Гібель батальёна

Гібель батальёна

МорозАдвагу вашу ведаюць здавён
Гарачыя вятры Афганістана.
Няхай заўсёды будзіць покліч-звон
Пра вас, героі, нашу памяць.
Надпіс на помніку ў Жабінцы
1984-ы — самы крывавы год для савецкіх войскаў у Афганістане. Загінулі 2343 чалавекі. Найбольшыя страты ў адным баі панёс 1-ы батальён 682-га мотастралковага палка, у якім служыў наш зямляк прапар-шчык Мікалай Мароз. Адбылося гэта 30 красавіка.

Шосты Леў Панджшэра

Панджшэр — “пяць ільвоў”. Гэтак на мове фарсі.
Хто там быў, ведае: Панджшэр — райскія мясціны. Прыгожы, амаль мірны пейзаж: яркая зеляніна ў абрамленні суровых гор пад спякотным белым сонцам. У вузкай Панджшэрскай даліне бруяе аднайменная рака, якую сілкуюць шматлікія прытокі і робяць хуткаплыннай ледавікі. Дзе вада — там жыццё, гавораць тутэйшыя. Але ж…
Чыйго там сэрца кавалак застаўся, памятае: Панджшэр — пякельнае месца. Бо ў яго цясніне з пачаткам Афганскай вайны завёўся небяспечны “звер”. Імя ягонае — Ахмад Шах, мянушка — Масуд (“Шчасліўчык”), аднак нават праціўнікі з павагай звалі ваяўнічага генерала Львом Панджшэра.
Пад рукой гэтага смелага і рашучага палявога камандзіра былі не самыя вялікія фарміраванні — усяго да трох тысяч “штыкоў”. Аднак у руцэ — даліна, якую лічылі “дарогай жыцця”, што злучала-харчавала — ядой і зброяй — паўночны Афганістан са сталіцай Кабулам.
Сябе воіны Ахмад Шаха лічылі маджахедамі (“змагарамі”), нашы байцы называлі іх душманамі, альбо яшчэ прасцей — “духамі”. Панджшэрскага Льва не аднойчы спрабавалі выкурыць, выбамбіць з ягонага логава-цясніны, развеяць у пыл на гарачых афганскіх вятрах. Аднак разумны вораг быў няўлоўным. Кожны раз выслізваў з аблогаў-пастак, раствараўся сярод адгор’яў вяршынь, што пікамі сягалі ў неба, а потым “духі” зноў, бы каламутны сель, спускаліся ў нізіну, хапаючы “за горла” дарогу, — для адных жыцця, для іншых — смерці…
1983 год ад Раства Хрыстовага (або 1403-ці эры Хіджры) пачынаўся ўдала для шураві (“рускіх — савецкіх”). Пасля чарговай маштабнай аперацыі стомлены Леў згадзіўся на перамовы. Упершыню ў Афганскай вайне было заключана перамір’е з уплывовым і небяспечным палявым камандзірам. На словах дамовіліся спыніць баявыя дзеянні ў Панджшэры да 21 красавіка 1984 года.
Слова да пары да часу трымаліся абодва бакі. Аднак вясной восем-дзесят чацвёртага, яшчэ да названай даты, Абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў пачаў рыхтавацца да новай, ужо сёмай вайсковай аперацыі супраць панджшэрскіх “духаў”.
Шпегі Ахмад Шаха спрацавалі добра — хутка ён даведаўся пра тую падрыхтоўку. Абураны Леў Панджшэра ў голас абвясціў пра вераломнасць шураві, якія не могуць трымаць да канца слова.
Адбылося гэта прыблізна 10 красавіка.

“Ідзём дзён на 20”

