“Маю дарогу перасякаюць людскія лёсы…”

“Маю дарогу перасякаюць людскія лёсы…”

IMG  жариноваНа пытанні карэспандэнта адказвае памочнік пракурора раёна Таццяна Жарынава.
— Таццяна Валер’еўна, згадайце, калі ласка, пачатак свайго прафесійнага шляху. На чым грунтаваўся ваш выбар?
— Нарадзілася ў звычайнай сям’і ў вёсцы Нівы Бярозаўскага раёна, з двух гадоў жыла ў горадзе Белаазёрск. Ужо з падлеткавага ўзросту марыла стаць юрыстам, таму пасля заканчэння гарадской гімназіі паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на юрыдычны факультэт. Сябры і знаёмыя казалі мне: маўляў, юрыстаў многа, ці знойдзеш сваё месца ў будучым? Я заўсёды лічыла, што магчымасцяў у юрыстаў для працаўладкавання больш, чым у працаўнікоў шэрагу іншых прафесій: і суд, і адвакатура, і пракуратура, і розныя арганізацыі. Пасля другога курса і на пятым праходзіла практыку ў Гро-дзенскай раённай пракуратуры, што дапамагло канчаткова вызначыцца з выбарам прафесіі. Пасля заканчэння ўніверсітэта мая мара збылася: здала экзамен у Генеральнай пракуратуры краіны і ў снежні 2007 года прыехала працаваць у Жабінку, спачатку — стажорам на пасаду памочніка пракурора, а з 2008 года па сённяшні дзень — памочнікам пракурора раёна.
— Ні разу не пашкадавалі аб выбары, не расчараваліся?
— Работа вельмі складаная, але, слова гонару, яна ні разу не расчаравала мяне. Адчуваю маральнае задавальненне. Праца вельмі жывая, звязаная з людзьмі, важная і адказная. За кожнай справай, разгледжанай у судзе, стаіць лёс канкрэтнага чалавека: ці гэта крымінальная справа, дзе чалавек абвінавачваецца ў злачынстве, ці справа грамадзянская, якая вырашаецца з абавязковым удзелам пракурора, — пазбаўленне бацькоўскіх правоў, накіраванне ў лячэбна-працоўны прафілакторый, аднаўленне на рабоце, усынаўленне, абмежаванне ў дзеяздольнасці ці прызнанне недзеяздольным і некаторыя іншыя. Прыярытэтам для органаў пракуратуры з’яўляецца забеспячэнне правоў чалавека і грамадзяніна як найвышэйшай каштоўнасці і мэты грамадства і дзяржавы, да чаго ў сваёй прафесійнай дзейнасці я імкнуся. Маю дарогу пастаянна перасякаюць людскія лёсы, адсюль і адказнасць.
— Памятаеце свой першы працоўны дзень?
— Як жа, на тое ён і першы. З дзяжурнай часці Жабінкаўскага РАУС паведамілі, што ў сваім доме ў пасёлку Ленінскі памёр адзінокі мужчына. Яго знайшлі толькі праз некалькі дзён. Каб выключыць гвалтоўную смерць, у складзе следча-аператыўнай групы я выязджала на месца здарэння.
Што да маіх службовых абавязкаў, дык у іх уваходзіць многае: нагляды за законнасцю судовых пастаноў у крымінальных і грамадзянскіх справах, падтрымка дзяржаўнага абвінавачвання ў судзе, падрыхтоўка іскавых заяў у суд, нагляд за выкананнем заканадаўства крымінальна-выканаўчай інспекцыяй Жабінкаўскага РАУС, за выкананнем заканадаўства аб непаўнагадовых і моладзі, разгляд зваротаў і асабісты прыём грамадзян. Веды і набыты вопыт дазваляюць спраўляцца з абавязкамі. А напачатку было нялёгка. Я ўдзячная за практычную дапамогу былому пракурору раёна Аляксандру Ціханавічу Дзягелю, з якім удзельнічала ў судовых пасяджэннях, дзе разглядаліся складаныя крымінальныя справы. З ім таксама выязджала на месцы здарэнняў, з яго вопыту спазнавала тактыку допыту і г.д.
