45 ружаў ад Андрэя Малахава

45 ружаў ад Андрэя Малахава

IMG_4325На адпачынку ў санаторыі “Буг” мне пашчасціла пазнаёміцца з артысткай-самародкам, вакалісткай дуэта “Зоя і Валера” Зояй Барысюк. Пазнала яе адразу, таму што з’яўляюся шчырай прыхільніцай іх з братам таленту, “хварэла” за іх выступленне ў праграме “Мінута славы”, праглядала ролікі дуэта ў інтэрнэце.
Зоя Аляксандраўна прыехала ў “Буг” адпачыць ад карпаратываў і гастроляў і паправіць здароўе. Але “канікулаў”, як і ў льва Баніфацыя з вядомага мультфільма, не атрымалася. “Зорка інтэрнэта” штодзень раздавала аўтографы, расказвала пра сваё жыццё-быццё, імклівую “кар’еру” і… спявала. На канцэрце, наладжаным сіламі наведвальнікаў санаторыя, у сталовай дуэтам з вакалістам “Верасоў” Яўгенам Хаменкам, у пакоі і на вуліцы па шматлікіх просьбах.
Калі я папрасіла Зою Барысюк даць інтэрв’ю для “Сельскай праўды”, яна не здзівілася і пагадзілася.

— Зоя Аляксандраўна, вас ведаюць сёння не толькі ў Беларусі і Расіі. Вы з братам Валерам далі інтэрв’ю Бі-бі-сі, здымаліся ў шматлікіх праграмах, мелі зносіны з зоркамі шоу-бізнесу. З чаго пачалося ваша “зоркавае” жыццё?
— Я не адчуваю сябе зоркай. Мы проста спяваем для душы і ад душы. А пачалося ўсё са звычайнага роліка, выкладзенага ў інтэрнэт. Да нас у Зарэчча (Бярозаўскі раён. — Аўт.) прыехалі ў госці сваякі з Расіі, знялі на мабільны тэлефон нашы з Валерам спевы “пад баянчык” і размясцілі ў інтэрнэце, каб пабачылі іншыя родзічы. Праз некаторы час яны тэлефануюць і кажуць: “Ваша выступленне пабачыла 300 чалавек… тысяча… дзесяць тысяч… мільён!…”. Мы з братам камп’ютара не мелі і не зусім разумелі, што ўсё гэта азначае і чым абернецца для нас. А потым пазванілі з Лондана, Масквы, мяне з Валерам сталі запрашаць на перадачы. Нечакана нас накрыла хваляй славы (смяецца).
— Вы валодаеце глыбокім прыгожым голасам, Валерый на “ты” практычна з любым музычным інструментам. Адкуль бяруць вытокі вашы таленты?
— Музычны дар у нас ад бацькі, Аляксандра Сцяпанавіча. Ён іграў на гармоніку, прыгожа спяваў. З трох гадоў і я заспявала. Як зараз памятаю бацькоўскую хату ў вёсцы Маркавічы Драгічынскага раёна, дзе часта наладжваліся вячоркі і мяне прасілі выканаць прыпеўкі. Старалася, як магла. Але са смерцю мамы дзяцінства маё скончылася і стала не да спеваў. Мы тады ўжо жылі ў Расіі, на Кубані. Мне было ўсяго 10 гадоў, брату Сцяпану — шэсць, а малодшаму Валерку толькі восем месяцаў. У нас з’явілася мачаха, якая братоў маіх прыняла, а мяне — не. Праз два гады мяне забрала да сябе ў Беларусь матчына сястра, Сафія Емяльянаўна Клімовіч. І нашы з братамі жыццёвыя дарогі разышліся на дзясяткі гадоў.
— Значыць, Валера рос у Расіі, вы — у Беларусі. Як жа ўтварыўся ваш дуэт? Хто піша для вас песні?
— У 2005 годзе брат пасля распаду сям’і прыехаў з Расіі да мяне ў Беларусь. Ведаеце, яго прыезд мяне “ажывіў”, таму што асабістых праблем хапала: разышлася з мужам, перажывала чорную паласу. А тут побач родная душа з’явілася, ды яшчэ з баянам і гармонікам. З тае пары мы і спяваем разам. Выконваем беларускія, рускія і ўкраінскія народныя песні, перапяваем таксама знакамітых артыстаў. Ёсць творы ўласнага сачынення, бо пасля таго, як мы з братам “спеліся”, я пачала складаць песні. Нейкае прасвятленне зышло. Бывала, што-небудзь раблю і радкі нараджаюцца, песняй справу суправаджаю. Часам словы і мелодыя прыходзяць у сне. Прачынаюся, буджу Валеру, каб на гармоніку прайграў тое, што мне “прыснілася”. Я ж нотаў не ведаю: як запісаць, каб не забыць? Брат ужо прывык да маіх дзівоцтваў.
— Зоя Аляксандраўна, вы з камп’ютарам на “вы”. Хто дапамагае размяшчацца ў інтэрнэце? Можа, у вашага дуэта ёсць “прадзюсар”?
— Не ведаю, ці можна яго так назваць, але Павел Левічаў з Рыбінска і яго сын Дзяніс размяшчаюць нашы ролікі ў інтэрнэце, раяць, на якія прапановы нам згаджацца, а на якія — не. З нашага з Валерам выступлення пачаўся інтэрнэт-праект “Народныя таленты”, які задумаў і ажыццяўляе Левічаў-старэйшы. На сённяшні дзень у ім прынялі ўдзел больш за 40 тысяч спевакоў “з народа”.
— Раскажыце пра вашых фанатаў. Упэўнена, прыхільнікаў вашай творчасці нямала.
