Закон о борьбе с коррупцией обязывает

Закон о борьбе с коррупцией обязывает

Закон аб барацьбе з карупцыяй абавязвае
Праведзены раённай пракуратурай аналіз эфектыўнасці прафілактыкі карупцыі сведчыць, што, нягледзячы на шэраг прынятых прававых і арганізацыйна-практычных захадаў, у рабоце праваахоўных і іншых органаў у гэтым напрамку па- ранейшаму ёсць недахопы. Намаганні накіраваны пераважна на выяўленне карупцыйных злачынстваў, якія не з’яўляюцца вялікай грамадскай небяспекай. Факты ж старанна запланаванай злачыннай дзейнасці карумпаваных адказных асобаў з выкарыстаннем імі сваіх паўнамоцтваў не раскрываліся. На працягу доўгага часу ў нашым раёне не выяўляліся такія злачынствы, як хабарніцтва, злоўжыванне службовым становішчам.
Не надаецца належная ўвага выкананню заканадаўства аб адказнасці за скажэнне дадзеных дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці, хаця за прыпіскамі могуць утойвацца крадзяжы, незаконнае і неэфектыўнае выдаткаванне бюджэтных і іншых сродкаў. Жабінкаўскім раённым аддзелам статыстыкі на працягу трох гадоў да адміністрацыйнай адказнасці за скажэнне статыстычных дадзеных не прыцягваўся ніводзін чалавек. Між тым праверкаю, праведзенаю пракуратурай у лютым гэтага года ў ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”, быў выяўлены факт такога скажэння пры разліках з пастаўшчыкамі: не была адлюстравана пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць. За гэтае правапарушэнне паводле пратакола пракурора раёна галоўны бухгалтар прадпрыемства В.М.Хадзькова раённым судом прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці.
Прыгаворам суда Жабінкаўскага раёна ад 14.07.2010г. паводле васьмі эпізодаў службовага падлогу асуджана Г.В.Глебік. Займаючы пасаду старшыні прафсаюзнага каміта ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод», яна на працягу доўгага часу злоўжывала службовым становішчам: без рашэння членаў прафкама яна ўносіла ў пратаколы пасяджэнняў камітэта хлуслівыя звесткі аб налічэнні сабе прэмій, матэрыяльнай дапамогі і такім чынам атрымала 10 млн. 903 тыс. руб. (урон прафсаюзнаму органу кампенсаваны ў поўным аб’ёме ў ходзе расследавання). Судом ёй прызначана пакаранне ў выглядзе штрафу.
Асноўнаю прычынаю таго, што злачынствы рабіліся на працягу доўгага часу, была адсутнасць ведамаснага кантролю, а менавіта — з боку старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Н.У.Калыбскай. Пры неаднаразовых праверках дзейнасці Г.В.Глебік названыя вышэй факты не выяўляліся, своечасовыя захады для спынення карупцыйных праяўленняў не прымаліся.
Аператыўна-росшукавая дзейнасць праваахоўных органаў — адзін з самых важных інструментаў раскрыцця карупцыйных злачынстваў. Аднак аналіз крымінальных спраў паказвае, што такія злачынствы выяўляюцца не мэтанакіраванымі аператыўна-росшукавымі мерапрыемствамі, а ў выніку рэалізацыі звестак, атрыманых з агульнадаступных інфармацыйных крыніц.
Каардынуючы дзейнасць дзяржаўных органаў у барацьбе з карупцыяй, пракуратура раёна пастаянна робіць дэталёвы аналіз эфектыўнасці прафілактыкі карупцыі, аператыўнасці і выніковасці выкрыцця карупцыйных злачынстваў і правапарушэнняў. На яго аснове прымаюцца меры пракурорскага рэагавання, накіраваныя на ўхіленне выяўленых парушэнняў і прычын, якія іх спараджаюць. Так, пры праверцы выканання антыкарупцыйнага заканадаўства ў Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы ўстаноўлена, што створаная тут камісія прафілактыкі і супрацьдзеяння карупцыі бяздзейнічае.  Сёлета пасяджэнні камісіі не праводзіліся, пытанні папярэджання карупцыі ў сістэме аховы здароўя раёна не разглядаліся, а зацверджаныя мерапрыемствы не прадугледжваюць эфектыўных захадаў. Не разглядаліся пытанні, ці мэтава выкарыстоўваюцца бюджэтныя і небюджэтныя сродкі, як выконваецца заканадаўства пры закупках тавараў, ажыццяўленні работ і паслуг на тэндарнай аснове. Не абмяркоўваліся вынікі ананімнага анкетавання сярод пацыентаў і супрацоўнікаў райбальніцы, праведзенага ў дачыненні да вымаганняў, хабару, пабораў. Мерапрыемствы названага вышэй пераліку носяць фармальны характар, у сувязі з чым ёсць неабходнасць прадугледзець дзейсныя меры ў папярэджанні карупцыйных праяўленняў. Тым болей, што ў раённай бальніцы выяўлены правапарушэнні, якія ствараюць умовы для карупцыі.
