Здаровыя і бяспечныя ўмовы — кожнаму

Здаровыя і бяспечныя ўмовы — кожнаму

На выязны раённы семінар па ахове працы былі запрошаны кіраўнікі і спецыялісты гэтага профілю розных сфер дзейнасці. Тым не менш, яны з цікавасцю знаёміліся з умовамі працы і быту работнікаў у суседніх калектывах як дзяржаўнай, так і прыватнай форм уласнасці, параўноўвалі, а магчыма, і бралі нешта на ўзбраенне, каб з часам прымяніць у сябе.
Першым аб’ектам паказу быў раён электрычных сетак. Начальнік прадпрыемства Д.А.Шышчыц расказаў аб структуры арганізацыі, у якой працуе 55 чалавек. Галоўная іх задача — забяспечыць электраэнергіяй насельніцтва, юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў, якія за месяц атрымліваюць 4,5 млн. кілават-гадзін электраэнергіі. І штогод спажыванне яе расце. Выязная брыгада і дыспетчары працуюць у кругласутачным рэжыме, яны аператыўна абслугоўваюць падстанцыі, ухіляюць аварыйныя сітуацыі.
Вядома, праца спецыялістаў РЭС звязана з пэўнай рызыкай для жыцця, тым больш небяспека гэтая не заўжды бачная. Таму сродкі аховы абавязковы “арсенал” выязной брыгады. Д.А.Шышчыц прадэманстраваў штангу, якую выкарыстоўваюць, каб праверыць напругу на лініі, не падымаючыся на апору, і такім жа чынам можна ўстанавіць з зямлі пераноснае зазямленне.
Дарэчы, тут пазнаёміліся з багатай выставай сродкаў індывідуальнай аховы (пальчатак і абутку розных відаў і з рознага матэрыялу, акуляраў і інш.),  а некаторыя і скарысталі магчымасць, каб узяць “каардынаты” арганізатараў.
Паглядзелі прысутныя тэхнічны клас раёна электрасетак. Невялікі, але ўтульны. У ім праводзяцца заняткі ў ахове працы, тэхвучоба. У тэхнічным класе на камп’ютарах устаноўлена праграма “Экзамен”, у якой занатаваны не толькі “спецыфічныя” пытанні электрабяспекі, але й пажарнай, на аўтамабільным транспарце і інш. Любы няшчасны выпадак у энергасістэме краіны аператыўна паведамляецца ва ўсе падраздзяленні гэтай структуры. Адразу на месцах інфармацыя становіцца прадметам абмеркавання.
Дырэктар СТАА “Зодчыдрэў” С.В.Дзенісюк пазнаёміў з прадпрыемствам, якое створана на базе “Мадэрасбудінвест”. Функцыі яго не памяняліся, па-ранейшаму займаецца дрэваапрацоўкай. Аб’ём выручкі — 500 млн. руб. у месяц. Прадукцыя — дошка падлогі, вагонка, дзвярная каробка і інш.
У планах — далейшае расшырэнне прыватнага прадпрыемства,  у прыватнасці, выпуск мэблевых шчытоў. Закупляецца абсталяванне для рэканструкцыі кацельні, якая будзе працаваць на адходах (пілавінне, дровы).
Работа ў цэху дрэваапрацоўкі не лёгкая, і ў гэтым упэўніліся (пыл, шум, вібрацыя). Як паведаміў дырэктар прадпрыемства, сёлета праведзена атэстацыя рабочых месцаў, зроблены надбаўкі да зарплаты за шкодныя ўмовы. Навушнікі, акуляры — без іх немагчыма было б тут працаваць. Вытворчасць выбухованебяспечная. Таму і да курыльшчыкаў строгія патрабаванні — перакуры выключна ў вызначаных месцах.
На тэрыторыі гэтай арганізацыі свае вырабы прадстаўляў райбыткамбінат. Вядучы спецыяліст РКБА Д.К.Крупко і паказвала, і расказвала:
— Шыем спецвопратку для работнікаў розных прафесій, і летнюю, і зімовую. Ёсць і вязаныя рэчы. Немалаважна, што тканіны, якія закупляем для сваіх вырабаў, утрымліваюць 65% — бавоўны, 35% — сінтэтыкі. Гатовыя прапанаваць любы асартымент. Нашы пастаянныя заказчыкі — райсельгастэхніка, ПМК-19, ДРБУ-103, “Зодчыдрэў”, сельгаспрадпрыемствы “Рагазнянскі”, “Ракітніца” і “Хмелева” — ведаюць, што шыем і па індывідуальных заказах. Як патрэбна, можам выканаць іх хутчэй, а калі гэта будзе больш чым 50 вырабаў — зробім скідку.
