Юбілей дацэнта кафедры замежных моў БрДУ імя Пушкіна Ірыны Поўх супаў з 80-годдзем роднай альма-матар

11 чэрвеня наша зямлячка Ірына Поўх адсвяткавала свой дзень нараджэння. Так сталася, што яе асабісты юбілей супаў з юбілеем роднай альма-матар: Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна ў гэтыя чэрвеньскія дні адзначае 80-годдзе.

Тут Ірына Васільеўна некалі атрымоўвала веды, а цяпер ужо сама нясе іх сённяшнім студэнтам-філолагам.

Яе малая радзіма – Вялікія Якаўчыцы, дзе настаўнічалі бацькі. Васіль Рыгоравіч выкладаў у школе музыку і спевы, Ларыса Уладзіміраўна – замежную мову. Любоў да моў і педагогікі Іра пераняла, мабыць, ад матулі і дзеда (той працаваў настаўнікам у Астрамечаве). Гэта вызначыла для дзяўчыны жыццёвы шлях.

Каб юнацкае захапленне стала прафесіяй, Ірына Поўх у 2003 годзе скончыла факультэт замежных моў. І не проста скончыла, а з чырвоным дыпломам. Тры гады Ірына Васільеўна выкладала мову Шэкспіра і Бёрнса ў школах горада над Бугам, сур’ёзна займалася і навуковай дзейнасцю, рыхтуючы кандыдацкую дысертацыю “Ідэя нацыянальнай самасвядомасці ў ірландскай і беларускай паэзіі другой паловы ХХ стагоддзя”. У сваёй рабоце, абароненай у 2011 годзе, малады вучоны засяродзілася на творчасці паэтаў Шэймаса Хіні, Нуалы Ні Гональ і Алеся Разанава.

Пяру дацэнта кафедры замежных моў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Ірыны Поўх належыць шэраг навуковых прац, у тым ліку манаграфія “Канцэптасфера прасторы і часу ў еўрапейскай і амерыканскай гуманітарыстыцы канца ХІХ – пачатку ХХІ стагоддзяў”, выдадзеная ў 2023 годзе.

Калі вывучаеш іншых выдатных пісьменнікаў і дакранаешся да глыбіняў чужога майстэрства, бывае няпроста самому стрымаць творчыя парывы. Паэтычнае слова, здольнае ёміста і ярка данесці пачуцці аўтара да чытача, неаднойчы наведвала і нашу гераіню. Вось, напрыклад, яе адчуванне вялікага свята:

Велікоднае ранне.

Велікодная ўсмешка

цэлы дзень, да змяркання,

светлай згадкаю цешыць.

Абярэг на дарогу,

ля абраза агніца,

блаславенне ад Бога

ды наказ падзяліцца.

Свет разбіўся на часткі –

толькі цепліцца свечкай

нечаканае шчасце

Велікоднай сустрэчы.

Вершы Ірыны Поўх друкаваліся ў газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісах “Першацвет” і “Маладосць”. Пажадаем ёй у святочны дзень паспяхова ісці далей па дарозе навукі і паэзіі.

Анатоль РОСТАЎ

Фота з архіва Ірыны ПОЎХ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.