” ды “Маталянка”) і ў горадзе над Бугам, дзе гандлявала ў магазіне “Ян”.
Вяртанне на малую радзіму было вымушаным. Як у народзе кажуць, адкуль у свет пайшоў — там і шчасце знайшоў. Хоць шчасце тое было з гарчынкаю. Цяжка захварэлі бацькі — Ванда Васільеўна і Мікалай Палікарпавіч, трэба даглядаць родных людзей, а калі заставацца ў горадзе, рабіць гэта немагчыма.
Некалькі месяцаў Наталля Мікалаеўна працавала сама, а затым угаварыла і сястру стаць прадаўцом. Юлія, якая была поварам у калгаснай сталоўцы, на прапанову старэйшай сястры адказала згодай.
З тае пары і пачаўся гэты “сямейны падрад”, які прыносіць неблагія вынікі. Яны, тыя вынікі, вымяраюцца найперш станоўчымі паказчыкамі: вясковая гандлёвая кропка ў Арэпічах увесь час перавыконвае даведзены план. У маі, напрыклад, неабходна было прадаць тавараў на 145 мільёнаў рублёў, а сёстры-прадаўшчыцы перавысілі намечанае амаль на 20 мільёнаў.
— Праца нам падабаецца, — гавораць яны амаль аднагалосна. — Магазін у вёсцы — гэта не проста гандлёвая кропка, але маленькі асаблівы свет, дзе людзі сустракаюцца, вітаюцца, абменьваюцца апошнімі навінамі і, канечне, робяць пакупкі.
Вось таму і не прамі-наюць жыхары Арэпічаў сваю вясковую краму, дзе што-дня можна набыць нешта для дома, для сям’і, а можа і для душы.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: сёстры Наталля і Юлія Дземенчукі — прадаўцы з Арэпічаў.

Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top