У райвыканкаме

У райвыканкаме

IMG_514920 чэрвеня прайшло чарговае пасяджэнне райвыканкама. Яго вёў кіраўнік раёна Ф.Ф.Каланчук.
Было разгледжана пытанне аб гатоўнасці сельгасарганізацый да ўборкі ўраджаю зерневых і зернебабовых культур. Сёлета ўборачная плошча складае 15340 гектараў. Перад земляробамі пастаўлена задача атрымаць 64000 тон збожжа і 6000 тон зерня рапсу.
Начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.У.Чэрнік паведаміў, як ідзе падрыхтоўка да гэтай важнай для аграрыяў кампаніі. “Тэхнічная гатоўнасць усяго тэхналагічнага комплексу сельгасмашын, дакладная арганізацыя іх працы, улік умоў, рэсурсаў і дастойная аплата за якасць работ — галоўныя складнікі своечасовай і эфектыўнай уборкі. Для гэтага патрэбна заранёў паклапаціцца аб падрыхтоўцы, абслугоўванні і рамонце тэхнікі, а таксама аб забеспячэнні дадатковым абсталяваннем і прыстасаваннямі для работы ў складаных умовах”, — падкрэсліў дакладчык.
Так, на 20 чэрвеня ў гаспадарках і райсельгастэхніцы з 65 зернеўборачных камбайнаў, якія плануецца ўключыць у работу, 60 адрамантаваны і гатовыя да выхаду ў поле. Сярэдняя нагрузка на камбайн складзе 236 га, мінімальная яна ў СВК “Арэпічы” (172 га), максімальная ў ПУАП “Азяты” (295 га). За кожным камбайнам замацаваны грузавы аўтамабіль і 14 — абсталяваны для выканання дзяржзаказу.
Адзначалася, што неабходна праверыць і гатоўнасць сродкаў сушкі збожжа, бо менавіта тут вызначаюцца тэмпы і якасць уборкі пры любых умовах надвор’я. Гаспадаркі плануюць уключыць у работу 14 комплексаў дапрацоўкі зерня. Акрамя гэтага, для сушкі яго ёсць 7 мабільных зернесушылак.
У ААТ “Жабінкаўская райсельгастэхніка” створана 3 звяны для ўборкі саломы. 2 зернеўборачныя камбайны акцыянернага таварыства плануецца ўключыць у работу ў СВК “Вазнясенскі” і ПУАП “Азяты”.
Выканкам паставіў задачу перад кіраўнікамі гаспадарак забяспечыць да 1 ліпеня поўную гатоўнасць зернеўборачных камбайнаў, зернесушыльных комплексаў і іншай сельгастэхнікі, якая будзе задзейнічана на жніве, а таксама падрыхтаваць і прадэзынфікаваць складскія памяшканні, адрамантаваць і зрабіць паверку вагавага абсталявання.
Выканкам заслухаў інфармацыю намесніка старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк аб ходзе выканання плана мерапрыемстваў Праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2013-2015 гг. на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна. Як станоўчы факт адзначалася, што ў першым паўгоддзі сёлета ў параўнанні з адпаведным леташнім перыядам знізілася агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў з 64 да 60. Паменела таксама тых, што здзейснілі непаўнагадовыя (з 4 да 2). Аднак назіраецца рост злачынстваў у грамадскіх месцах (з 7 да 13), а таксама ў сферы сямейна-бытавых адносін (з 1 да 3).
А.С.Ануфрыюк далажыла таксама аб рабоце назіральнай камісіі пры Жабінкаўскім райвыканкаме ў першым паўгоддзі 2014 г. Праведзена 5 пасяджэнняў. Выканкам даручыў назіральнай камісіі працягваць практыку наведвання арганізацый, дзе працуюць асобы, якія асуджаныя да пакаранняў, не звязаных з пазбаўленнем волі.
Апошнім выступіў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама А.А.Старыцкі з пытаннем аб выкананні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” на тэрыторыях Крыўлянскага і Хмелеўскага сельсаветаў. У абмеркаванні прыняў удзел начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў абл-выканкама А.А.Мурашкін. Ён, у прыватнасці, падкрэсліў, што Жабінкаўскі раён, бадай, адзіны ў вобласці, дзе гэтым пытанням надаецца асаблівая ўвага. Яны заслухоўваюцца на пасяджэннях выканкамаў, кантралюецца захаванне заканадаўства аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях, наладжана ўзаемадзеянне ў рамках Праграмы супрацоўніцтва Брэсцкага аблвыканкама з Брэсцкай і Пінскай епархіямі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Такім чынам, канфесіянальная сітуацыя на Жабінкаўшчыне з’яўляецца стабільнай, а дзейнасць зарэгістраваных рэлігійных суполак ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top