Вянок і зямля для Хатыні

Вянок і зямля для Хатыні

IMG_1778Як і сёлета, 5 ліпеня 1969 года было суботнім днём. Пад Мінскам адкрываліся адразу дзве велічныя памяткі пра вайну: Курган Славы і Мемарыяльны комплекс “Хатынь”. У спісе “вогненных вёсак”, увекавечаных у мемарыяле, значылася і назва, вядомая кожнаму жабінкаўцу: ДРАМЛЁВА.
Сярод удзельнікаў той даўняй шчымлівай цырымоніі — жыхар Сцяпанак Іван Аксенцьевіч Макасюк. З таго часу мінула 45 гадоў, і колішні старшыня Сцяпанкаўскага сельсавета згадзіўся падзяліцца ўспамінамі пра лёс драмлёўцаў і тую памятную паездку.
— Іван Аксенцьевіч, у мемарыяле “Хатынь” сярод 186 беларускіх вёсак, што не адрадзіліся, ёсць і наша Драмлёва. Аднак першыя крокі для ўвекавечання гэтай “вогненнай вёскі”, натуральна, былі зроблены на месцы трагедыі. Калі ў тутэйшых узнікла думка пакінуць хоць нейкую памятку аб драмлёўцах?
— Пра тое размовы ішлі адразу пасля вайны, ды няпростым стала ўвасабленне. Быў такі час, што пра іх, драмлёўцаў, нават забываць пачалі, аднак жыхары суседніх вёсак, у каго родныя загінулі ў полымі, не-не ды вярталіся да гэтага пытання.
У 60-ыя гады, праз чвэрць стагоддзя пасля забойства, на месцы, дзе стаяла Драмлёва, нарэшце паўстаў курган ды камень-валун на ім. Зямлю для кургана мясцовы калгас “Усход” (цяпер СВК “Шпіталі”) вазіў з-пад Каранёва: там на пагорку некалі стаяў геадэзічны знак, адтуль яе і бралі для помніка. А надпіс на валуне выбіў шпіталёўскі каваль Андрэй Патураў. Ён быў рускі, ажаніўся на мясцовай дзяўчыне (калі з фронта вяртаўся, упадабаў яе, вось таму тут і застаўся). Майстар быў — во! (узнімае вялікі палец угару). Нават пячаткі рабіў, зброю рамантаваў — усё вышэйшы сорт! Вось і на камені тым надпіс пра драмлёўцаў выбіў. Значна пазней паўстала скульптура, узнік увесь мемарыял “Драмлёва”. У тым вельмі вялікая заслуга былога старшыні калгаса Аляксея Раманавіча Дошчыка — вось з ім бы вам пагаварыць пра тое, як усё будавалася. Казалі, драмлёўскі мемарыял абышоўся ў 90 тысяч рублёў (тады тысяча дорага каштавала).
— Вядома, што 11 верасня 1942 года жывымі з драмлёўскага полымя выйшлі чацвёра падлеткаў. Вы жывяце ў Сцяпанках ужо больш за 80 гадоў, ці даводзілася сустракацца з імі?
— З Міцем Юрасікам, які пасля вайны жыў на хутары ля Сцяпанак, я быў добра знаёмы. Як працаваў старшынёй сельсавета, з Украіны ў Драмлёва прыязджаў Мікалай Ярмашук, сустракаўся з ім. А вось трэцяга з тых, хто выратаваўся, Міхаіла Данілюка, чамусьці не знаю, зусім пра яго ў памяці нічога не захавалася… Яшчэ з цікавасцю і хваляваннем чытаў летась у раёнцы ваша інтэрв’ю з Віталем Чахловым, які зараз жыве ў Рызе, а ў верасні сорак другога таксама ўратаваўся пад час кары. Цьмянае нешта згадваецца: як хадзіў у пачатковую школу, можа, і той Віталік вучыўся ра-
зам… Дый падрабязнасці з памяці выскачылі: настаўніцу першую Вольгу Якаўлеўну Кавалёву выдатна памятаю, з кім за партай сядзеў у 1-4 класах — прыгадаць цяжка.
Калісь цікавіўся лёсамі выратаваных, аднак склалася ў мяне ўражанне: не трэба іх трывожыць. На хутарку ля Налезнікаў жыла Марыя Васільеўна Пасюк (яна не згарэла, бо гасцявала ў цёткі, і тая не пусціла дзяўчынку вечарам 11 верасня дамоў). Неяк зайшоў да Марыі ў хату, каб пра Драмлёва распытаць, і, паверце, не змог размову пачаць — пытанні быццам у горле застывалі…
— Іван Аксенцьевіч, як прадстаўнік мясцовай улады ўлетку 1969-га вы ездзілі на адкрыццё хатынскага мемарыяла. Раскажыце, што запомнілася з той паездкі.
— Як мы ехалі і вянок ускладалі, добра памятаю, а вось хто ў дэлегацыі быў — зусім забыўся. Вазіў нас Іван Баярчук, шафёр старшыні калгаса. Нас у дарозе некалькі разоў спыняла міліцыя, аднак, калі бачылі ў багажніку вянок і зямлю з Драмлёва, адразу прапускалі.
На плошчы перад уваходам у мемарыял сабраліся дэлегацыі ад сельскіх Саветаў з усёй краіны, з тых вёсак, што былі спаленыя, трымалі ў руках вянкі, капсулы з зямлёй. Лю-
дзей было многа, прамовы гучалі… Напружаная цішыня раптам патанула ў жалобнай мелодыі. Гэта мяне больш за ўсё ўразіла. На нейкім выступе — там, дзе была пазнака Драмлёва і іншых спаленых вёсак (маецца на ўвазе ўнікальны “Могільнік вёсак”), — стаялі жанчыны з нейкага тэатра, апранутыя ва ўсё чорнае, сукенкі іх былі да самай зямлі. І спявалі, спявалі песню памінальную. Вельмі-вельмі добра спявалі, а потым пачалося ўскладанне вянкоў. Тут я зазяваўся, і мяне ледзь пусцілі. Я ж гавару ахоўнікам: “Вунь мая дэлегацыя пайшла, вось мой вянок!” — тады толькі прапусцілі на ўскладанне. А чаму затрымаўся? Заслухаўся, моцна крануў спеў, а яшчэ — нечыя словы ў натоўпе: “Зірніце, вунь пасол ГДР стаіць, немец. Нарабілі тут бяды, а ён стаіць сабе — і хоць бы хны!”
Вось такія ўражанні былі ад той жалобы.Драмлёва 1967IMG_1063
— Дзякуй вам за ўспамін, здароўя на гады.
Гутарыў Анатоль БЕНЗЯРУК.

На здымках: Іван Аксенцьевіч Макасюк з жонкай Тамарай Мацвееўнай; такім быў помнік драмлёўцам на месцы спаленай вёскі ў 1967-1982 гадах; штогод на кургане ў Драмлёве палаюць, бы кроплі крыві, ягады шыпшыны.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top