Два партрэты ў медычным інтэр’еры

Два партрэты ў медычным інтэр’еры

IMG_9946Самае вялікае аддзяленне ва УАЗ “Жабінкаўская цэнтральная раённая бальніца” — тэрапеўтычнае. Тут ужо шмат гадоў працуюць працэдурныя медсёстры Вольга Анікіна і Ірына Гарбачова. З імі сустрэўся напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў, каб глыбей пазнаёміцца і расказаць чытачам.

І

Май для Вольгі Яўгенаўны Анікінай — заўжды святочны. Па-першае, у ім штогод яна адзначае народзіны, па-другое, у гэтым месяцы — Дзень медыцынскай сястры — свята прафесіі, якой прысвечана жыццё.
Жанчына прыйшла ў свет у Расіі, у славутым Курску. З маленства любіла школу. Нават марыла, што некалі вернецца ў родную СШ №2 настаўніцай. Мела добры атэстат, спрабавала мару здзейсніць, ды не хапіла нейкіх балаў.
— Кардынальна памяняла напрамак, — гаворыць з усмешкай Вольга Яўгенаўна, — хацела ў пед, а патрапіла ў мед! Час быў няпросты, дзевяностыя гады: змена сцягоў, уладаў, што найгорш — адносінаў паміж людзьмі. У тых “жорнах” многім было складана. Нават хацела — быў такі момант — кінуць вучобу, ды мама Вера Аляксееўна настаяла, дзякуй ёй за гэта.
Пасля Старааскольскага медвучылішча, што на Белгародчыне, — першае месца працы — гарбальніца №1 у Старым Асколе, медсястра ў траўматалогіі. Неўзабаве сустрэла сваю другую палавінку: Андрэй Анікін быў з Жабінкі, працаваў вадзіцелем.
У чэрвені 1997-га маладая сям’я, дзе ўжо гадавалася дачка Карына (дарэчы, сёлета дзяўчына выпускніца, і перад ёй — вялікі шлях, магчыма, падобны на той, якім прайшла матуля), пераехала на мужаву радзіму. Тут нарадзілася малодшая Паліна, што закончыла
1 клас СШ №1 г.Жабінка. Пра малодшую Вольга Анікіна гаворыць з захапленнем:
— Яна — найлепшая ў класе чытальніца: 140 слоў у хвіліну! Апошні раз, калі настаўніца правярала тэхніку чытання, — тэксту не хапіла!!! І галоўнае, мы й не заўважылі, як навучылася: аднойчы ўзяла з паліцы дарослы дэтэктыў і — пачала…

ІІ

Калі Вольга Анікіна — першая ў родзе, хто абраў няпростую, але такую важную прафесію медыцынскай сястры, дык Ірына Іванаўна Гарбачова — прадаўжальніца сямейнай традыцыі.
Некалі была медсястрой у Светлагорску цёця Настасся Васільеўна Манькова. Зараз шчыруе на гэтай ніве ў Гомелі Антаніна Іванаўна Дзядова. Для калегаў і пацыентаў яна старшая медсястра, для Ірыны — проста старэйшая сястра. Жывыя прыклады былі заўжды перад вачамі, існавала і ўпэўненасць з юнацкіх гадоў, што медыцына — гэта яе, Ірыніна, наканаванне. Аднак перад тым як апрануць белы халат, малодшая ўсё ж параілася са старэйшай, і Антаніна сястрычку падтрымала.
Ва ўспамінах Ірына Іванаўна міжволі вяртаецца ў апошняе школьнае лета.
Быў 1986-ы, чарнобыльскі год, калі для дзяўчыны і яе аднакласнікаў з Веткаўскай СШ №1 прагучаў апошні званок. Яшчэ раней трывожным звонам для ўсяго свету стала аварыя на ЧАЭС. Пасля выбуху пачалася эвакуацыя, у Ветцы засталіся толькі выпускнікі — здаваць экзамены. Дзяўчына па прыкладзе старэйшай сястры падала дакументы ў Гомельскае медвучылішча і праз год і дзесяць месяцаў вярнулася дамоў — у Веткаўскую цэнтральную райбальніцу ў якасці медсястры рэанімацыйнага аддзялення. Працаўнікоў у краі, ахопленым атамнай бядой, не хапала, даводзілася працаваць адначасова і ў хірургічным аддзяленні.
Паваротным у лёсе стаў 1991 год. У ім склалася сям’я з Аляксандрам Гарбачовым, буравіком-нафтавіком, што працаваў на поўначы Расіі. Восенню, яшчэ ў Ветцы, у іх нарадзіўся першынец Арцём, а Новы год маладая сям’я сустракала ўжо ў Жабінцы, куды пераехалі па адсяленні. Тут нарадзіўся другі сын Віталь.
Першым месцам працы ў нашым горадзе для Ірыны Гарбачовай стаў кабінет медстатыстыкі ў райбальніцы, куды штодня сцякаліся шматлікія да-дзеныя, звязаныя з аховай здароўя на Жабінкаўшчыне.
— Аднак мне хутка стала зразумела, — гаворыць жанчына, — што праца з паперамі — гэта не маё, хацелася практычных спраў.
Што хацелася — тое з часам і збылося: з 1997-га і па сённяшні дзень Ірына Іванаўна Гарбачова — працэдурная медсястра ў тэрапеўтычным аддзяленні.

ІІІ

Абедзьве нашы гераіні гэтак прызнаюцца ў любові да сваёй справы:
— Калектыў у нас добры, зладжаны і чулы. Праца падабаецца, ды вельмі шмат яе: працэдуры і ін’екцыі, аналізы і кропельніцы… Аддзяленне вялікае — два паверхі, 60 ложкаў, запаўняльнасць звычайна высокая. У кожнага пацыента свой характар — да ўсялякага патрэбны свой падыход: і клапатлівы, і строгі адначасова. Так, працы — мора.
І тое “мора” кожную змену даводзіцца “пераплываць”. Тым больш душу грэе, калі чуюць медсёстры ветлівыя словы ад людзей, якім некалі дапамаглі, і падзякі ад тых, каму цяпер дапамагаюць. Бывае, канечне, і на вуліцы спыняюць, але ж часам і не пазнаюць без белага халата ды павязкі на твары… Прывыклі жабінкаўцы сустракаць нашых суразмоўніц у медычным інтэр’еры.
Напярэдадні прафесійнага свята яны зычаць калегам:
— Кахання, шчасця і ўдачы!!!
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: медыцынскія сёстры Ірына Гарбачова і Вольга Анікіна.

Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top