“Козыры” “Еліс-моды” — якасць і хуткасць

“Козыры” “Еліс-моды” — якасць і хуткасць

DSC00179Як вы думаеце, што можа быць агульнага паміж зубным фельчарам і швачкай? Здагадаліся? Каханне! Разважлівы, спакойны Яўген Праліска і рухавая, энергічная Любоў стварылі моцную, шчаслівую сям’ю, у якой  уладараць згода ды каханне, на радасць бацькам падрастаюць сыночкі Антон і Павел і дачушка Валерыя. Мабыць, так і жылі б Праліскі, як і многія сем’і, у працоўных буднях і штодзённых клопатах, каб аднойчы  гаспадыня не агучыла сваю мару — адкрыць уласную швейную фірму. Гэтая ідэя захапіла Яўгена і Людмілу. Пачаліся бясконцыя DSC00189“вылазкі” ў інтэрнэт, пошукі партнёраў і кантактаў, збор неабходных папер.
Нарэшце, яны атрымалі памяшканне на ўскрайку Брэста, знайшлі швачак, сыравіну, заказчыкаў. Аднак першы блін быў, як кажуць, камяком. У халодным, без ацяплення, цэху зімой працаваць было немагчыма. Сталі шукаць іншае месца для любімай справы.
І яно знайшлося. Брастаўчанам Праліскам прапанавалі пустуючы будынак, што знаходзіцца ля мехмайстэрняў ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. Ім спадабалася месцазнаходжанне яго — усяго ў некалькіх хвілінах ад чыгуначнага прыпынку. Каб работнікам было камфортна, устанавілі шклопакеты, кацёл на цвёрдым паліве, завезлі швейныя замежныя машыны. І год таму над уваходам павесілі вялізную шыльду-аб’яву аб запрашэнні на працу швачак.
Так на Жабінкаўшчыне з’явілася яшчэ адна фірма. “Еліс-Мода” дала работу 9 швачкам, а ў перспектыве тут могуць зарабляць грошы яшчэ столькі ж.DSC00158
Што шые “Еліс-Мода”? У асноўным жаночы, мужчынскі і дзіцячы трыкатаж.
— Мы працуем на давальніцкай сыравіне, — расказваў Яўген Святаслававіч пад час “экскурсіі” ў цэху. — Мінская фірма “Марк-ФАРМЕЛЬ” пастаўляе нам ужо раскроеныя мадэлі, а наша задача — сшыць, адпрасаваць, устанавіць запінкі-гузікі, запакаваць і адправіць заказчыку. Як правіла, адной мадэлі атрымліваем не менш 1000 штук.
Зараз, напрыклад, работніцы працуюць над белай жаночай майкай-пола. Гэта — 3600 адзінак. Якраз на месяц работы хопіць…
На маё пытанне, ці не надакучвае шыць што-дзень адно і тое ж, Яўген Праліска запэўніў, што, наадварот, “набіваецца” рука, павялічваецца хуткасць у шыцці, калі робіш аўтаматычна адну і тую ж аперацыю.
… У вялізным цэху за машынкамі ў тры шэрагі сядзяць маладыя жанчыны і строчаць, строчаць, строчаць… Побач з кожнай — горы раскроенай тканіны. Назірала, як хуценька яны спраўляюцца з шыццём, не звяртаючы ўвагі на стракаценне машынак, пахі ад прасавання. Дырэктар “Еліс-Моды” вельмі задаволены прафесійнымі швачкамі Таццянамі Баярчук, Ануфрыюк, Паўлючык, брыгадзірам Янай Ушаковай, якія і вопыт работы маюць, і разрад не ніжэй 4-га. Астатнія швачкі таксама выдатна спраўляюцца з пастаўленымі задачамі. А ў гэтым цэху галоўныя “козыры” — якасць і хуткасць. Прафесійныя швейныя машынкі фірмы “Дзукі” дазваляюць майстрыхам дабівацца абодвух паказчыкаў…
— Тканіна, якую мы атрымліваем, сертыфіцыравана, якасць нашага шыцця заўжды правяраецца, — уключаецца ў размову жонка дырэктара Людміла.— За год работы ад заказчыка не было ніводнага наракання ў наш бок.
Дзе можна купіць пашытае ў “Еліс-Мода”? Ва ўсіх супермаркетах краіны, у тым ліку ў брэсцкім “Еўраопце”.
… Марыць сямейная пара Праліскаў у будучым шыць вопратку ўласных мадэляў. Прынамсі, і раскройны цэх ёсць. А калі ёсць жаданне, сілы, рабочыя рукі, чаму б не паспрабаваць?
Святлана КІСЛАЯ.

На здымках: брыгадзір Яна Ушакова; Людміла Праліска; Таццяна Паўлючук.

Фота аўтара.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top