Лепшыя ў краіне жывёлаводы

Лепшыя ў краіне жывёлаводы

Untitled-1

Лепшыя ў краіне жывёлаводы

Вызначаны пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва жывёлаводаў за 2013 год. Сярод лідараў нямала прадстаўнікоў Жабінкаўшчыны. Працаўнікі СВК “Рагазнянскі” Святлана Прудзялюк і Ала Віцязь — адпаведна лепшыя сярод галоўных заатэхнікаў і аператараў па вырошчванні буйной рагатай жывёлы пасля 6-месячнага ўзросту. ААТ “Жабінкаўскі” прадстаўлены адразу трыма перадавікамі: у ліку найлепшых заатэхнікаў-селекцыянераў — Кацярына Картаўцава, брыгадзіраў малочнатаварных фермаў — Андрэй Марчук, аператараў машыннага даення кароў — Любоў Сакавец. Таксама адзначаны галоўны ветэрынарны ўрач Сяргей Цімашук і аператар у штучным асемяненні жывёлы Віталіна Тарасюк з СВК “Вазнясенскі”. Сярод лепшых аператараў у абслугоўванні дойнага статка (скотнікаў-пастухоў) — Уладзімір Тунчык з ААТ “Ракітніца”, а ў ліку аператараў-перадавікоў у вырошчванні буйной рагатай жывёлы да 6-месячнага ўзросту — Ніна Міцкевіч з СВК “Хмелева”.

“Бібліятэкі
і патрыятычнае выхаванне”

Пад такой назвай прайшоў у райбібліятэцы “круглы стол”, прымеркаваны да 70-ай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Бібліятэкары раёна расказвалі пра шляхі ўзаемадзеяння ў патрыятычным выхаванні моладзі. Адбылася прэзентацыя выставы “Гісторыя вайны — гісторыя чалавека”. Сярод выступоўцаў — бібліятэкары Сцяпанкаўскай і Азяцкай СБ Ірына Самасюк і Ірына Мароз, якія закранулі пытанні краязнаўства ў бібліятэчнай справе, распавялі пра формы работы ў папулярызацыі гісторыка-патрыятычнай літаратуры. Дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі, святар Сергій Петрусевіч, які прысутнічаў на мерапрыемстве, падараваў бібліятэцы кнігу А.Шацько «Колокола и колокольные звоны православных храмов западных регионов Беларуси» пра званы, што прэзентавалася на выставе ў Брэсце.

Ветэраны будуць тэлефанаваць бясплатна

Як паведаміла спецыяліст РВЭС Таццяна Каралюк, з 1 па 5 ліпеня, у дні святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, кампанія “Белтэлекам” робіць бясплатнымі тэлефонныя размовы ўнутры краіны для ўдзельнікаў вайны з хатніх тэлефонаў, у аддзяленнях сувязі і з выдзеленых тэлефонаў шпіталяў. Зрабіць бясплатны званок можна, набраўшы нумар абанента самастойна ці заказаць яго з дапамогай тэлефаніста: 8-18 (для абанентаў Брэста і вобласці). Акрамя таго, у Беларусі ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны было разаслана больш чым 20 тысяч сэрвісных тэлефонных картак наміналам 16 тысяч тарыфных адзінак, з дапамогай якіх можна патэлефанаваць у розныя краіны. Даведкі можна атрымаць па тэл.: 176, 8 805 100 4444, 153 і 130.

У скарбонцы — “золата”

Рэспубліканская валейбольная спартакіяда сярод школьнікаў адбылася ў Віцебску. Зборная каманда Брэсцкай вобласці, у складзе якой выступалі чацвёра выхаванцаў жабінкаўскай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Данііл і Антон Карпукі, Валерый Андрасюк і Аляксей Каменеў, заваявала “золата”. Валерый Андрасюк яшчэ прыме ўдзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах у пляжным валейболе. Прадстаўнікі каманды ўзнагароджаны дыпломамі І ступені. Трэнер Сяргей Кісляк задаволены іх выступленнем.

У даход дзяржавы

Інспекцыяй МПЗ Рэспублікі Беларусь у Жабінкаўскім раёне сёлета праведзена 7 пазапланавых тэматычных аператыўных праверак суб’ектаў гаспадарання, для высвятлення наяўнасці дакументаў, што пацвярджаюць набыццё (паступленне) таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. У выніку арыштавана іх на 608 мільёнаў рублёў. Так, на аўтадарозе М1-Е30 сумесна з супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў устаноўлена, што вадзіцель аднаго з аўтамабіляў перавозіў 38 рулонаў падкладачнай тканіны на 240 млн. руб. без дакументаў, якія пацвярджалі набыццё тавару.
“Паводле рашэння эканамічнага суда гэтыя матэрыяльныя каштоўнасці накіраваны ў даход дзяржавы, — сказала начальнік аддзела ІМПЗ Рэспублікі Беларусь у Жабінкаўскім раёне Людміла Грузіна. — Вінаватая асоба прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці — штрафу ў 1,5 млн. рублёў”.

Аперацыя “Мак”

У рамках правядзення спецыяльнай праграмы “Мак” супрацоўнікі Жабінкаўскага аддзела Дэпартамента аховы і Жабінкаўскага РАУС ажыццяўляюць сумесныя рэйдавыя мерапрыемствы з мэтай выяўлення пасеваў культур, якія ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы.
На абвадным канале паміж вёскамі Ракітніца і Булькова яны выявілі ўчастак у 600 квадратных метраў дзікарослага алейнага маку. Знішчылі тут яго 300 кілаграмаў. На абочыне дарогі  непадалёку ад Булькова, знойдзены і ліквідаваны алейны мак на 10 “квадратах”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top