Месячнік добрых спраў

Месячнік добрых спраў

IMG_9598 копияУ валанцёрства — высакародныя мэты. Прыемна, што да яго далучаецца моладзь, школьнікі. Асабліва актыўныя вучні-валанцёры трэцяй гарадской школы, якія пад кіраўніцтвам завуча Галіны Сцяпанаўны Бурко маюць на сваім рахунку досыць добрых спраў.
Толькі што завяршыўся рэспубліканскі месячнік, які ладзіўся пад дэвізам “Год актыўнага валанцёрства”. У яго рамках юныя сябры Чырвонага Крыжа правялі шэраг запамінальных мерапрыемстваў. У іх ліку — святкаванне дня нараджэння арганізацыі; акцыя, прымеркаваная да Дня памяці людзей, што загінулі ад СНІДу; мерапрыемствы з нагоды 150-ых угодкаў гуманітарнай дзейнасці, якую праводзяць дабрачынныя арганізацыі Чырвонага Крыжа ва ўсім свеце. А ў апошні майскі дзень на вуліцы Жабінкі выйшлі валанцёры, каб прапагандаваць здаровы лад жыцця і выступіць супраць шкодных звычак у Сусветны дзень без тытуню.
Сярод напрамкаў валанцёрскай дзейнасці — дапамога сіротам і дзецям, што засталіся без бацькоўскай апекі.
— Як высветлілася, — расказвае старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Таццяна Мікалаеўна Пархімовіч, — ажно 14 такіх выхаванцаў вучацца ў Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнат. Вырашылі кожнага з іх атуліць клопатам, дапамагчы сваёй увагай і ўручыць падарунак.
З гэтай мэтай завіталі найперш у патранажныя сем’і. (Сутнасць патранату: пэўныя жабінкаўскія сем’і бяруць да сябе дзяцей-сірот і тых, якія засталіся без апекі бацькоў, на выхадныя, святочныя дні, пад час канікулаў). З пачатку гэтага года для дзяцей са школы-інтэрната ўтварыліся тры новыя патранажныя сям’і: Вольга Мікалаеўна Бялецкая ўзяла да сябе другакласніцу Сашу Кузняцову, Раіса Фёдараўна Шыдлоўская — 10-класніцу Вікторыю Лісаф’еву, а ў сям’ю Арышчукоў уладкаваліся адразу двое выхаванцаў — вучаніца 4-га класа Даша Калуцкая і васьмігадовы Антон Панкоў. У Паўла Аксенцьевіча і Святланы Клімаўны (яна, дарэчы, сацыяльны работнік) і сваіх чацвёра — Марына, Наталля, Аксана, Багдан, а з мая да вялікай сям’і часова далучыліся і Даша з Антонам.
Малыя з радасцю сустракалі прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа, шчыра дзякавалі за падарункі, паднесеныя з клопатам і любоўю.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: патранажную сям’ю Арышчукоў, у якой выхоўваюцца Даша Калуцкая і Антон Панкоў, наведалі прадстаўнікі Чырвонага Крыжа.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top