Untitled-1

Помнікі патрабуюць клопату

11 чэрвеня ў райвыканкаме прайшло чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Разглядаліся пытанні добраўпарадкавання помнікаў вайсковай славы і ахвяраў фашызму (іх зараз налічваецца ў раёне 45, з гэтай колькасці 27 аб’ектаў утрымліваюць пахаванні воінаў і мірных жыхароў, закатаваных у гады Вялікай Айчыннай вайны). Асобна ўзнімалася праблема неабходнасці стварэння дакументацыі на ўсе без выключэння помнікі, прынамсі, вызначыцца нарэшце з іх балансавай прыналежнасцю (гэтым павінны займацца ўласнікі гісторыка-культурных каштоўнасцяў). На нарадзе адзначалася, што большасць вайсковых помнікаў прыведзены ў належны стан да Дня Перамогі і вызвалення Беларусі. Разам з тым, плануецца аднаўленне абеліска ў вёсцы Агароднікі і скульптуры воіна-вызваліцеля ў райцэнтры, на вуліцы Кірава. Завершана стварэнне патрэбнай дакументацыі на помнік археалогіі “Рэшткі замка” каля аграгарадка Крыўляны, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Аднак яшчэ патрабуецца зрабіць гэта для астатніх дзевяці археалагічных аб’ектаў Жабінкаўшчыны.

“Корч” і па Брэсце прайшоўся

У другі дзень Святой Тройцы многія жыхары і госці горада над Бугам не хавалі свайго захаплення і здзіўлення: упершыню ў цэнтры Брэста ладзіўся народны абрад “Ваджэнне Куста”. Арганізавала імпрэзу, нязвыклую для гараджан, супрацоўнік абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко. На свята былі запрошаны фальклорныя калектывы не толькі Берасцейшчыны, але нават з Рыгі, дзе таксама жывыя народныя традыцыі. Жабінкаўшчыну прадстаўлялі вядомыя аматарскія калектывы: народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” (кіраўнік Н.А.Дырман) і ўзорны дзіцячы гурт “Дараносіца”, якім кіруе загадчыца Хмелеўскага сельскага Дома культуры Т.Д.Грыцук.

Вадзіцелі парушаюць закон,
а бюджэт папаўняецца

Па-ранейшаму дапускаюцца парушэнні заканадаўства на аўтамабільных дарогах. “За май спецыялістамі КП-ПВГК “Федзькавічы” сумесна са спецыялістамі аддзела вагагабарытнага кантролю ў Брэсцкай вобласці было выяўлена 82 цяжкавагавыя транспартныя сродкі, якія рухаліся з парушэннем дзеючага заканадаўства, — сказаў в.а. начальніка КП-ПВГК “Федзькавічы” Сяргей Мікалаевіч Кавалюк. — У рэспубліканскі бюджэт пералічана звыш 262 млн. руб. з мэтай кампенсацыі ўрону, што нанесены дарожнаму палатну. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 223 кіроўцы на суму больш як 380 млн. руб.”.
Як высветлілася, вадзіцелі рухаюцца па дарогах на цяжкавагавых транспартных сродках без спецыяльнага дазволу, а таксама парушаюць рэжым працы і адпачынку.

Згодна з прынцыпам  “адно акно”

За 5 месяцаў падатковая інспекцыя ў Жабінкаўскім раёне паводле прынцыпу “адно акно” выдала фізічным асобам 28 даведак. Асноўная частка зваротаў (25) датычылася адміністрацыйнай працэдуры 18.3, якая ўключае ў сябе прыняцце заявы аб заліку (вяртанні) лішне заплачаных падаткаў, збораў, пеняў. Па адміністрацыйнай працэдуры 18.6, што ўключала выдачу даведак аб аплаце падаходнага падатку з фізічных асобаў, зямельнага і падатку на нерухомасць у адносінах адчужэння аб’екта нерухомай маёмасці выдадзена 3 даведкі, па запытах іншых дзяржаўных органаў — 13. Усе звароты разгледжаны ў вызначаныя заканадаўствам тэрміны і задаволены поўнасцю, скаргаў не было.

Акцыя здароўя

10 чэрвеня на Брэстчыне стартавала акцыя “За здаровы лад жыцця”, якая праходзіць у рамках падрыхтоўкі і правядзення Х Міжнароднай выставы-кірмашу “Садзейнічанне здароваму ладу жыцця-2014”.
Пад час яе на Брэстчыне, у тым ліку і ў нашым раёне, будуць арганізаваны кірмашы здароўя, “круглыя сталы”, Дні адкрытай інфармацыі, сустрэчы з людзьмі, якія вядуць здаровы лад жыцця, тэматычныя конкурсы, віктарыны, выставы малюнкаў. Падтрымаць акцыю, якая завершыцца 10 верасня, стаць актыўным яе ўдзельнікам дзеля ўласнага здароўя  павінен кожны свядомы чалавек.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top