Гармонія ў міноры і мажоры

Гармонія ў міноры і мажоры

_DSC2415Гарманічныя сем’і падобныя на музычны інструмент, напрыклад, на цымбалы ці арфу: столькі струн, але кожная наладжана пад сваю ноту. І як цудоўна гучыць пад рукою майстра! Самыя складаныя акорды — найбольш меладычныя.
Сям’і Сізаненка амаль 15 гадоў. Засталіся за спінамі прыціркі характараў, з чым напачатку сумеснага шляху сутыкаюцца ўсе пары, вучоба, абуладкаванне быту, і, канечне, нараджэнне дзяцей. Наперадзе, без сумнення, — доўгае і шчаслівае жыццё.
Наталля і Аляксандр пазнаёміліся яшчэ ў школьныя гады. Абое яны з Гомельшчыны. У 2000-ым годзе маладая сям’я Сізаненкаў пераехала ў Жабінку, у кватэру, якую бацькі Наталлі атрымалі як перасяленцы.
На той час Наталля, якая прыйшла ў гэты свет, калі яе мама і тата былі студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта: Міхаіл і Валянціна  вучыліся на фізіка-матэматычным факультэце, ужо працягвала сямейную педагагічную дынастыю. Закончыла з адзнакай дзевяць класаў Харкавіцкай адзінаццацігодкі Брагінскага раёна. Разам з іншымі дзецьмі з чарнобыльскай зоны Наталля штогод пасля 5 — 8 класаў на летніх канікулах выязджала на аздараўленне ў Германію. Таму за чатыры гады добра асвоіла нямецкую гутарковую мову. Праблем з выбарам прафесіі не было: пасля 9 класа паехала ў Мінск паступаць у педагагічнае вучылішча на спецыяльнасць “Нямецкая мова”. Праўда, набору на яе ў той год не было, і дзяўчына перакваліфікавалася — пайшла на дашкольнае выхаванне. У вучылішча яе залічылі без экзаменаў. Пазней закончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна. Цяпер працуе загадчыцай ДУА “Якаўчыцкі дзіцячы сад”.
Аляксандр — нараджэнец Брагіна, з сям’і звычайных працаўнікоў: тата — вадзіцель, мама — бухгалтар. Спецыяльнасць механіка атрымаў у Буда-Кашалёўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, цяпер працуе ахоўнікам у калектыўнай фермерскай гаспадарцы “Берасцейскае”.
Чым спадабаўся Аляксандр Сізаненка дзяўчыне? Прызналася, што для сябе адзначыла яго рамантычнасць, адказнасць, гаспадарлівасць, сумленнасць. Неўзабаве ў сям’ю Сізаненкаў завітаў бусел — нарадзіўся сынок, якога назвалі Сярожкам.
— Не перадаць словамі шчасця, якое адчуў, калі ўпершыню ўзяў на рукі малога, — прызнаецца гаспадар. — Яшчэ больш закахаўся ў сваю жонку, дастойна ацаніў падарунак лёсу. Цяпер стараюся кожны дзень радаваць родных, па магчымасці дапамагаю ў гаспадарчых клопатах. І няхай дома бываю не так часта, як хацелася б,  рэгулярна тэлефаную і цікаўлюся пра справы. Калі Сярожка падрос, жонка пачала працаваць выхавальніцай у Якаўчыцкім дзіцячым садзе.
У 2004 годзе ў маладой сям’і нарадзілася дзяўчынка, усе-агульнай радасці не было межаў. Асабліва папаўнення чакаў трохгадовы хлопчык, які даўно марыў пра сястрычку. Старэйшыя прызналіся, што нараджэнне Алёнкі яшчэ больш згуртавала сям’ю. Дзеці вельмі розныя, вучацца ў першай гарадской школе. Дачка захапляецца музыкай і танцамі. У вольны час абое любяць даглядаць і сваволіць з хатнімі гадаванцамі кошкай Фенечкай, хамяком Хомам, папугаем Кешам.
На маё запытанне: “Якія падыходы ў выхаванні прымяняюць на практыцы?” — Наталля Міхайлаўна адказала: “Выхоўваць трэба не дзяцей, а сябе. Пра гэта недзе чытала ў вядомых людзей. У выхаванні сваіх малых прытрымліваюся гэтага прынцыпу. Бацькі, якія маюць шмат захапленняў, — добры прыклад для дзяцей”. У сям’і Сізаненкаў свае традыцыі: на святы ўсім агулам ездзяць на малую радзіму да бацькоў ці збіраюцца з сябрамі на прыродзе. А што ж для іх сакрэт сямейнага шчасця?
“Сям’я — гэта сем “Я”. І трэба ўмець паважаць, разумець, любіць, цаніць не толькі сваё “Я”, але і “Я” іншых членаў сям’і”, — разважае гаспадыня.
У гэтай сям’і муж і жонка не па-
дзяляюць бацькоўскія абавязкі, гатуе ежу той, у каго ёсць вольны час. У іх заведзена, што пра любоў і каханне трэба не гаварыць, а паказваць гэта ўчынкамі, дзеяннямі. Кожны ў сям’і займаецца сваёй справай, таму ў хаце заўсёды ідэальны парадак. У гадавіну вяселля Наталля і Аляксандр купляюць падарункі, вячэраюць пры свечках. Штогод сям’я ездзіць у парк імя А.Суворава, што ў Кобрыне, у Брэсцкую крэпасць. Гаспадар сямейства — майстар на ўсе рукі: і мэблю збярэ, і машыну адрамантуе. А яшчэ ён цяпер кіруе будаўніцтвам уласнага дома, які ўзводзяць у Шчэгліках.
Словам, сям’я Наталлі і Аляксандра Сізаненкаў — выдатны прыклад шчаслівай ячэйкі грамадства. У ёй прыжыліся ўзаемапаразуменне, давер, павага і, канечне, каханне.
— У чым сакрэт нашага дабрабыту? А яго няма, — сцвярджае Наталля. — Проста цэнім і падтрымліваем адзін аднаго, дапамагаем ва ўсім і радуемся дробязям. Таму наша сям’я і гучыць так гарманічна ў мажорных і мінорных танальнасцях.
Лідзія БАРАДЗІНА, наш няштатны карэспандэнт.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top