Як у “Калейдаскопе”?..

Як у “Калейдаскопе”?..

IMG_0090Сёлета ў раёне летнім дзіцячым адпачынкам ахоплены ўсе без выключэння школьныя ўстановы. З дзённым прыбываннем працуюць 12 летнікаў для 505 дзяцей. 11 лагераў, у якіх займаюцца 310 школьнікаў, — кругласутачныя, з іх тры лагеры працы і адпачынку, чатыры — палатачныя. Існуе таксама 27 рознаўзроставых атрадаў, што працуюць па месцах жыхарства, у іх 382 дзіцяці.
Слоўнік тлумачыць: “Калейдаскоп — гэта аптычная прылада, у якой можна паглядзець змену розных каляровых узораў”. Даючы дзіцячаму аздараўленчаму лагеру такую назву, арганізатары імкнуліся разнастаіць жыццё хлопчыкаў і дзяўчынак так, каб іх знаходжанне было цікавым і карысным.
Прыблізна на тры тыдні “гаспадары” лагера “Калейдаскоп” — гурткоўцы цэнтра дзіцячай творчасці. Дэвізам летніка сталі словы рэспубліканскай аздараўленчай акцыі дзяцей: “Разумныя канікулы: адпачывай, развівайся, працуй, загартоўвайся!”
— Мы, па сутнасці, працягваем тую работу, — расказала дырэктар лагера Алена Скрыпка, — толькі цяпер ёсць магчымасць рабіць гэта больш шырока, бо дзеці знаходзяцца ў летніку на працягу дня.
Сапраўды, тут працуюць гурткі: “Залатая саломка”, “Выяўленчае мастацтва” і “Папяровая пластыка”. Кожны выбраў сабе занятак згодна з густам, але на працягу знаходжання ён двойчы памяняе заняткі, каб ведаць, чым цікавым займаюцца суседзі.
— Такой практыкі, — патлумачыла педагог-арганізатар Алена Філіпо-віч, — мы прытрымліваемся не першы год. Пасля лета, калі вельмі спадабаецца, дзеці могуць запісацца і наведваць яшчэ адзін гурток. І такія выпадкі былі…
Арганізатары адпачынку надаюць важнае значэнне выхаванню калектывізму і самастойнасці хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзеці ахвотна і з густам аформілі месца свайго пражывання, самі прыдумалі назвы атрадам: “Дзеці вясёлкі” ды “Вавёркі — нон-стоп!” Такія назвы наўрад ці змаглі б падказаць ім дарослыя?
Пачатак знаходжання ў летніку супаў з 215-годдзем з дня нараджэння А.С.Пушкіна. Быў паход у дзіцячую бібліятэку, супрацоўнікі якой падрыхтавалі вечарыну, прысвечаную вялікаму рускаму паэту. Наведвальнікам прапаноўвалася віктарына “У Лукоморья”, а таксама зрабіць малюнкі да казак Аляксандра Сяргеевіча. І сёння ілюстрацыі Паліны Шырокавай, Кацярыны Ніканоравай, Ганны Бусень ды некаторых іншых — на выставе.
Пабывалі хлопчыкі і дзяўчынкі і ў раённым аддзеле МНС, дзе пазнаёміліся з такой цікавай прафесіяй, як кінолаг, з работай пажарных, прайшла гульнёвая віктарына па бяспецы і захаванні чалавечага жыцця. 12 чэрвеня праведзена экскурсія па нашым горадзе, у ходзе якой падлеткі як бы адкрывалі для сябе сваю Жабінку.
— Пры ўсёй разна-стайнасці, як у сапраўдным калейдаскопе, — гаварыла Алена Скрыпка, — у час знаходжання ў лагеры мы скіроўваем увагу дзяцей на веданне роднага краю. Адна з намечаных паездак — у цэнтр народнай творчасці ў Залуззе. Пабываем таксама ў Ракітніцы і Пятровіцкім лясніцтве. Да сумнай даты пачатку Вялікай Айчыннай вайны — дня ўсенароднай памяці яе ахвяраў — наведаем Малыя Сяхновічы і Драмлёва. Усё гэта служыць патрыятычнаму выхаванню…
Спытаўся ў хлопчыкаў і дзяўчынак, як ім жывецца ў лагеры, і пачуў кароткую фразу:
— Нам тут весела!..
Расціслаў БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top