У новым “паляванні” на Панджшэрскага Льва савецкае камандаванне задзейнічала моцны ўдарны кулак. Аднак, ведаючы хітрыкі Ахмад Шаха, які часам быў здольны і “паляўнічых” ператварыць у “дзічыну”, 11 тысяч нашых ваеннаслужачых сумесна з часцямі арміі Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан, падтрыманыя з неба 200 баявымі самалётамі і 190 “вяртушкамі”, а на зямлі — сотнямі адзінак бронетэхнікі, шпарка пачалі рух у накірунку Панджшэра.
У гэтым вялізным грозным рушанні закружыўся і лёс прапар-шчыка Мароза, хімінструктара 1-га батальёна 682-га мотастралковага палка.
Ён нарадзіўся 10 мая 1956 года ў вёсцы Залессе Кобрынскага раёна. Працаваў у вузле сувязі ў Жабінцы. 11 мая 1979-га, адразу пасля дваццаць трэцяга дня нараджэння, Мікалай Іванавіч быў прызваны Жабінкаўскім РВК ва Узброеныя Сілы Савецкага Саюза.
У 1983-м народзіны сустракаў ужо ў Афганістане, у Паўночным Кундузе — на дзяжурстве ў часці. А восенню пісаў родным, якія жылі ў пасёлку Дружба, што на Камянеччыне: “Сёння роўна шэсць месяцаў, як я ўжо тут. Граніцу перасёк яшчэ 30 красавіка…”.
Амаль праз год, 10 красавіка 1984-га, перад выправай у апошні свой паход, прапаршчык Мікалай Мароз склаў апошні ліст жонцы і дочкам:
“Добры дзень, мае дарагія, мае любыя, мае пяшчотненькія Лідуся, Галіначка і Анжалічка.
Сёння ўжо канец аўторка. Я зноў пішу табе пісьмо, Лідуся міленькая, у мяне ўсё нармальна. Жыў-здароў, чаго і вам жадаю. Разам з лістом адпраўляю і паштоўку з 1-м Маем, бо заўтра ідзём дзён на 20, пасля вяртання яна ўжо не паспее дайсці. Не хвалюйся. Усё будзе добра. А за гэты час — каб ты мне напісала цэлы стос лістоў, каб пасля вяртання я іх цэлы дзень чытаў. Дамовіліся?
Накіроўваю паштоўкі з днём нараджэння цешчы, бо ў яе 22-га і Але — у яе 23-га, ну й заадно цесцю, у яго ж 10 мая…”.
… 10 мая і самому Мікалаю Іванавічу павінна было споўніцца дваццаць восем… Аднак перад тым патрабавалася — “дзён праз дваццаць”! — “адсвяткаваць” у Панджшэры іншую дату: год пад гарачым небам Афгана.

Бераг правы, бераг левы

Пра трагічны лёс 1-га батальёна 682-га мотастралковага палка, загінулага ў Панджшэрскай даліне, у цясніне свавольнай рэчкі Хазара згадваюць жывыя сведкі.
Уладзімір Мерымскі ў сваёй кнізе-ўспаміне “У пагоні за Львом Панджшэра” напісаў: “За ўвесь час знаходжання ў Афганістане я ніколі не сустракаў батальён, які панёс бы такія страты ў выніку аднаго бою”.
У лісце да Лідзіі Сцяпанаўны, удавы Мікалая Мароза, пісаў ягоны аднапалчанін Сяргей Тарашкевіч з Крывога Рога: “Было гэта 30 красавіка ў цясніне Хазара. Нас было тры таварышы — я, Коля і Валодзя Сівакабыленка (украінец Уладзімір Мікалаевіч Сівакабыленка, прапаршчык, медык батальёна. — А.Б.). Абодва яны загінулі ў тым баі.
Мы ўтрох яшчэ паспелі пася-дзець, пагаварыць. А потым яны пайшлі з упраўленнем батальёна на левы бок цясніны, а я з ротай застаўся на правым. Потым быў бой, што цягнуўся ўвесь дзень”.
Загад падзяліць батальён і паслаць яго ў даліну стаў ракавой памылкай. Такія пралікі Ахмад Шах звычайна не дараваў. У гэты чорны панядзелак тыя, хто рушылі правым берагам, а асабліва тыя, што “пайшлі налева”, апынуліся ў пастцы.
— З правабярэжнай высоткі быў адкрыты кінжальны агонь, — згадваў праз гады Мікалай Князеў. — Накрыла адразу ўсіх, абедзьве групы. Для “духаў”, што заселі на ўзвышшы, хлопцы былі як на далоні.
Яшчэ раз слова — крыварожцу Тарашкевічу:
— У тым баі загінула шмат маіх саслужыўцаў — усе з-за бяздарнага камандавання, што кінула нас у нізіну страмніны.
А што ж камандаванне? Прызнала свае памылкі? Як аддзячыла тым, хто ўсё ж застаўся ў жывых?
Зноў сведчыць Князеў:
— За бранёй ішлі ўцалелыя хлопцы, чалавек 10-15, не больш. На іхнія твары страшна было глядзець. У іх не было радасці выжыўшых, яны былі нейкія нежывыя.
У небе загудзелі верталётныя вінты. Да байцоў рушыла група старшых афіцэраў, былі сярод “залатапагоннікаў” і генералы. Адзін з “гасцей” пастроіў рэшткі батальёна — байцы стаялі ачмурэлыя ад саладкаватага трупнага паху (усё ж суткі яны праляжалі паміж забітымі) — і выгукнуў:
— Вы тут стаіце, сволачы, а там вашыя браты ляжаць! Чаму вы тут?! — Аднак хлопцы, што вярнуліся з бою, аглушаныя жахам і блізкай смерцю, мо й не чулі гэты мацерны крык…

