Спадарожнага ветру вам, выпускнікі!

Спадарожнага ветру вам, выпускнікі!

IMG_9971Здадзены апошнія экзамены. Надышла пара расстання са школай, якая за адзінаццаць гадоў па-сапраўднаму стала роднай, другім домам.
Адзінаццаць гадоў! Гэта даволі вялікі адрэзак часу, але ён праляцеў бы адно імгненне. Здаецца, зусім нядаўна мамы і таты за ручку вялі першы раз у школу сваіх дзетак, для якіх усё там было новае, нязвыклае. А вось сёння яны ўжо юнакі і дзяўчаты, якія развітваюцца са школай.
11-12 чэрвеня на Жабінкаўшчыне ва ўсіх адзінаццацігодках і ліцэі адбыліся выпускныя балі, святы маладосці і прыгажосці, сяброўства і вернасці. Спачатку гарадскія і вясковыя вуліцы былі аддадзены маладым людзям, якія гэтымі днямі атрымлівалі пуцёўкі ў самастойнае жыццё, а потым актавыя залы школ, дзе праводзіліся ўрачыстасці з нагоды ўручэння атэстатаў сталасці. Іх сёлета атрымалі 184 выпускнікі раёна, што на 21 менш, чым летась. Прыемна і радасна, што заслужанае “золата” было ўручана шасці выпускнікам супраць трох у мінулым годзе. Медалі вышэйшай пробы атрымалі Вольга Гацкевіч, Дар’я Масяйчук і Настасся Сідорка — ліцэісткі, Уладзімір Сахарук (СШ №3 г.Жабінка), Таццяна Філіманюк і Кацярына Коўч з Ленінскай і Ракітніцкай школ. Некаторыя выпускнікі акрамя атэстатаў атрымалі і пахвальныя лісты за асаблівыя поспехі ў вывучэнні таго ці іншага прадмета.
Успаміны, перажыванні, эмоцыі і надзеі — усё гэта пераплялося ў адно цэлае на ўрачыстасцях. Шчырыя і ўзнёслыя словы гучалі з вуснаў прадстаўнікоў сённяшняй улады раёна, педагогаў, бацькоў, саміх выпускнікоў. Кожны з іх падкрэсліваў, што зусім нядаўна віноўнікі прыгожай урачыстасці рабілі першыя крокі па Краіне ведаў, а зараз перад імі адкрытыя ўсе жыццёвыя дарогі. Асновай поспехаў на іх стануць, вядома, дасягненні, набытыя ў час вучобы ў школе, а далей залежыць ад таго, як умела і плённа моладзь рэалізуе набытае. А яшчэ выпускнікі абяцалі захаваць у памяці цёплыя і радасныя ўспаміны аб настаўніках, школьных сябрах і не забываць дарогу да другога роднага дома, дзе пазнаёміліся з законамі фізікі і хіміі, гістарычнай, культурнай і літаратурнай спадчынай Беларусі, даведаліся чым багатая зямля беларуская, а таксама замежныя суседзі…
Выпускнікі-2014! Радасць і сум на тварах, позірк надзеі і веры ў вачах. Наперадзе самастойнае жыццё, у кожнага свая сцяжынка. Спадарожнага ветру вам!
Людміла КОСЦІНА.
На здымку: выпускнікі першай гарадской школы Настасся Новікава, Вераніка Мартынчук, Аляксей Мартынчук, Надзея Каштылян, Галіна Пратасевіч, Цімафей Піўчык і Марына Падлеская.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top