— Вельмі многа ў нас аматараў у Расіі. У “Аднакласніках” і “УКантакце” ёсць групы, што аб’ядноўваюць людзей, якім падабаецца наша творчасць. Асобна хачу сказаць пра маю “фанатку” Надзею Хлынаву з горада Волжскі Валгаградскай вобласці. У гэтай жанчыны памерла лепшая сяброўка. Надзея думала, што больш не знойдзе чалавека настолькі дарагога і блізкага. Але пабачыла наша з Валерам выступленне ў інтэрнэце, уразілася тым, наколькі я падобна да яе сяброўкі, адшукала мяне праз Паўла Левічава, і мы пасябравалі.
— Ведаю, што вашу творчасць цэняць не толькі “ў народзе”. Вы неаднойчы здымаліся ў праграмах Андрэя Малахава. Раскажыце пра вашы сустрэчы.
— На Першы канал да Андрэя мы ездзілі тройчы: на прамы эфір тэлепраграмы “Сёння вечарам”, на запіс “Няхай гавораць”, а таксама ўшаноўвалі Дзіну Гарыпаву — удзельніцу “Еўрабачання-2013”. Андрэй вельмі цікавы і просты чалавек. Ён усё казаў: “Мая любіміца прыехала” — і ў адну з сустрэч падарыў мне 45 ружаў! Я расчулілася да слёз… Потым два разы былі ў Маскве на карпаратывах: Андрэй Малахаў замаўляў нас у якасці “падарунка” імяніннікам, у тым ліку Ксеніі Сабчак.
— Пра ваш дуэт расказваў дакументальны фільм канал “Мір 24”. Дзе яшчэ здымаліся, у якіх гарадах пабывалі?
— Ой, “засвяціліся” мы і на “Міры”, і на НТБ. Зараз і не ўзгадаю ўсе праграмы, у якіх здымаліся: “Цэнтральнае тэлебачанне”, “Прамы эфір”, “Адкрыты фармат”… Усяго 12 разоў у Маскву наведваліся. Рэкламавалі часопіс “Сваты”, газету “Беларуская ніва”. Напрыканцы лістапада мінулага года ездзілі з Валерам на юбілей архімандрыта айца Віктара ў Ільінскі манастыр, што ў Адэсе. Мы яму падарылі некалькі песень, а ён нам перадаў каштоўныя рэчы: Біблію, хустку з Іерусаліма і два фотаальбомы “Высокапастаўленыя святары”.
— Зоя Аляксандраўна, як вы апынуліся на “Мінуце славы”?
— Нам столькі разоў тэлефанавалі арганізатары праграмы і запрашалі, што мы нарэшце “здаліся” і паляцелі ў Маскву на адборачны тур. Журы сказала нам два “так” і два “не”. Аднак з лёгкай рукі Аляксандра Васільевіча Маслякова мы прайшлі ў паўфінал. І закруцілася “славутае” жыццё… Было ў час выступленняў шмат прыемных нечаканасцяў. Хацелася, калі выйграем, прыдбаць бычка. Актрыса Алена Якаўлева, якая была ў журы, паабяцала нам яго падарыць. І слова сваё стрымала: асабіста прыязджала ў Зарэчча, каб перадаць “жывы” прэзент. Але галоўным падарункам для нас стаў выхад у фінал шоу. Перамога дасталася 11-гадовай гімнастцы Олі Трыфанавай з Санкт-Пецярбурга, але нам засмучацца не было калі: пасыпаліся новыя прапановы.
— Відэа, дзе вы з братам пад гармонік спяваеце песню Алены Ваенгі “Куру…”, на сённяшні дзень паглядзелі каля двух мільёнаў чалавек. Як аднеслася сама спявачка да вашай кавер-версіі?
— Алена тэлефанавала нам і сказала, што ёй падабаецца, як мы спяваем. Дарэчы, мы ўжо сустракаліся ўжывую на “Славянскім кірмашы” ў Віцебску, фатаграфаваліся на памяць. Я вельмі люблю творчасць Ваенгі, мы роднасныя душы. Да таго ж менавіта дзякуючы яе песні мы сталі знакамітымі. Хаця, калі чэсна казаць, я ўжо “абкурылася”: куды не едзем, паўсюль просяць праспяваць “Куру…”.
— Зараз ваш дуэт нарасхват. Як адносяцца да вашай папулярнасці аднавяскоўцы, сваякі? Не зайздросцяць?
— Можа, і зайздросцяць, толькі нам не прызнаюцца (смяецца). Сяброўка аднойчы патэлефанавала, запрасіла ў госці і вельмі здзівілася, калі я прыйшла. Кажа: “Я думала, што такая “зорка” пройдзе міма майго падворка”. Я доўга смяялася. Мае шасцёра ўнукаў і сямёра праўнукаў ганарацца, што ў іх “зорная” бабуля, якую ведаюць далёка за межамі Бацькаўшчыны. А я той “зорнасці” не адчуваю. Усё жыццё жывёлаводам была: даяркай, цялятніцай. Зараз на пенсіі. Брат працаваў токарам на бярозаўскім заводзе “Цеплапрыбор”. Ціха, спакойна жылі. Аднак пасля выступленняў па тэлебачанні ўсё кардынальна змянілася. Зараз не паспяваем запакоўваць і распакоўваць чамаданы. Я па-іншаму стала мысліць, навучылася літаратурнай гаворцы, даведалася, што такое бізнес, паглядзела свет. Усё, што зараз з намі адбываецца, быццам узнагарода за нялёгкі лёс.
Гутарыла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top