— Якіх паказчыкаў у рабоце ўдалося дабіцца сёлета раённай пракуратуры?
— Работнікі пракуратуры раёна штогод вялікую ўвагу надаюць каардынацыі дзейнасці ўсіх праваахоўных органаў у супрацьдзеянні карупцыі. Праводзяцца праверкі выканання Закона “Аб барацьбе з карупцыяй”. Так, парушэнне працэдуры дзяржаўных закупак выяўлена сёлета ў райжылкамунгасе. Устаноўлены факты выезду работнікаў прадпрыемства за мяжу ў рабочы час, у прыватнасці — на торфабрыкетным заводзе “Гатча-Осаўскі”.
З пачатку 2014 года пракурорскімі работнікамі праводзіліся праверкі захаванасці і выкарыстання маёмасці. Парушэнні выяўлены ў СВК “Шпіталі”, у раённым спажывецкім таварыстве. Вялікая ўвага, як заўсёды, надаецца прафілактыцы п’янства і барацьбе з гэтым злом: работнік на працы ў стане алкагольнага ап’янення — па-ранейшаму нярэдкасць.
Пад асаблівым кантролем забеспячэнне правоў непаўнагадовых. Ва ўстановах адукацыі выяўлены парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства, заканадаўства пры рабоце з дзецьмі-інвалідамі, якія выхоўваюцца ў няўдалых сем’ях, а таксама парушэнні ў патранатным суправаджэнні выпускнікоў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Праведзена таксама праверка выканання заканадаўства ў абароне жыллёвых правоў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без догляду бацькоў. Пракуратурай вынесены два пратэсты: на рашэнне Жабінкаўскага райвыканкама і Ленінскага сельвыканкама. Так, у парушэнне дзеючага заканадаўства рашэннем райвыканкама сірата Д. была пастаўлена на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэніі жыллёвых умоў з даты падачы ёю заявы, г.зн. з 25.11.2013 года. Мерамі пракурорскага рэагавання жыллёвыя правы яе былі абаронены, у рашэнне ўнесены адпаведныя змены, і Д. на сённяшні дзень стаіць на ўліку з 16.08.2010 года — з часу ўстанаўлення статусу дзіцяці-сіраты. Сёлета работнікі пракуратуры раёна прынялі ўдзел у разглядзе судом ужо 28 крымінальных і 38 грамадзянскіх спраў, у тым ліку звязаных з захаваннем працоўнага, жыллёвага, зямельнага заканадаўства. А ў цэлым назіраецца станоўчая тэндэнцыя. За пяць месяцаў злачыннасць у раёне знізілася на 6,3 працэнта ў параўнанні з такім жа перыядам мінулага года. Зменшылася колькасць злачынстваў сярод непаўнагадовых і асобаў, што знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Адбылося зніжэнне рэцыдыўнай злачыннасці і злачынстваў, здзейсненых групай асобаў, што таксама з’яўляецца паказчыкам работы пракуратуры ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў.
— Некалькі слоў пра тых, з кім працуеце поруч, і, як вынікае, годна сустракаеце прафесійнае свята.
—Дасягнутыя пос-пехі ў вялікай ступені абумоўлены сапраўдным прафесіяналізмам нашых работнікаў, добрасумленным выкананнем імі сваіх абавязкаў. Ганаруся калегамі, якія з’яўляюцца і настаўнікамі, і добрымі таварышамі, да якіх у любы час можна звярнуцца па дапамогу і на якіх заўсёды можна разлічваць: пракурор раёна Уладзімір Фёдаравіч Кірылюк, яго намеснік Алена Міхайлаўна Сідарук, загадчыца канцылярыі Жанна Мікалаеўна Каралюк. Шчыра віншую іх з прафесійным днём!
— Яны, пэўна, адкажуць вам такой жа шчырай узаемнасцю. А хто вас павіншуе дома, у сям’і?
— Муж Юрый, ён працуе грузчыкам у ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, сын Цімафей, яму тры з паловаю гады, ходзіць у яслі-сад №2 Жабінкі. Ну, і суседзі, няйнакш, — жыхары кааператыўнага дома, дзе мы пабудавалі двухпакаёвую кватэру.
Гутарыла Людміла КОСЦІНА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top