Лечыць і спявае ад чыстага сэрца

Лечыць і спявае ад чыстага сэрца

IMG_9964У любой сферы жыцця-дзейнасці неабходныя высокакваліфікаваныя спецыялісты. Асабліва ў медыцыне, дзе ад прафесіяналізму людзей у белых халатах, іх вопыту і ведаў залежыць здароўе, а часам і жыццё чалавека.
Да такіх адносіцца загадчыца Агароднікаўскага фельчарска-акушэрскага пункта Лідзія Паўлаўна Галавейка, якая з 1988 года клапоціцца пра здароўе механізатараў і жывёлаводаў, спецыялістаў СВК “Вазнясенскі” і іх дзяцей. Аднолькава ўважліва ставіцца да хворых розных узростаў, спачувае пажылым. Маленькіх пацыентаў шкадуе і дапамагае бацькам гадаваць іх здаровымі. Цяпер вясковая доктарка абслугоўвае звыш 1180 чалавек. Так многа, таму што часова яшчэ на паўстаўкі працуе загадчыцай Маціевіцкага ФАПа. Ёсць сярод іх хлопчыкі і дзяўчынкі: да аднаго года іх 8, да трох — 57. Ім, вядома, увага і клопат асаблівыя.
— Заўсёды на працу іду з добрымі думкамі, веру, што ўсё атрымаецца, з любымі непрадбачлівымі цяжкасцямі спраўлюся, — гаворыць Лідзія Паўлаўна. — Пакуль усё ўдавалася. Стараюся кантактаваць з кожным пацыентам, праблемы “ўжыцца” не бывае. Акцэнт у працы раблю на ўменне стрымліваць сябе і выбачаць іх пэўныя заўвагі ці незадаволенасць. Усялякае здараецца ў хворага: і настрой дрэнны, і дома нешта адбылося. Нельга ўсё ўспрымаць у штыкі, востра рэагаваць. Ніколі ў душы нікому зла не жадаю, як бы чалавек сябе не паводзіў.
Вяскоўцы яе разумеюць, адносяцца з павагаю, добразычліва і гавораць як пра спецыяліста-прафесіянала. Гэта не проста фельчар, а сямейны, шырокага профілю, універсальны спецыяліст. Яна ў абслуговай зоне ў адной асобе і тэрапеўт, і педыятр, і хірург, і хуткая дапамога. Заканчэнне рабочага дня для яе не азначае завяршэнне працы. Медыцынская дапамога можа тэрмінова спатрэбіцца ў любы час сутак. Але вясковы фельчар ніколі не наракае на гэта, таму што ў прафесію прыйшла свядома.
Яшчэ ў пятым класе дзяўчынка вызначылася з ёю. Часта хварэла мама, а малой так хацелася бачыць яе вясёлай, радаснай, здаровай. Без усялякіх цяжкасцяў паступіла ў Брэсцкае медвучылішча.
— Прафесія фельчара — гэта маё прызванне, нікім іншым сябе не ўяўляю, — гаворыць Лідзія Паўлаўна. — Хоць, як і ў іншых спецыялістаў, у медыкаў ёсць многа праблем. Асабліва цяжка гля-дзець на людзей, калі ты стараешся ім дапамагчы, але гэта ўжо немагчыма. У такім выпадку шукаю мудрыя словы падтрымкі.
Дарэчы, Лідзія Паўлаўна нараджэнка палескай Іванаўшчыны. Выхоўвалася ў шматдзетнай сям’і. Бацькі Ніна Нікіцічна і Павел Сідаравіч гадавалі шасцёра дзяцей, самі працавалі ў калгасе. Вёска Глінна размяшчалася на беразе Днепра-Бугскага канала. Дзяўчына вельмі любіла гэтыя жывапісныя мясціны. У школе захаплялася спортам, за што атрымлівала граматы, а яшчэ вельмі любіла спяваць, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці.
З дзіцячым захапленнем не развіталася і ў самастойным жыцці. У медыцынскім вучылішчы ўдзельнічала ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, у лыжных гонках, нават за вобласць выступала ў шматбор’і. У хоры медыцынскай установы была салісткай. Актыўна сябравала з мастацкай самадзейнасцю і пазней, калі прыехала на Жабінкаўшчыну.
— Удзельнічаць у цікавых мерапрыемствах — гэта здорава, — расказвае Лідзія Галавейка. — Нічога добрага не бачу ў тым, каб сядзець ля тэлевізара і пультам пераключаць з аднаго серыяла на другі. Выйдзеш у людзі, пра нешта цікавае ад іх пачуеш.
Лідзія Паўлаўна і Сяргей Уладзіміравіч выгадавалі чацвёра дзяцей, маюць ужо двух унукаў. Каб быць паспяховай, шчаслівай, жанчыне самой трэба аб гэтым клапаціцца, ствараць у доме ўтульнасць і сямейную цеплыню, шчырасць.
З гераіняй нататкі сустракалася напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў. З нагоды гэтай падзеі Лідзія Паўлаўна Галавейка заўважыла, што медработнікі ў асноўным жанчыны. А яны, як тая кветка, “раскрываюцца”, калі атрымліваюць “пажыўныя рэчывы”, — камплементы і ўвагу. І няхай сёлетняе прафесійнае свята не будзе выключэннем для жанчын у белых халатах.
Лідзія ІВАНІХІНА, наш няштатны карэспандэнт.
На здымку: на прыёме ў фельчара Лідзіі Паўлаўны Галавейка Максім Пікалюк.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top