Чалавек і вайна

Чалавек і вайна

IMG_9322Вайна — равесніца чалавецтва. Гісторыкі падлічылі: з часу існавання цывілізацыі на Зямлі адбылося больш за 3000 ваенных канфліктаў. На жаль, Беларусь яны не абміналі ні ў якія стагоддзі. Тым важней асэнсоўваць наступствы ліхалецця. Гэтаму спрыяе і выстава “Гісторыя вайны — гісторыя чалавека”, адкрытая нядаўна ў раённай бібліятэцы.
Наведвальнікі бібліятэкі знаёмяцца з Вялікай Айчыннай — самай цяжкай з войнаў, што перажыў наш народ. І сёння болем у сэрцах аддаецца лёс вёскі Драмлёва — шматпакутнай сястры Хатыні, увекавечанай у мемарыялах і на Жабінкаўшчыне, і пад Мінскам.
Асобная ўвага на выставе адведзена воінам-вызваліцелям. Занатаваны ўспаміны генерала Г.М.Корчыкава, які ў ліпені 1944-га вызваляў Жабінку і наваколлі. Вайна і ў назвах гарадскіх вуліц, што носяць імёны абаронцаў Брэсцкай крэпасці Аляксея Наганава і Івана Зубачова, лётчыкаў-герояў Івана Фя-дзяя і Аляксандра Жмаева, партызан і падпольшчыкаў Лідзіі Базанавай і Міхаіла Чарнака.
Раздзел “Яны прайшлі па той вайне” расказвае пра ветэранаў-землякоў, што пераможна дайшлі да Прагі, Кёнігсберга, Берліна…
Сярод слаўных імёнаў —IMG_9323
кавалеры ордэна Славы Мікалай Дзясяцік, Іван Макарэвіч, Георгій Уласюк, Канстанцін Буснюк.
Апошні з іх некалі ўспамінаў: “Мне падараваны рэдкасны лёс — прайшоў вайну ад першага дня да апошняга і застаўся жывы, хоць смерць неаднойчы кранала мяне сваім ледзяным крылом. Двойчы лавіла мяне куля, тройчы засыпала зямлёй і бітай цэглай”. Але ж ветэран застаўся жыць, уганараваны ордэнамі і медалямі за ратную працу.
Раны-памяткі доўга захоўвалі франтавікі Улас Клімушка і Вольга Андрасюк, дасюль жыве ўспамінамі пра ліхалецце ветэран Уладзімір Саўчук. На выставе знайшлі месца і асабістыя рэчы, узнагароды, фотаздымкі, атрыманыя ад родных салдата Вялікай Айчыннай Паўла Ігнацюка.
Нікога не пакідае абыякавым раздзел выстаўкі, прысвечаны 25-годдзю заканчэння Афганскай вайны. Тут можна пабачыць фотаздымкі з сямейных архіваў былых воінаў-інтэрнацыяналістаў А.В.Яўстратава, В.В.Сіда-рука, М.Р.Пракапчука. На чорна-белых аматарскіх фота — салдацкія будні на афганскай зямлі. Асобнае месца займае інфармацыя пра загінулых. Маладымі засталіся на здымках і ў памяці родных яфрэйтар Валерый Мігель, прапаршчык Мікалай Мароз, старшы лейтэнант Васіль Дудар. Усе яны, прызваныя ў войска з нашай зямлі, у ёй знайшлі і апошні спачын.
Супрацоўнікамі бібліятэкі карпатліва створаны ўнікальныя папкі “Рэха Афганскай вайны”, “Твой страшны след, Афганістан”. Работа па ўзнаўленні базы дадзеных пра воінаў-інтэрнацыяналістаў працягваецца і зараз. Спадзяемся, хутка тут з’явяцца і дадзеныя аб прапаршчыку Сяргею Грудніцкім, нараджэнцы Жабінкаўшчыны (вёсачка Хмялёўка), які таксама склаў галаву ў Афгане.
— На выставе, — расказваюць бібліятэкары, — кожнаму наведвальніку даступныя кнігі, выняткі з часопісаў і газет, мемуары салдат і афіцэраў, сведкаў тых векапомных падзей. Сярод выданняў вылучаюцца змястоўная “На лініі агню: воіны-інтэрнацыяналісты Брэсцкай вобласці ў Афганскай вайне 1979-1989 гг.” і кніга-рэквіем па загінулых “Памяць. Афганістан”.
Збор матэрыялаў працягваецца і сёння: яшчэ так шмат можна захаваць дзеля памяці.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымках:  у Жабінкаўскай раённай бібліятэцы пад час адкрыцця выставы “Гісторыя вайны — гісторыя чалавека”.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top