“Пеўчае поле” ў Пружанах

“Пеўчае поле” ў Пружанах

DCIM100MEDIA
У Пружанах адбылося свята-конкурс вакальна-харавога мастацтва “Пеўчае поле”, якое заснавана ў гонар славутага земляка Рыгора Раманавіча Шырмы. У ім прынялі ўдзел 35 калектываў, у тым ліку і жабінкаўскі народны хор “Скарбніца”, якім кіруе Ілья Учаеў.
Хачу падзяліцца ўражаннямі ад паездкі на свята. Па прыездзе ў Пружаны ўсіх удзельнікаў сабралі ў жывапісным месцы, у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”, дзе згодна з мясцовымі традыцыямі адбываецца ўрачыстае адкрыццё ўсіх святочных відовішчаў. Найперш гасцей прывіталі ўдзельнікі Пружанскага дзіцячага тэатра моды “Папараць-кветка” ў касцюмах XVIII стагоддзя, потым выхаванцы з раённай школы мастацтваў выканалі танец з ручнікамі. А калі паднялі сцяг музычнага свята-конкурсу і вядучы назваў удзельнікаў “Пеўчага поля” не толькі з Пружаншчыны, але і з Бярозаўскага, Баранавіцкага, Івацэвіцкага, Ляхавіцкага і іншых раёнаў, усе калектывы дружным маршам накіраваліся ад палацыка на гарадскую плошчу, што каля Палаца культуры. Сцэна для спевакоў была абсталявана на адкрытай пляцоўцы, з якой усіх самадзейных артыстаў цёпла вітаў намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец, які сказаў, што трэба шанаваць памяць аб добрых і светлых справах нашых продкаў.
У конкурсе сапернічалі розныя народныя калектывы. Гэта і пружанскія — народны фальклорны гурт “Бабіна лета” Аранчыцкага СДФ, вакальны ансамбль “Амафор” Рудніцкага СДК і аматарскае аб’яднанне “Жывіца” Новазасімавіцкага СДК, народны хор “Вербніца” раённага Палаца культуры, і ансамбль народнай песні “Заранак” Бярозаўскага ГДК, і народны хор “Скарбніца” Жабінкаўскага ГДК, многія іншыя. Сваім песенным майстэрствам радавалі гледачоў вакальныя і фальклорныя групы, узорныя дзіцячыя хары… Мы выступалі пад нумарам 11. Хваляваліся, але парадавалі гледачоў і журы, пра што сведчылі гучныя апладысменты і 2-е месца ў намінацыі “Хары з народнай манерай выканання”, выказванне-пажаданне часцей бачыць на сцэне жабінкаўскіх самадзейных артыстаў. Выконвалі дзве песні: вітальную акапэльную “Белыя росы” і аўтэнтычную “Эх! Выйду, стану на гару”. “Скарбніца” ўзнагароджана дыплом 2-й ступені і падарункам.
Мэта, якую ставіла перад сабой раённае свята-конкурс “Пеўчае поле”, — шанаваць народную спадчыну, спяваць песні сваіх продкаў, каб  было што пакінуць нашчадкам. У такіх песенных конкурсах праглядаецца сувязь розных пакаленняў, здаровае саперніцтва, абмен вопытам, знаёмства з песеннай творчасцю суседзяў.
Алена ЧЫРКУН, метадыст арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай
работы, культуры  і спраў моладзі райвыканкама, удзельніца хору.
На здымку: народны хор “Скарбніца” ў Пружанах.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 3%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top