Под звездой Спаса

Под звездой Спаса

Пад зоркай Спаса
Юбілеі ярчэй высвечваюць хуткацечнасць нашага часу. Здаецца, толькі ўчора ці заўчора мы першы раз сустрэліся з Леанідам Глушко, а з той сустрэчы праляцела трыццаць гадоў. Столькі ж ведаюць яго і чытачы “Сельскай праўды”. У гэтыя жнівеньскія дні Леаніду Фёдаравічу спаўняецца 70 гадоў. Павіншуем сардэчна старэйшага няштатнага аўтара з яго круглай датай.
У першы дзень пасля яблычнага Спаса ў сям’і Глушко з вёскі Курыцічы Гомельскай вобласці нарадзіўся сын. Назвалі Лёнем. Жыццё, здавалася, угатавала яму шчаслівы, багаты лёс. А выйшла ўсё наадварот. Неўзабаве бацька кінуў сям’ю і перайшоў жыць да другой жанчыны, а, калі Лёню споўнілася дзевяць месяцаў, пачалася самая жудасная вайна.
За дапамогу партызанам фашысты дашчэнту спалілі Курыцічы, і Ксенія Максімаўна з малымі мусіла аж да вызвалення туліцца ў лесе ў зямлянцы. Вобраз “вогненнай вёскі” і маці, якая, нягледзячы ні на што, ратавала сваіх дзетак, засталіся ў яго памяці, і пазней паэт не раз будзе вяртацца да ўспамінаў.
Пасля вайны Ксенія Максімаўна з дзецьмі пакінула родныя мясціны. Выпадак, што здарыўся ў дарозе, лёг у аснову допісу “Белы кубачак малака”. З ім Леанід Глушко ўдзельнічаў у конкурсе, аб’яўленым “Сельскай праўдай”, і быў названы ў ліку пераможцаў.
Правадніца вагона, у якой не было сваіх дзетак, вельмі ўпадабала Ксенінага меншанькага — Лёню. Яна і гушкала, і малаком напаіла, і спаць паклала. Усё прасіла Ксенію Максімаўну аддаць ёй малога, бо як жанчыне будзе жыць з трыма дзецьмі, але ў маці хапіла сіл не раздзяляць сям’ю. Яны аселі ў вёсцы Дубай Столінскага раёна.
Тут Леанід скончыў школу, год працаваў паштальёнам, а пасля паехаў у Краснадонскае вучылішча і тры гады выдаваў вугаль на-гара. Пасля была служба ў войску і праца. Апошнія сорак гадоў жыве ў Кобрыне. Аж да пенсіі працаваў мастаком-афарміцелем.
Дзе б ні жыў, чым бы ні займаўся, Леанід Глушко не мог абысціся без кніг, без вершаў, без пэндзля. Першыя вершы напісаў і надрукаваў у столінскай раённай газеце “Навіны Палесся”. Пасля, як жыў у Краснадоне, паступіў на завочнае аддзяленне народнага ўніверсітэта мастацтваў у Маскве. Яго творы друкавалі “Звязда” і “Чырвоная змена”, “Белорусская нива” і “Беларусь”, “Вожык” і “Вясёлка”,“Заря” і “Народная трыбуна”, “Кобрынскі веснік” і “Сельская праўда”…
Знаёмства з жабінкаўскай газетай адбылося звыш З0 гадоў назад. Я прыйшоў працаваць у “Сельскую праўду”, і мне даверылі выпускаць літаратурную старонку “Плынь”. Адразу сутыкнуўся з праблемай: не ставала твораў і аўтараў. Сталі шукаць таленавітых людзей у школах. Напісаў пісьмо Леаніду. Ён адгукнуўся скора, даслаўшы не адзін-два вершы, а цэлую нізку, дапісаўшы: “Каб было з чаго выбіраць”.
Дагэтуль Леанід Глушко супрацоўнічае з жабінкаўскай раёнкай. І 40-годдзе літаб’яднання “Плынь”, і юбілеі газеты не абышліся без яго віншаванняў. Ён — удзельнік двух апошніх творчых конкурсаў, аб’яўленых “Сельскай праўдай”. Многія творы напісаны так дакладна, зроблены так дасканала, што дакрануцца да іх — значыць, сапсаваць. Тут варта назваць вершы “На бялюткі ручнік”, “Печ”, “Бягуць удалеч паязды…”, “Анёлы памяці”, “Палеская балада” і інш.
Лепшыя паэтавы творы сабраны ў зборніку “А я веру”. Яшчэ ў Леаніда Фёдаравіча ёсць як бы хобі: усе свае творы, якія з’явіліся ад раённых да рэспубліканскіх перыядычных выданняў, ён збірае ў асобныя альбомы. Нядаўна завёў ужо дзясяты (!), які назваў “Пад зоркай Спаса”. Бо верыць, што ў ім будуць творы пра час і пра сябе.
Падышоў сямідзесяты святы Спас у жыцці Леаніда Фёдаравіча. Да юбілею настаўнікі і вучні сярэдняй школы №8 г.Кобрына падрыхтавалі творчую працу “Песні душы і сэрца. Ідэйна-тэматычны дыяпазон паэзіі Леаніда Глушко” і невялікі зборнічак для школьнікаў, зроблены на камп’ютары, “Хай смяюцца нашы дзеці!” На думку аўтараў работы, аб’ектам даследавання паэта з’яўляецца чалавек, свет яго пачуццяў, прапушчаных цераз шчодрае сэрца. Вершы прывабліваюць натуральнасцю, любоўю да жыцця, веданнем народнай творчасці і ўвабралі ў сябе лірызм і грамадзянскія пачуцці, народнае слова і сатыру. Паэзія Л.Глушко мае сваіх прыхільнікаў.
Нягледзячы, што гады два таму Леанід Фёдаравіч перанёс цяжкую хваробу, у яго хапіла сіл вярнуцца да творчасці. Рэдакцыя газеты “Сельская праўда” зычыць свайму няштатнаму аўтару жыццёвага і творчага даўгалецця.
Р.БЕНЗЯРУК.
На здымку: Леанід Глушко.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top