Паважаная рэдакцыя! Вельмі хочацца расказаць пра невялікую, але надзвычай важную падзею ў жыцці нашых дзяцей, якія займаюцца ў ДУА “Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Жабінкаўскага раёна”. Установа працягвае руку падтрымкі хлопчыкам і дзяўчынкам, дапамагае ў няпростым жыцці.
У перадапошні майскі дзень, прыгожы і радасны, для выхаванцаў цэнтра ладзіўся апошні званок. Ён абвясціў пачатак цудоўнай летняй пары і канікулаў для 4 навучэнцаў і 9 выхаванцаў. Незабыўнае свята дзецям і іх бацькам стварылі выхавальніца Таццяна Алегаўна Грынёва, настаўніца Наталля Пятроўна Уварава і іншыя педагогі ўстановы. З нагоды заканчэння навучальнага года з віншавальным словам звярнулася дырэктар Настасся Мікалаеўна Андраюк. Яна зачытала загад аб пераводзе вучняў у наступны клас. Словы падзякі ад імя бацькоў прагучалі з вуснаў Уладзіміра Аляксеевіча Прыхожкі.
Сярод выхаванцаў цэнтра сёлета былі і выпускнікі — Максім Жых і Валерый Лукашэвіч. Яны выхоўваліся ў дашкольных групах “Сонейка” і “Непаседы”. Хлопчыкаў павіншавалі сябры, з якімі займаліся, разам бавілі вольны час. Выхавальнікі ўручылі памятныя альбомы з творчымі працамі саміх выпускнікоў. Мамы Надзея Сяргееўна Жых і Настасся Анатольеўна Лукашэвіч павіншавалі выхавальніц Алесю Аляксандраўну Галаванчук і Надзею Рыгораўну Муха, прамовілі наказ сваім сынам і астатнім дзецям. У будучым навучальным годзе Максім стане першакласнікам, працягне займацца ў цэнтры, а Валера будзе навучацца дома.
Хочацца пажадаць дзецям добрага летняга адпачынку, прыемных сюрпрызаў, здароўя! Цярпення, сіл і ўпэўненасці бацькам!
Ларыса ГАНЧАРУК, в.Вялікія Якаўчыцы.
На здымках: у час апошняга званка ў цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Жабінкаўскага раёна.
Фота Ірыны ЖУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.