Пагадзіліся, што выдатныя прапановы. На месцы, у Жабінцы, і якасна, і хутка, і цана прымальная. Тым больш трэба падтрымліваць тутэйшых вытворцаў.
У СВК “Вазнясенскі” прапанавалася паглядзець малочнатаварную ферму “Агароднікі” і механічную майстэрню. Безумоўна, першае, на што звяртаеш увагу, — тэрыторыя, што мяжуецца з гэтымі вытворчымі будынкамі. Не ведаю, хто выступаў тут галоўным дызайнерам, можа, і сама Н.Р.Кандрацюк, старшыня гаспадаркі, але скажу адна-значна: “Малайчына, Надзея Рыгораўна, дзесяць балаў!”. Кветкі, альтанкі, прыгожыя вазонніцы… А чаго вартая падстаўка з алоўкамі!
І нагляднасці знаходзіцца месца на кожным аб’екце. “Самае дарагое — жыццё. Беражы яго,” — заклікае вялікі плакат на тэрыторыі мехдвара. У мехмайстэрні чытаеш: “Спорт — с буквой “о” —сила, с буквой “и”  — могила”. У будынку, дзе праводзяцца перадрэйсавыя агляды вадзіцеляў: “Алкаголь і ваджэнне — несумяшчальныя”.
Што было зроблена, каб стварыць здаровыя і бяспечныя ўмовы працы для работнікаў, якія займаюцца рамонтам тэхнікі? Летась у бытавых памяшканнях мехмайстэрні распачалі рамонт, сёлета яго закончылі. Ёсць бытавы пакой, прыёму ежы, душ, санвузел, а галоўнае — у майстэрні зрабілі ацяпленне. І, як падкрэсліў старшыня райвыканкама Ф.Ф.Калан-чук, прыемна тут будзе знаходзіцца рамонтнікам, важна падтрымліваць усё ў такім добрым стане.
Абсталявалі і вучэбны клас. Галоўны дзяржаўны інжынер-інспектар па ахове працы, транспартнай і пажарнай бяспецы райсельгасхарчу У.М.Гапанюк заўважыў, што ў “Вазнясенскім” набылі камп’ютарныя праграмы навучання для жывёлаводаў, механізатараў па ўсіх відах работ. Перад кожнай сельгаскампаніяй у гэтым класе праводзяць вучобу спецыялісты райсельгасхарчу, іншых службаў, затым — праверка ведаў на камп’ютары.
У ходзе семінара планавалася, каб у СВК “Вазнясенскі” гаспадары падзяліліся вопытам укаранення новых тэхналогій.
— Вось у Агародніках вы бачыце рэканструяваную ферму, — расказвала Н.Р.Кандрацюк. — Праблема была ў тым, што на месцы дзеючых памяшканняў пачыналі будаўніцтва новых. Але адназначна: эфект ад гэтага ёсць. Акрамя таго, што палепшыліся ўмовы працы і быту работнікаў, палепшылася і тэхналогія ўтрымання жывёлы. Напрыклад, нічога не памянялі ў Стаўпах на ферме, толькі перагналі статак у новае памяшканне, малако “паднялося” літаральна на 5 кілаграмаў. Надой у цэлым па гаспадарцы — 21 кг, па ферме “Агароднікі” — 25.
Жывёла на ферме на круглагадовым утрыманні, але, як і летась, яе будуць выганяць на пашу (яна побач). Гэтага патрабуюць тэхналогіі ўтрымання. У суседнім памяшканні сабрана 300 цялушак ад высокаўдойных кароў. “Гэта, — як кажа Н.Р.Кандрацюк, — наша будучае, нашы грошы”.
Тэарэтычная частка семінара прадоўжылася ў актавай зале райвыканкама. Выступілі намеснік старшыні райвыканкама А.П.Грыгарчук, старшы дзяржаўтаінспектар РАУС Р.І.Крупко і першы намеснік начальніка Жабінкаўскага раённага аддзела надзвычайных сітуацый А.В.Харламянкоў. Падагульняючы размову, старшыня райвыканкама Ф.Ф.Каланчук адзначыў, што мэта і задачы раённага дня аховы працы дасягнуты.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.
Фота Ірыны ЖУК.

IMG_0211 IMG_0158 IMG_0191 IMG_0186  IMG_0216 IMG_0252

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top