Хто з хадавіком ходзіць?

Хто з хадавіком ходзіць?

IMG_9924
Ёсць у журналістаў простае правіла: пачуў новае слоўца — занатуй і скарыстай пры нагодзе. Новым словам стала “хадавік”, а нагодай — чарговы абласны Дзень падпісчыка, што праводзіўся 10 чэрвеня ў першым гарадскім аддзяленні паштовай сувязі.
Тут жабінкаўцы афармлялі падпіску на чарговы квартал або паўгоддзе на любімыя часопісы і газеты, у тым ліку на “Сельскую праўду”. За падпісной кампаніяй назірала інструктар аддзела эксплуатацыі паштовай сувязі і распаўсюджвання друку брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Таццяна Аляксандраўна Пяйко. Яна куратар у Жабінкаўскім, Маларыцкім, Камянецкім раёнах, да яе штодня сцякаецца ўся інфармацыя, звязаная з падпіскай.
Непасрэдна жыхарам нашага райцэнтра дапамагала ў гэтай справе паштальён А.В.Дулевіч. На абслугоўванні ў Анжалікі Віктараўны вялікі ўчастак №5 (мікрараён райбальніцы), на якім больш за 1200 кватэр. Найбольш “гарачая” пара — падпісная кампанія. Трэба немалы час, каб дайсці да кожнага, даводзіцца наведваць падпісчыкаў і ў выхадныя дні, і вечарам, калі людзі вяртаюцца з працы.
— У мяне на ўчастку — самы большы паказчык па падпісцы на раёнку, — гаворыць паштальён. — Амаль за два гады, што працую, прывыкла да людзей, і яны мяне ведаюць, вітаюць, газеты чакаюць, а яшчэ больш пенсіі.
— Існуе думка, што “Сельскую праўду” выпісваюць і чытаюць у асноўным людзі старэйшага пакалення. Ці гэта так? — паціка-віліся ў паштальёна.
Яна не пагадзі-лася:
—Хто так лічыць — памыляецца.
Тут і прагучала слова “хадавік”. Жанчына зазірнула ў тоўсты сшытак з прозвішчамі і адрасамі падпісчыкаў (гэта і быў той самы хадавік) і дадала:
— Вось глядзіце, дастаткова маладых, хто сябруе з “Сельскай праўдай”. Ёсць нават цэлыя маладыя сем’і, такія як Саўчукі і Старыкевічы з вуліцы Цэнтральная, што цікавяцца жыццём роднага краю. А для гэтага раёнка надзвычай карыснае выданне.
Нібыта ў пацвярджэнне слоў Анжалікі Віктараўны да яе падсела А.М.Бурак. У яе сям’і даўно павялося — мясцовая газета абавязковая. Гэтак рабілі бабуля Вера Іванаўна, матуля Алена Іванаўна, а цяпер такую завядзёнку прынесла ў сваю маладую сям’ю і Аляксандра.
— Выбар сярод мноства газет свядомы — на карысць раённай, — тлумачыць Аляксандра Мікалаеўна. — Бо з яе можна адразу даведацца пра ўсе навіны раёна і прачытаць пра нашых перадавікоў. Вельмі падабаюцца жыццёвыя гісторыі з “Сельскай праўды”, памятаю як захаплялася, чытаючы нумар, прысвечаны Дню Перамогі. У маёй сям’і памятаюць пра лёс прадзядулі Мікалая Васільевіча Гацкевіча, што быў на фронце і памёр хутка пасля вяртання дамоў. Гэтак вайна даганяе чалавека і пасля свайго заканчэння…
Усім, хто пакуль не аформіў падпіску хочацца параіць: не чакайце, калі да вас нехта з хадавіком зойдзе, а самі паспяшайце ў бліжэйшае аддзяленне сувязі і падпішыцеся на “Сельскую праўду”!
Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: паштальён Анжаліка Дулевіч падпісвае на раёнку Аляксандру Бурак.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top