Несвяточны Першамай

Мікалай Мікалаевіч Князеў шмат гадоў адшукваў імёны баявых таварышаў, што не выйшлі з бою ў той апошні красавіцкі дзень. Высветліў трыццаць чатыры прозвішча, у тым ліку прапаршчыка Мікалая Мароза, хоць прызнаваўся:
— Загінулі, паводле маіх меркаванняў, не менш ШАСЦІДЗЕСЯЦІ чалавек. У тым ліку камбат — капітан Аляксандр Каралёў з Калужскай вобласці.
Імёны паловы, на жаль, сцерліся з памяці. Але ж “прапісаўся” назаўсёды ў трывожных успамінах той зусім несвяточны Першамай 1984 года.
Увечары БМПшкі зноў рушылі на месца ўчарашняга бою. Збіраць целы. Спачатку натыкнуліся на труп мінчаніна старшага сяржанта Аляксандра Корзіка, які ляжаў без ног. Пераправілі яго на другі бераг, пры гэтым цела ледзь не ўнесла хуткая плынь. З дрэўца звісалі лахманы, пад імі — мешаніна. Некаму куля, мабыць, патрапіла ў міну, якія заўжды наўючвалі на ўсіх, хто ішоў. Ротны, лейтэнант Сяргей Курдзюк з Ташкента ляжаў на спіне са сціснутымі кулакамі. Упоперак грудзей — паласа дзірак ад куляў…
— Выразна памятаю, — згадваў далей Князеў, — жудасную карціну: пяцёра ці шасцёра хлопцаў ляжалі покатам — там, дзе напаткала іх смерць, усіх разам. Мы перапраўлялі трупы як у сне, механічна. Выгляд целаў быў жудасны.
Усю ноч не спынялася гэтая пахавальная праца, салдаты літаральна поўзалі па пляцоўцы, шукаючы рэшткі загінулых; на супрацьлеглым беразе іншыя збіралі тых, каго накрыла смерць сваім вогненным крылом на адкрытай сцяжыне.
Спіс, складзены Мікалаем Мікалаевічам, — сапраўды інтэрнацыянальны: разам склалі галовы беларусы, рускія і ўкраінцы; таджыкі, узбекі і малдаване; казах, башкір і латвіец. Дзясятым пазначана прозвішча нашага земляка.

У пасёлку Дружба і на мосце Дружбы

9 мая 1984 года. Краіна святкавала чарговы Дзень Перамогі.
І ў Вялікую Айчынную, і ў Афганскую сваякі чакалі лісты ад салдат з фронту і баяліся, быццам праклёну, казённых, падпісаных чужой рукой…
… Тыя лісты прыйшлі ў пасёлак Дружба адзін за адным.
Мікалай пісаў проста і аптымістычна:
“… Лідуся міленькая, беражы сябе і дзетак. Я хутка прыеду да вас у водпуск…”
Ваенкам — мудрагеліста і песімістычна:
“Са смуткам паведамляю Вам аб тым, што Ваш муж, прапар-шчык Мароз Мікалай Іванавіч, пры выкананні баявога задання, верны ваеннай прысязе, праявіў стойкасць і мужнасць, загінуў 30 красавіка 1984 года”.
Па нейкай злой іроніі лёсу пахавальны ліст накіраваны 11 мая — дзень у дзень праз пяць гадоў, як Мікалай Мароз быў прызваны ў Савецкую Армію…
Родным давялося за яго атрымоўваць пасмяротныя ўзнагароды: баявы ордэн Чырвонай Зоркі, медаль “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа” і грамату Вярхоўнага Савета СССР.
Гэтую грамату напярэдадні новага 1989 года падпісаў старшыня Прэзідыума Міхаіл Гарбачоў. Ужо было вядома: Абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў, аснову якога складала 40-я армія, канчаткова пакідае межы “вогненнага Афгана”. Да заканчэння той далёкай-блізкай вайны, што доўжылася 9 гадоў, 1 месяц і 18 дзён, заставалася ўсяго 50 сутак.
У памятны дзень 15 лютага, калі войскі з гонарам міналі мост Дружбы праз Амудар’ю, камандарм Барыс Громаў прамовіў сваю гістарычную фразу: “За мной не засталося ніводнага ваеннаслужачага 40-й арміі”.
Але ўжо чвэрць стагоддзя туды — “за рэчку”, у дні Афганскай вайны — вяртаюцца ва ўспамінах былыя салдаты ды блізкія, родныя кожнага, хто “жывым не вярнуўся з бою”.
На здымках: прапаршчык М.І.Мароз; афганскія пейзажы ў “інтэр’еры” вайны (фота з сямейных архіваў жабінкаўскіх воінаў-інтэрнацыяналістаў).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top