Асвяцілі свята медалі

Асвяцілі свята медалі

IMG_043119 чэрвеня на ўрачыстасці ў ГДК сорак жабінкаўцаў атрымалі з рук старшыні райвыканкама Ф.Ф.Каланчука юбілейны медаль “70 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Узнагарода створана ў адпаведнасці з рашэннем Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД і ўказам Прэзідэнта нашай краіны А.Р.Лукашэнкі.
IMG_0405Пад час цырымоніі ў памяці не аднойчы ўзнікалі малюнкі тых святочных дзён, калі па галоўнай вуліцы шчыльнымі радамі крочылі былыя салдаты Вялікай Айчыннай. Тады было іх многа — заўсёды ўзначальвалі ганаровыя шэсці і калоны… Што згадвалася яшчэ? Як ярка, быццам у люстэрку, зіхацелі сонечныя праменьчыкі на ветэранскіх узнагародах і знічкамі каціліся слёзы ад нялёгкіх успамінаў…
Цяпер прыкметна прарэдзіўся той строй… Тым больш патрэбныя пашана і ўдзячнасць усім, хто вызваляў краіну, каваў у тыле Перамогу, зведаў фашысцкую няволю. Гэта разумеюць на самым высокім узроўні. Таму ва ўсёй краіне напярэдадні Дня Незалежнасці і 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў уручаюцца юбілейныя медалі. У Жабінцы гэтая цырымонія адбылася для чатырох дзясяткаў вельмі паважаных людзей (прыемна было бачыць твары, знаёмыя па матэрыялах, змешчаных у “Сельскай праўдзе”. У іх ліку — Іван Алексіевіч і Зінаіда Баярчук, Аляксей Гумянка і Ярас Казачэнка, Надзея Лашкевіч і Казімір Церпілоўскі, многія іншыя).
У цырымоніі бралі ўдзел старшыня райвыканкама Ф.Ф.Каланчук і старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюк, ваенкам Жабінкаўскага ваеннага камісарыята падпалкоўнік А.М.Ануфрыюк, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі В.М.Шышчыц і прадстаўнік грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” палкоўнік В.Я.Панін.
Пралогам сталі песні ваеннай пары, што гучалі перад пачаткам свята. “Аб агнях-пажарышчах, аб сябрах-таварышах” згадвалася і ў кароткай прамове кіраўніка раёна. Звяртаючыся да ветэранаў, Фёдар Фёдаравіч адшукаў добрыя словы ў адрас тых, хто ваяваў на франтах, у партызанскіх атрадах, хто працаваў дзеля Перамогі, а пажаданні доўгіх гадоў жыцця знітаваў словамі:
— Цяжкія раны вайны проста так не загойваюцца. Для нас вы — напамін пра мінулае, тых часоў сведкі. З надыходзячым святам, Божай вам дапамогі!
Час змяніў і парадак цырымоніі: раней ветэраны самі выходзілі па ўзнагароды, зараз ўдзельнікі ўрачыстасці пайшлі да гасцей, каб уручыць заслужаныя ўзнагароды, чырвоныя гваздзікі і памятныя падарункі. Гэты дзень быў адзначаны двума “металамі”: да серабра іх валасоў далучыўся залацісты водбліск новенькіх юбілейных медалёў.
Апошнія акорды свята зноў былі музычныя: свае песенныя віншаванні дараваў прысутным народны хор “Тонус”, у якім аб’ядноўваюцца пажылыя людзі, улюбёныя ў песенную творчасць беларускай зямлі.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымках: пад час уручэння медалёў “70 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top