13 верасня мінулага года каля 18.20 супрацоўнікамі раённага аддзялення ДАІ быў спынены аўтамабіль, якім кіраваў Д.В.Кунц. Шафёр меў прыкметы алкагольнага ап’янення. Для медыцынскага агляду ён быў накіраваны ў райбальніцу. Урачом-тэрапеўтам А.А.Самкнулавай быў устаноўлены факт алкагольнага ап’янення, і медыцынская сястра К.І.Мацвяюк адабрала ўзоры крыві парушальніка для хімічнага аналізу. Каб пазбегнуць адказнасці за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення, Д.В.Кунц звярнуўся да свайго бацькі, які раней займаў пасаду ўрача-хірурга ў Жабінкаўскай ЦРБ, з просьбаю пасадзейнічаць у замене ўзораў крыві. У выніку А.А.Самкнулава з медсястрой К.І.Мацвяюк замянілі ўзоры крыві, узятыя ў Д.В.Кунца 13 верасня, на ўзоры, пададзеныя на наступны дзень В.М.Кунцам (бацькам), якія і былі накіраваны на судова-хімічную экспертызу. Экспертыза ў падмененай крыві этылавага спірту не выявіла. Такім чынам, урач Самкнулава неправамерна аддала перавагу інтарэсам фізічнай асобы і пасадзейнічала яму, г.зн. зрабіла правапарушэнне, якое стварае ўмову для карупцыі. Між тым гэты факт не з’явіўся прадметам разгляду ні ў камісіі прафілактыкі карупцыі, ні ў медыка-санітарным савеце бальніцы. Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да А.А.Самкнулавай і К.І.Мацвяюк адмоўлена за адсутнасцю складу злачынства. Аднак кіраўніцтву Жабінкаўскай ЦРБ пракурорам раёна ўнесена прадстаўленне. З патрабавання пракурора віноўныя асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
Праверка выканання антыкарупцыйнага заканадаўства ў праектным прадпрыемстве “Жабінкаўская архітэктура” ўстанавіла факт афармлення праекта на будаўніцтва індывідуальнага жылога дома без рэгістрацыі заявы грамадзяніна і без унясення ім платы. Заяўшчык звярнуўся з просьбаю аформіць і зацвердзіць праект дома ў Кобрыне. Праект быў пададзены ім самім на флэш-карце і прадпрыемствам фактычна не распрацоўваўся. Тым не менш начальнік прадпрыемства А.І.Філіманюк даў указанне зарэгістраваць гэты праект як распрацаваны архітэктураю з прысваеннем нумара “Аб’ект 76/12.2008”. Аднак пад дадзеным нумарам прадпрыемствам зарэгістравана распрацоўка праектнай дакументацыі на будаўніцтва жылога дома ў Жабінцы, і заяўшчык на яе — зусім іншы. Зноў жа маем справу з правапарушэннем, што стварае ўмову для карупцыі. Пракурорам раёна А.І.Філіманюку аб’яўлена афіцыйнае папярэджанне пра недапушчальнасць паўторнага парушэння.
Інфармацыю пра вынікі праверак пракуратура накіравала ў раённы выканаўчы камітэт, разам з якой выкладзены канкрэтныя прапановы для актывізацыі і ўдасканалення антыкарупцыйнай дзейнасці. Так, аддзелу ўнутраных спраў райвыканкама неабходна сканцэнтраваць увагу на папярэджванні, выяўленні і спыненні карупцыйных злачынстваў пры прыватызацыі і адчужэнні дзяржаўнай уласнасці, крадзяжу і нямэтавага выкарыстання бюджэтных сродкаў, а таксама ў сферы арэндных, зямельных адносін, дзяржаўных закупак; арыентавацца на выяўленне значных фактаў карупцыі на бюджэтаўтваральных прадпрыемствах, на выкрыццё небяспечных відаў карупцыйных праяўленняў, такіх, як хабарніцтва, крадзеж і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі; на пастаяннай аснове ажыццяўляць мерапрыемствы дзеля якаснага паляпшэння аператыўнай дасведчанасці, удасканальваць узаемадзеянні з органамі, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, і органамі, якія ў ёй удзельнічаюць. Гэтага патрабуюць Закон Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй” і Дзяржаўная праграма барацьбы з карупцыяй на 2007-2010 гады.
А.ДЗЯГЕЛЬ, пракурор Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top