Дзе “Корч” ходзіць…

Дзе “Корч” ходзіць…

IMG_9660 IMG_9679 IMG_9887

“Сонечна і весела ў гэтай вёсцы песеннай”. Гэтак сказана пра Хмелева, дзе ў нядзелю 8 чэрвеня ладзілася вялікае народнае свята “Хмэлёвська Сёмуха”, што адраджаецца пакрысе на гэтай зямлі.
У вялікага свята тры назвы. У кожнай “схаваны” лічэбнік: Тройца (паколькі славяцца ў той дзень і ў царкве, і ў кожнай хаце Бог-Бацька, Бог-Сын, Бог-Дух Святы), Пяцідзясятніца і Сёмуха (бо надыходзіць свята праз 50 дзён або сем тыдняў пасля Велікоднай Нядзелі).
Здаўна ад цэнтра сяла (цяпер ужо аграгарадка) промнямі разбегліся вуліцы. Па іх рушылі, каб вясковыя канцы ў адно цэлае звязаць, самадзейныя артысты. Хто пехатою ішоў, хто на ўпрыгожаны воз залез. Гэтак з песнямі, танцамі, жартамі, народным абрадам “Куст” землякоў віталі самабытныя калектывы — народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” і ўзорны гурт “Дараносіца”. Яны — свае, усім вядомыя.
Але ж свята хутка разраслося, як цеста ў дзежцы, бо да мясцовых артыстаў далучыліся госці блізкія і далёкія: ансамбль “Багуслаўка” з Залуззя (у гэтай вёсцы “Ваджэнне Куста” ладзілі спрадвеку), спраўныя кобрынскія гарманісты, сталічная “Гаманіна” — сапраўдныя фальклорныя агеньчыкі з розных куткоў беларускай зямлі.
Яны з радасцю завіталі амаль на тры дзясяткі падворкаў, дзе гаспадары ахвотна дэманстравалі прыгажосць і шчодрую гасціннасць. На сядзібах вока радавалі чысціня ды парадак. Гаспадыні падрыхтавалі шчодрыя сталы з пачастункамі. Кожная атрымала песеннае віншаванне і галінку, расквечаную каляровымі стужкамі, — гожы сімвал Сёмухі.
За працавітасць і выдумку вяскоўцы мелі таксама каштоўныя падарункі, прыдбаныя за сродкі СВК “Хмелева”, іншых дабрачыннікаў.
Ой жа, нездарма са сцэны гучалі прозвішчы хлебасольных Андрайчукоў і Трафімукоў, Кацэвічаў і Яцэвічаў, Вайцюкоў і Прыдаткаў, ды многіх іншых, хто пацешыў ветлымі словамі і добрымі справамі.
Не забыліся арганізатары і пра повязь пакаленняў, калі ўшанавалі К.І.Пятручыка і С.У.Іванюк. Дарэчы, заўтра Канстанцін Іванавіч святкуе свой 88-ы дзень нараджэння. А жыццё маленькай Сцепаніды Уладзіміраўны вымяраецца пакуль днямі, тыднямі. Сама яшчэ не ходзіць ножкамі, таму падарунак атрымлівалі шчаслівыя бацькі Уладзімір і Людміла Іванюкі.
Усім на свяце зычылі салодкага жыцця, за выключэннем Наталлі і Уладзіміра Трафімукоў. Ім “горка” крычалі. Ну й праўда, самі “вінаватыя”: 20 год жывуць душа ў душу, дзяцей прыгожых і разумных гадуюць, чысціню, парадак любяць — трэба “падгарчыць”!
Калі завадатары свята Наталля Дырман і Таццяна Грыцук задумвалі гэтую імпрэзу, спадзяваліся, што з часам вырвецца іх новая творчая “ракета” на абласную і рэспубліканскую арбіту.
Аднак ужо зараз гэты час, мабыць, надышоў. Бо на “Хмэлёвську Сёмуху” завіталі, каб парадаваць сваім мастацтвам, народны гурт “Аляксандр-парк” з Жабінкі, эстрадная студыя “Норд-стар” з Высокага і гумарыстычны дуэт “Маларыцкія кумы”. Упрыгажэннем святочнага канцэрта былі спевы лаўрэата конкурсу “Звонкая раніца” Каці Крук, цудоўных салістаў — кабрынчанкі Вольгі Жук і Станіслава Касюка з ансамбля “Дабравест” (вёска Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна). Найбольшы шлях на хмелеўскі фэст адолелі госці з Мінска — фіналісты рэспубліканскага конкурсу “Песні маёй краіны”, народны ансамбль народнай песні “Гаманіна” пад кіраўніцтвам Наталлі Сазановіч.
Што ж, як у народзе кажуць: “Дзе “Корч” ходзіць — там усё родзіць”. Традыцыя дакладна нарадзілася. Спадзяемся, і надалей будзе Сёмуха-весялуха ў Хмелеве лета сустракаць.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: на Тройцу ў Хмелеве — на свяце Сёмухі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top