Наступіў доўгачаканы купальны сезон. Сотні жыхароў імкнуцца ў выхадныя дні бліжэй да вады. Свежае паветра, сонца, купанне не толькі прыносяць задавальненне, але і з’яўляюцца добрым сродкам закальвання арганізма. Разам з тым вада рэгулярна забірае жыцці. Па дадзеных АСВОД у Беларусі штогод на вадаёмах гіне вялікая колькасць людзей.

З мэтай папярэджання падобных надзвычайных сітуацый, гібелі і траўматызму людзей у нашым раёне працягваюцца акцыі “Летні патруль” і “Бяспечныя канікулы”.
МНС нагадвае: каб адпачынак на вадзе быў бяспечным, неабходна захоўваць наступныя правілы:
– купайцеся ў спецыяльна адведзеных і абсталяваных для гэтага месцах;
– перад купаннем у незнаёмых месцах абследуйце дно;
– заходзьце ў ваду асцярожна, павольна, калі яна дасягне пояса, спыніцеся і хутка акуніцеся;
– ніколі не плавайце ў адзіноце, асабліва, калі не ўпэўнены ў сваіх сілах;
– не адплывайце далёка ад берага, не заплывайце за папераджальныя знакі;
– нельга скакаць або ныраць у ваду ў невядомым месцы – дно можа ўтойваць небяспеку, якая стане прычынай траўміравання ці гібелі;
– не купайцеся ў нецвярозым стане;
– не падавайце падманных сігналаў бедства.
Патрэбна памятаць, што малалетнія дзеці павінны пастаянна знаходзіцца пад строгім кантролем дарослых, але часта ў жыцці гэтае правіла ігнаруецца. Бестурботнасць некаторых бацькоў здзіўляе: на беразе яны заняты размовамі з сябрамі, распіваюць піва альбо больш моцныя напоі, загараюць, закрыўшы твар капелюшом. А ў гэты час дзеці плёскаюцца ў вадзе. У іх адсутнічае пачуццё небяспекі, таму малыя не могуць адэкватна ацэньваць экстрэмальную сітуацыю.
Дзеці – самае дарагое, што ў нас ёсць. Чаму ж тады некаторыя дарослыя так бесклапотна адносяцца да іх жыцця?
Па інфармацыі Жабінкаўскага РАНС падрыхтавала Наталля КАВЯРГОВІЧ
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
