Untitled-1Расціць алімпійцаў

VII абласная алімпійская Спартакіяда на прызы Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці, прысвечаная перамозе беларускіх спартсменаў на Зімовай Алімпіядзе ў Сочы, пройдзе 23 чэрвеня. Яна прымеркавана да Міжнароднага Алімпійскага дня, дэвіз якога “Рухайся. Вывучай. Адкрывай”. Удзельнічаюць у Спартакіядзе клубы “Юны алімпіец”. З нашага раёна ў ёй прыме ўдзел дзесяць юных спартсменаў з СШ №3 г.Жабінка, якія з’яўляюцца сябрамі аналагічнага клуба, што выйшаў пераможцам раённага этапу спаборніцтваў.
Урачыстае адкрыццё спартыўнага свята адбудзецца каля стэлы “Алімпійская слава Берасцейшчыны”, што знаходзіцца на вуліцы Маскоўская. У гэтай цырымоніі плануецца ўдзел кіруючых асобаў аблвыканкама, Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці, спартсменаў-прызёраў і ўдзельнікаў алімпійскіх гульняў.
Дарэчы, Брэсцкая вобласць першая ў краіне, дзе праводзіцца алімпійская Спартакіяда сярод клубаў “Юны алімпіец”. Асаблівасць яе ў тым, што ўзнагароджванне пераможцаў праводзяць спартсмены-алімпійцы, а ў праграму, акрамя спартыўных, уваходзіць шэраг агульнаадукацыйных мерапрыемстваў.

Турнір выявіў лепшых

У мінулыя выхадныя ў ФАУ “СК Бадзёрасць” з’ехаліся прадстаўнікі ўсіх чатырох цукраперапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі, каб у штогоднім валейбольным турніры высветліць, чыя каманда лепшая.
У выніку напружанай барацьбы ганаровае званне пераможцы і галоўны прыз заваявалі цукравары з Гарадзеі, другое — у случчан, трэцяе — у скідзельчан. Гаспадары пляцоўкі, на жаль, на апошнім радку турнірнай табліцы.
Пад час уручэння дыпломаў, кубкаў і грашовых прэмій намеснік генеральнага дырэктара завода Аляксандр Васільевіч Еўтуховіч падзякаваў удзельнікам за цікавую гульню. Наперадзе — спаборніцтвы ў боўлінгу, баскетболе і футболе, якія пройдуць адпаведна ў Слуцку, Скідалі і Гарадзеі. А.В.Еўтуховіч пажадаў жабінкаўскай камандзе заваяваць прызавыя месцы ў гэтых відах спорту.

Дыскусія ў бібліятэцы

У своеасаблівы дыскусійны клуб ператварылася прэзентацыя ў райбібліятэцы чарговых кніг прафесара А.А.Чароміна. Маскоўскі аўтар ужо трэці раз на Жабінкаўшчыне (раней прадстаўляў кнігі па гісторыі Тураўскага і Полацкага княстваў). На гэты раз у полі ягонага зроку — надзвычай няпросты ў даследчым плане перыяд пачатку і канца вайны. Вынікам працы стала двухтомная “Праўда аб Вялікай Айчыннай вайне”, якую 18 чэрвеня да-
следчык вынес на суд аматараў гісторыі ў Жабінцы. Бурлівае абмеркаванне кніг паказала, наколькі шматбаковымі могуць быць погляды на мінулае, якой цікавасцю карыстаецца тэма чалавека на вайне і праз 70 гадоў пасля яе завяршэння. Аляксандр Аляксандравіч працягвае серыю кніг, прысвечаных Беларусі. Сёлета ў свет выйдуць яшчэ тры, у тым ліку “Брэст” і “Беларусь”, дзе будуць старонкі, прысвечаныя гісторыі Жабінкі.

Папаўся з алкагольнай прадукцыяй

Пад час сумеснага рэйду супрацоўнікаў групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, участковага інспектара міліцыі і дзяржаўтаінспекцыі Жабінкаўскага РАУС на аўтадарозе Слонім-Відамля быў спынены мікрааўтобус “Форд Транзіт”, кіраваў якім жыхар Жабінкаўскага раёна П. У салоне было выяўлена 1150 літраў фальсіфікаваных спіртных напояў. Начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі, маёр міліцыі Ігар Пастушын расказаў: “Уся партыя, 46 скрынак, у кожнай з якіх знаходзілася па пяць пяцілітровых каністраў, канфіскавана. Гарэлачная прадукцыя, відаць, увезена з тэрыторыі прыгранічных краін. Канфіскаваны тавар знаходзіцца ў райаддзеле на экспертызе”.
Паводле дзеючага заканадаўства, мужчыне пагражае штраф да 100 базавых велічыняў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top